Вакол старога фотаздымка. 1939 год прынёс для жыхароў Ляхавіччыны карэнныя перамены. 17 верасня на тэрыторыю Ляхавіччыны прыйшлі савецкія войскі, паклаўшы канец раздзелу краіны

Гісторыя саткана з мноства асобных людскіх лёсаў, і кожны такі лёс з’яўляецца ўнікальным і па-свойму цікавым. Таму, складаючы матэрыялы на гістарычную тэму, не трэба пакідаць без увагі ўспаміны відавочцаў апісаных падзей. Так, дзевяноста гадоў таму, у сакавіку 1921 года, быў падпісаны сумна вядомы Рыжскі мірны дагавор, які раздзяліў нашу краіну на дзве часткі. Гэтыя падзеі напрамую датыкнуліся Ляхавіччыны, тэрыторыя якой была далучана да Польшчы. Пра гэты няпросты перыяд успамінае Ванда Марчык, якая нарадзілася ў вёсцы Літва Ляхавіцкага раёна. Нягледзячы на больш чым салідны ўзрост (калі вялася размова ёй было 87 гадоў, прым. аўтара), гэтая жанчына расказвала пра падзеі сваёй маладосці, нібы гэта было ўчора.
Яна вырасла ў простай сялянскай сям’і. Бацька памёр вельмі рана і таму яе маці Эвеліна вымушана была сама ўтрымліваць сціплую гаспадарку, трымала карову і каня. Яна была вельмі веруючай жанчынай, пела ў касцельным хоры. У час Першай сусветнай вайны сям’я з’ехала да сваякоў у Гродзенскую губерню, а вярнулася ў Літву, калі там яшчэ стаялі немцы. Дарэчы, матэрыял для рамонту свайго дома сям’я Пакаленка (дзявочае прозвішча гераіні гэтага расказу) здабывала з узведзеных акупантамі бетонных бункераў. У 1918 годзе кайзераўскія войскі пакінулі Беларусь, аднак хутка пасля гэтага на захадзе нашай краіны была ўстаноўлена польская ўлада. Па словах Ванды Марчык, людзі з Літвы і Дарава жылі ў гэты час вельмі бедна. Каб зарабіць крыху грошай, маці хадзіла ў Баранавічы збіраць зерне на элеватары. Пазней, у трыццатых гадах, польскія ваенныя пачалі будаваць у раёне вёскі Дарава ўласныя ўмацаванні і наймалі на дадатковыя работы мясцовых жыхароў. Эвеліне Пакаленка ўдалося ўладкавацца туды чорнарабочай. Кожны дзень ёй даводзілася займацца цяжкай фізічнай працай, рыць ямы і насіць зямлю. І ўсё ж на выручаныя грошы ёй удавалася купляць сабе і дзецям ежу і адзенне…
Успамінае Ванда Марчык і пра сваіх суседзяў з Літвы: Аляксандра Кіхеля і Вінцэнта Прыступу. Аляксандр быў краўцом, вучыў дзяўчынку ездзіць на веласіпедзе. Вінцэнт у трыццатых гадах адправіўся на заробкі ў Паўднёвую Амерыку і потым, скапіўшы грошай, адкрыў у вёсцы невялікі магазінчык, дзе можна было купіць неабходныя ў гаспадарцы рэчы.
З сямі гадоў Ванда Марчык стала хадзіць у пачатковую школу ў суседнюю вёску Дарава. Урокі праводзіліся на польскай мове, з-за адсутнасці месца першакласнікі займаліся ў будынку касцёла. Дырэктар пачатковай школы па прозвішчы Вуйцік, выкладаў гімнастыку. Ён не быў мсяцовым, а прыехаў у Дарава з сям’ёй з цэнтральнай Польшчы. У дваццатых-трыццатых гадах вёска Дарава была цэнтрам гміны. Тут знаходзіліся збудаванні гміннага ўпраўлення, пошты і паліцэйскага ўчастка. Паліцэйскіх звалі Мітуневіч і Рыбацкі, іх сыны Часлаў і Генрык вучыліся ў школе.
Дарава ў той час было даволі вялікай вёскай, таму тут былі і свае памешчыкі (паны). У адрозненне ад астатніх жыхароў, ім належалі буйныя зямельныя ўладанні. Аднаго з іх – Станіслава Чыжа – Ванда Марчык вельмі добра запамятала, таму што той валодаў небывалай у тыя гады раскошай – матацыклам, дазволіць якую маглі сабе толькі багатыя людзі. Чыж запомніўся яшчэ і тым, што наймаў на сельскагаспадарчыя работы ў сваім маёнтку бедных землякоў. Другога землеўладальніка звалі Мечыслаў Катарбінскі. Ён жыў разам з жонкай і дзвюма дочкамі-школьніцамі – Алінай і Леакадзіяй ва ўласнай сядзібе, пабудаванай у аддаленні ад іншых дамоў.
Сапраўднай падзеяй для жыхароў вёсак Літва і Дарава стала будаўніцтва ў канцы трыццатых гадоў прыхадскога касцёла. Невялікая драўляная каплічка, узведзеная ў 1925 годзе, не ўмяшчала ўсіх жадаючых, і вернікі мелі патрэбу ў новым храме. На збудаванне дараўскага касцёла здавалі грошы амаль усе мясцовыя жыхары, а будавалі яго рабочыя са Сваятычаў. Прыходам у Дарава кіраваў ксёндз Станіслаў Шэплевіч, які карыстаўся сярод сяльчан вялікай павагай.
Як успамінае Ванда Марчык, даваенны перыяд не быў багаты на падзеі. Час быў цяжкі, каб пракарміць сябе, усе былі заняты работай на зямлі. На паездкі ў горад, дзе былі кавярні, кандытарскія і кінатэатры, не хапала ні часу, ні грошай.
1939 год прынёс для жыхароў Ляхавіччыны карэнныя перамены. 17 верасня на тэрыторыю Ляхавіччыны прыйшлі савецкія войскі, паклаўшы канец раздзелу краіны. Па словах нашай субяседніцы, сяльчане добразычліва сустракалі савецкіх воінаў, а тыя, у сваю чаргу, частавалі дзетвару, якая збеглася паглядзець на ўзброеных людзей, салдацкім пайком.
Так закончыўся для жыхароў Літвы і Дарава даваенны перыяд. Хутка пасля гэтага наша гераіня выйшла замуж, а прыкладна ў 1955 годзе пераехала жыць у Баранавічы. Ад тых далёкіх гадоў у яе захаваліся ўспаміны і пажаўцелыя сямейныя фотаздымкі.