Адзінства беларусаў – гэта родны брэнд. 17 верасня ў Беларусі адзначаць Дзень народнага адзінства

У беларусаў многа дат, гісторыю якіх шануюць, перадаюць з пакалення ў пакаленне. 17 верасня – Дзень народнага адзінства. Цяпер гэта дата – сімвал нашага адзінства, моцы духу і веры ў светлую будучыню.

Падзея за падзеяй напаўняе гэты год. Беларусаў самых розных прафесій, поглядаў, меркаванняў, прыхільнасцяў аб’ядноўваюць штодня сотні-тысячы патрэбных спраў, вырашэнне надзён-ных праблем.

Гэты год з’яднаў нас яшчэ мацней, прадэманстраваў сілу і веру ў тое, што сапраўднае народнае адзінства непахіснае перад выклікамі часу. Яно не паддасцца ні на якія правакацыйныя сюжэты, не здрадзіць і толькі ўмацуецца разам са справамі, што суправаджаюць нас. І як жа нам не хапала гэтага дня, які ўвабраў бы ў сябе ўсю моц думак, памкненняў, жаданняў, упэўненасць у незалежнай будучыні беларусаў. 17 верасня – дзень знакавы для кожнага, хто любіць Беларусь.
Наша краіна нават у няпросты час застаецца такой жа міралюбівай, тут утульна жывуць людзі розных канфесій, нацыянальнасцей, такой жа турыстычна прыцягальнай, бо аб’ядноўвае ў сабе жаданне быць адкрытай для ўсяго свету, і гэта наша ўнікальная рыса. Гэты дзень звяжа сюжэты розных стагоддзяў. Менавіта адзінства дазволіла савецкаму народу выстаяць у гады Айчыннай вайны, дазволіла паставіць эканоміку на рэйкі развіцця і перадавога руху. У складаныя часы менавіта адзінства і падтрымка сталі выніковымі ў пераадоленні разрухі. Адзінства сённяшніх беларусаў – гэта таксама брэнд, што ўжо заваяваў увагу міжнароднай супольнасці.
Ляхавіччына даказвае, што адзінствам жывуць і тут. Творчасць аб’ядноўвае: песенны форум стаў пляцоўкай для творчасці артыстаў з розных рэгіёнаў, сёння ў нашу Грушаўку едуць таленавітыя людзі, якія берагуць фальклорную спадчыну, з пакалення ў пакаленне перадаюць тую нябачную ніць, што ашчадна берагуць беларусы з глыбіні часоў. Нашы аўтапрабегі – гэта з’яднанасць у жаданні быць моцнымі і незалежнымі.
А літаральна нядаўна адсвяткавалі раённыя «Дажынкі» – і гэта таксама сімвалічна: у Год народнага адзінства і напярэдадні чаканага Дня народнага адзінства нашы хлебаробы разумеюць важнасць быць і заставацца паплечнікамі, сябрамі, камандай, што дорыць пах духмянага хлеба ў дружнай сям’і беларусаў.
Адзінствам пранізаны і першы ўрок, на які прыйдуць 1 верасня беларускія школьнікі. Менавіта са школьнай парты пачынаецца падарожжа па жыцці, менавіта там прыйдзецца сустрэцца з першымі выклікамі сучаснасці. Як адзначыў Прэзідэнт падчас Рэспубліканскага педагагічнага савета, магчыма, наступны год будзе прысвечаны адукацыйнаму працэсу – стане Годам настаўніка і адукацыі. І гэта будзе вельмі прыгожа, паколькі дзяржаўная ўвага ў гэтай сферы заўсёды асаблівая, бо дзіцячы свет самы непасрэдны, чысты і шчыры.
Нас аб’ядноўвае многае. У адным, дакладна, мы, беларусы, падобны: бязмерна любім сваю радзіму. А цяпер  у нас свой «прафесійны» дзень – Дзень народнага адзінства. Хутка на календары 17 верасня …

Маргарыта КУХТА.