Адходы прыносяць даходы

Яно можа і лішняе — даказваць відавочнае. Таму не ў якасці доказу, а дзеля абгрунтавання важнасці справы, надання некаторым камунальным адходам «другога жыцця» звернем увагу на шэраг момантаў. Напрыклад, тое, што абыходжанне з другаснай сыравінай рэгламентуецца шэрагам заканадаўчых актаў, дзейнічае дзяржаўная праграма збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны на 2009-2015 гады.
У былых ва ўжытку паперы і кардоне, шкле, тэкстылі, матэрыялах палімернай групы, рызіне, каляровых і чорных металах вытворчасць краіны, у асобе прадпрыемстваў-перапрацоўшчыкаў, мае значную патрэбу. З ростам з года ў год перапрацоўчых магутнасцяў павялічваецца і зацікаўленасць у названых рэсурсах другаснага выкарыстання. Як вынікае з узгаданай праграмы, для задавальнення ў 2013 годзе вытворчага «апетыту» айчынных перапрацоўшчыкаў неабходна сабраць прыкладна 400 тысяч тон макулатуры, 145 тысяч — шклабою, 3,9 тысячы — тэкстылю, 21 тысячу — палімераў і 27 тысяч тон — адходаў з утрыманнем рызіны (аўтатрактарныя пакрышкі, як правіла) і г.д. Важна, каб другасная сыравіна трапляла да перапрацоўшчыкаў рытмічна на працягу года, а не так, што ў адным месяцы густа, у іншым пуста.
Асабістым удзелам у зборы другаснай сыравіны мы — прадпрыемствы, арганізацыі, установы розных формаў уласнасці, асобныя грамадзяне — спрыяем развіццю эканомікі свайго раёна, вобласці, краіны. А не эканомікі чужых краін, як у выпадку, калі з-за недахопу ўласных сыравінных рэсурсаў перапрацоў-шчыкі вымушаны звяртацца за імпартам. Па некаторых даных, у мінулым годзе ў краіну было завезена каля 20 тысяч тон шклабою. У той жа час свая шклатара вельмі часта становіцца проста смеццем — выкідваецца і, на жаль, не заўсёды ў ёмістасці, спецыяльна да таго прызначаныя.
Гэта адзін складальнік эканамічнай абгрунтаванасці нарыхтоўкі другаснай сыравіны. У меншай ступені відавочны, але бачыцца ў гэтым і яшчэ адзін камерцыйны «плюс». Нягледзячы на тое, што заметны працэнт камунальных адходаў можа быць карысным у якасці другаснай сыравіны, асноўная іх частка вывозіцца на палігоны з наступнай утылізацыяй. Дзякуючы папярэдняму сартаванню, рэальна зменшыць агульную вывазную масу. Адпаведна, скараціць транспартныя і іншыя накладныя расходы. Капейка ж да капейкі, і дзень пры дні на працягу года вяртаецца не адным, фактычна, знойдзеным рублём.
Ад эканомікі — да экалогіі, што ў данай сітуацыі важна надзвычай. Тут усё проста і ў прапарцыянальнай залежнасці: менш адходаў — менш зямельных рэсурсаў выводзіцца з выкарыстання ў выніку іх утылізацыі, лепшай застаецца сітуацыя з засмечанасцю навакольнага асяроддзя.
Задача раёну на 2013 год — нарыхтаваць 480 тон паперы і кардону, 240 — шкла, 20 — палімерных матэрыялаў, 10 — тэкстылю, 70 тон шын і 1000 — будаўнічых адходаў. Прадпрыемствы, арганізацыі, установы Ляхавіччыны не павінны аднесціся да кампаніі з пазіцыі назіральніка — падключыцца, зрабіць свой «узнос», чым пасадзей-нічаць добрай, карыснай і важнай справе. Многія, дарэчы, паказалі ўжо сваю актыўнасць. У ліку такіх, напрыклад, райвыканкам, аддзел адукацыі райвыканкама, кансервавы і малочны заводы, падатковая служба, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, аддзел статыстыкі, ТАА «Трансэлектракамплект», райбыткамбінат, камунгас і іншыя.
Як расказаў дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзвецкі, усе 13 асноўных участкаў прадпрыемства ўдзельнічаюць у зборы другаснай сыравіны. Плюс адміністрацыя, супрацоўнікам якой рэкамендавана здаць за год не менш як 314 кілаграмаў другаснай сыравіны: макулатуры, шкла, пластыку, тэкстылю. Выканаў — заслужыў прэміяльнае заахвочванне. Методыка дзейнічае: з гадавым заданнем вельмі многія справіліся на працягу квартала-чатырох месяцаў.
За 5 месяцаў паўгадавое заданне па зборы макулатуры раён выканаў на 36 працэнтаў, шкла — на 44, поліэтылена — на 103, тэкстылю — на 194, зношаных шын — на 15, будаўнічых адходаў на 103 працэнты. Пры гэтым, мяркуючы па факце непрадастаўлення ў райвыканкам справаздачных звестак, 17 арганізацый раёна да збору другаснай сыравіны не прыступалі.
Адным з інструментаў у справе другасных нарыхтовак, бясспрэчна, з’яўляецца паасобны збор камунальных адходаў. Калі для кожнага сваё: для шкла — адзін кантэйнер, ПЭТ-тары — другі, паперы — трэці. Па інфармацыі з сектара ЖКГ і будаўніцтва аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, на тэрыторыі раёна абсталявана 9 падобнага кшталту кропак. На вуліцах Чкалава ў трох месцах, Будаўнікоў, Інтэрнацыянальнай, а таксама ў Ліпску, Тухавічах і вёсцы Дарава-Чыж. Не багата, мяркую. Але справа яшчэ і ў тым, што наяўнасць спецыяльных кантэйнераў — не гарантыя паасобнага збору адходаў. Нярэдкія выпадкі, калі, напрыклад, ў жоўтай — для ПЭТ-тары — ёмістасці аказваецца бытавое смецце… Аляксандр Мядзвецкі, напрыклад, «галасуе» за ўвядзенне дыферэнцыраванай аплаты на гэты від камунальнай паслугі. Разабраў смецце па відах, у выпадку тэхнічнай магчымасці размеркаваў яго патрэбным чынам — атрымліваеш бонус: плаціш менш, чым калі б, вобразна кажучы, зваліў усё ў адну кучу. Без разбору ў адзін кантэйнер. Ці ёсць іншыя прапановы?

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *