Член парламента Мікалай Язубец пра справы ў акрузе ведае не па чутках. Ён сам бывае і працуе ў Ляхавіцкім раёне рэгулярна

Раней Мікалай Язубец, на той час старшыня Баранавіцкага райвыканкама, быў для ляхавічан проста добразычлівым суседам. Цяпер член парламента Мікалай Язубец — наш дэпутат у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання па Баранавіцкай-сельскай выбарчай акрузе № 7. Невыпадкова на яго рабочым маршруце Ляхавіцкі раён на роўных з Баранавіцкім і часткова Ганцавіцкім, тэрыторыя і насельніцтва якіх утвараюць гэтую акругу.

Вось і тыдзень назад Мікалай Мяфодзьевіч працаваў у акрузе. Сустрэўся са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Дзмітрыем Бурдуком, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Яўгеніем Юрлевічам. Абмеркавалі надзённыя пытанні жыццядзейнасці Ляхавіччыны, вытворча-эканамічныя задачы дня. Размова, як заўсёды, была дзелавой, інакш і быць не можа. Тым больш, што наш дэпутат у парламенце абраны членам пастаяннай камісіі па аграрных пытаннях і аналагічнай камісіі (па аграрных пытаннях і пытаннях экалогіі)   міжпарламенцкай асамблеі краін СНД.
Цікаўлюся ў Мікалая Язубца яго работай непасрэдна ў Палаце прадстаўнікоў. Значная частка яе — заканатворчая. На працягу першай сесіі дэпутаты разгледзелі 41 законапраект, у першым чытанні прынялі 12, у другім — 18. З красавіка па чэрвень — час работы другой сесіі. У Палаце на разглядзе — 72 законапраекты. 38 з іх былі пастаўлены ў парадак дня менавіта другой сесіі і палова разгледжана.
Асабіста Язубец суправаджаў законапраект аб племянной справе ў жывёлагадоўлі — кіраваў рабочай групай, якая займалася гэтым заканадаўчым актам. Ды і ва ўзгадненні шэрагу іншых законапраектаў прымаў самы актыўны ўдзел.
За гэты час адбыліся два сумесныя пасяджэнні абодвух палат Нацыянальнага сходу, на якіх заслуханы справаздачы ўрада. І пра самае галоўнае сказаў:
— Лічу самай знакавай падзеяй зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Мы пачулі глыбокі ўсебаковы аналіз сітуацыі ва ўсіх сферах жыццядзейнасці краіны і дакладную праграму на бліжэйшую перспектыву, якую ўсе разам мы можам і абавязаны ажыццявіць.
Натуральна, што, працуючы ў акрузе, дэпутат Палаты прадстаўнікоў звяртае першаступенную ўвагу на тое, як рэгіён развіваецца, цікавіцца ходам сезонных работ у сельскай гаспадарцы, мадэрнізацыі вытворчасці, рэалізацыі праграмы Года беражлівасці, пытаннямі добраўпарадкавання і, канешне, праблемамі людзей. Прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях, сустрэчы ў працоўных калектывах і многае іншае ў раскладзе дня парламентарыя Язубца.
І на гэты раз са старшынёй райсавета дэпутатаў Яўгеніем Юрлевічам пабываў на некаторых аб’ектах будаўніцтва і рэканструкцыі, што ўваходзяць у план падрыхтоўкі Ляхавіч да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013». Адзін з сацыяльна значных —рэканструкцыя будынка былога інтэрната каледжа пад жылы дом для мясцовых медыкаў.
На маршруце Мікалая Язубца былі таксама аграгарадок Навасёлкі, вёскі Альхоўцы, Крывошын. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў пабываў у абласной псіхбальніцы «Крывошын» і пацікавіўся справамі, праблемамі, якія хвалююць медыкаў. А сярод пытанняў, якія ўздымалі вясковыя жыхары, і гандлёвае абслугоўванне — дакладней, асартымент прамысловых тавараў у магазіне райпо.
Усе гэтыя акалічнасці цікавяць Мікалая Мяфодзьевіча як дэпутата, як грамадзяніна і чалавека, як вопытнага гаспадарніка, ідэолага і кіраўніка. Каб практычна дапамагчы ў вырашэнні нейкай праблемы, гэтую праблему трэба, па-першае, убачыць і пачуць, па-другое, — вывучыць, разабрацца і паўплываць, у рамках закона, канешне, на канчатковы вынік. Усё гэта, безумоўна, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі раённай улады, адказных і кампетэнтых службаў. Але саўдзел і дапамога з боку члена парламента заўсёды дарэчы. Сам Мікалай Мяфодзьевіч пра частку Баранавіцкай-сельскай выбарчай акругі № 7, якая называецца Ляхавіцкім раёнам, гаворыць з задавальненнем:
— Раён стабільна развіваецца, раён на правільным шляху.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *