«Разумная» ферма

У Ляхавіцкім раёне настолькі «разумных» жывёлагадоўчых аб’ектаў пакуль няма. Ды і па ўсёй краіне іх вельмі і вельмі няшмат – малочнатаварных фермаў, дзе б статкамі кіравалі камп’ютары. Яны ж у рэжыме рэальнага часу адсочвалі працэс фарміравання правільных рацыёнаў.

У якасці вучэбнай пляцоўкі паслужыла малочнатаварная ферма «Зубелевічы»  ААТ «Нача». За некалькі апошніх гадоў рэканст-
руяваная пад новую, яна і зараз працягвае будавацца. У прыватнасці, амаль у завершаным выглядзе прадстала перад удзельнікамі семінара-вучобы памяшканне, якому ў хуткім часе належыць стаць цялятнікам – прыняць на пастой паўтары сотні галоў маладняку буйной рагатай жывёлы.
На семінар па тэме арганізацыі вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі на МТФ і МТК пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні райвыканкама Васілія Пыжыка былі запрошаны спецыялісты заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў раёна і гаспадарак. З Мінска прыехаў «настаўнік» – прадстаўнік фірмы-дыстрыб’ютара камп’ютарных праграм, якія падрабязна распісваюць сістэму кіравання жывёльным статкам і сістэму кіравання і кантролю за кармленнем жывёлы.
Па словах прадстаўніка дыстрыб’ютара праграмнага забеспячэння, на Брэстчыне падобнага кшталту праграмамі карыстаецца адно з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Пружанскага раёна, вопыт якога паказаў практычную дзейснасць укаранення падобных праграм: павялічылася прадукцыйнасць статка, палепшылася эканоміка жывёлагадоўчага аб’екта і арганізацыі ў цэлым. Спецыялістам і работнікам МТФ,  з аднаго боку, працаваць стала прасцей,  з другога – усе іх памылкі сталі абсалютна «празрыстымі».
Камп’ютарная праграма кіравання статкамі МТФ і МТК дае магчымасць спецыялістам-жывёлаводам фарміраваць любыя з існуючых у іх прафесійным асяроддзі справаздачы – дастаткова занесці ў камп’ютар адпаведныя даныя. З вывадамі і ацэнкамі, зробленымі праграмай, пры жаданні можна азнаёміцца нават з тэлефона. Можна планаваць, адсочваць і кантраляваць увесь працэс даення, лячэння і ўзнаўлення статкаў, вакцынацыю жывёлы, маніторыць пытанні вырошчвання маладняку і стану жывёльнага статку па асноўных характарыстыках і паказчыках у цэлым.
Працэс кіравання і, у большай частцы, кантроль за кармленнем жывёлы ў адпаведнасці з распрацаваным рацыёнам «прапісаны» сваёй, ад таго ж дыстрыб’ютара камп’ютарнай праграмай. Яна, у прыватнасці, дазваляе дазіраваць і адсочваць дакладнасць загрузкі ў кармавую сумесь асобных інгрэдыентаў. Напрыклад, калі з-за няўважлівасці аператара пагрузчыка ў кормараздатчык трапіць больш сенажу за нарматыўна патрэбную колькасць, на маніторы з’явіцца папярэджанне. А за высокай прадукцыйнасцю, як ведаем, на 70 працэнтаў стаіць паўнавартаснае, аднатыпнае і дакладнае кармленне. Да таго ж, алгарытм гарантуе эканомнае абыходжанне, у тым ліку, з канцэнтратамі і прэміксамі. І гэта толькі некалькі з мноства карысных і патрэбных спецыялісту пунктаў і падпунктаў адмысловага праграмнага прадукту. Як і папярэдні, распрацаваны ён у супрацоўніцтве ветэрынара і праграміста, служыць жывёлагадоўлі дастаткова працяглы час і, як было заяўлена падчас прэзентацыі, можа быць адаптаваны пад фермы з самымі рознымі ўмовамі ўтрымання, рознавялікія статкі і для кожнай з вытворчых груп жывёлы.

Іван КАВАЛЕНКА.