Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Куды паехаў транспарт?

Невядомы выкраў з двара дома ў аграгарадку Падлессе воз. Гаспадары ацанілі страту ў 250 рублёў. Па факце крадзяжу РАСК узбудзіў крымінальную справу.
Яшчэ адна крымінальная справа ўзбуджана па факце крадзяжу веласіпеда, які знік у ноч з 5 на 6 жніўня з двара дома ў вёсцы Зубелевічы. Кошт страты –  300 рублёў.

«Нячыстыя» рукі

Гаспадары кватэры ў вёсцы Дарава-Чыж не разлічвалі, што рамонт на іх «квадратах» закончыцца крымінальнай справай. 48-гадовы майстар, якога яны нанялі па дагаворы, збыў перфаратар і шліфмашынку коштам 156 рублёў.

Стрэл у ночы

8 жніўня ў 23.30 на аўтадарозе Падлаззе – Баранавічы невядомыя асобы некалькі разоў выстралілі ў дарожны знак. Як мяркуецца, стралялі з гладкаствольнай паляўнічай зброі. Узбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса.

Справа за захоўванне

Ляхавічанін па месцы жыхарства ў кватэры захоўваў небяспечны наркатычны сродак – марыхуану вагой 8,66 грама. Узбуджана крымінальная справа. Згодна з Крымінальным кодэксам, незаконнае захоўванне наркатычных сродкаў пагражае абмежаваннем волі да пяці гадоў ці пазбаўленнем волі ад двух да пяці гадоў.

Павялася…

Ляхавічанка 1995 г. н. размясціла на «Куфары» аб’яву аб продажы дзіцячай курткі. Невядомая асоба пад маркай яе пакупкі і пералікам грошай завалодала рэквізітамі банкаўскай карткі. У выніку з карт-рахунка спісана 425 рублёў. РАСК узбудзіў крымінальную справу.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.