Нашчадкі талентаў роднай зямлі. У Ляхавічах адбылося свята фальклорнага мастацтва«З крыніц спрадвечных»

Мастацкія калектывы з Піншчыны, Пружаншчыны, Драгічыншчыны, Баранавіччыны і Ляхавіччыны сталі ўдзельнікамі ХХ раённага свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных». У Год народнага адзінства іх аб’яднала любоў да беларускай культурнай спадчыны, якую яны берагуць і прымнажаюць.

Як многа значыць адзінства. Гэта базавая акалічнасць, закладзеная нашымі продкамі, характарыстыка, што вызначае нас, беларусаў. Так і ў творчасці. І гэта яскрава пацверджана багатай спадчынай нашых бабуляў і дзядуляў, якую мы ашчадна захоўваем, шануем, перадаём нашым дзецям.


Мінулая субота аб’яднала ў адзіным творчым памкненні тых, хто неразрыўны з аўтэнтычнасцю і фальклорам, хто нераўнадушны да бясцэннага скарбу, сабрала тых, дзякуючы каму жыве беларуская песня, гучыць сакавітая мова, радкі, шчымлівыя і дарагія сэрцу, кладуцца на мелодыю душы, абрады і традыцыі акунаюць у свет чароўнага. Ляхавіччына прымала ХХ раённае свята фальклорнага мастацтва  «З крыніц спрадвечных».


Свята заўжды размяшчалася ў месцах, што славяцца гісторыяй. На жаль, сёлета творчую сустрэчу, запланаваную ў любімай Грушаўцы, давялося перанесці ў гарадскую лакацыю. Дажджлівае надвор’е падкарэкціравала планы, але ж не змяніла творчы настрой удзельнікаў, якіх гасцінна прыняў гарадскі Дом культуры.
У фае ўтульна размясціліся выставы майстроў народнай творчасці. І ад убачанага разбягаліся вочы – на што здольны нашы працавітыя таленавітыя рукі, на якія выдумкі багаты мы, беларусы. Ад шыкоўнай выцінанкі, вышытых крыжыкам карцін, ганчарных вырабаў, скураных упрыгажэнняў, саламяных вытанчаных фігур і аксесуараў і шмат цікавых іншых творчых знаходак, што так арганічна спалучаюць у сабе справу нашых дзядоў і сучасны погляд на свет. Паглядзець, дакрануцца, пацікавіцца тэхналогіяй вырабу, узяць візітоўку і напрасіцца на майстар-клас – вось так і адбываецца міжрэгіянальны творчы сімбіёз.

У фае і водар адпаведны –  беларуская кухня нікога не пакіне галодным. Каларытнасць ляхавіцкіх сталоў не тое што багатая, яна яшчэ і на выдумку ў афармленні не сціплая. Пакаштаваць дамашняй каўбаскі, бульбачкі, дранічкаў, піражкоў – не ад’есціся, бяры і занатоўвай унікальныя рэцэпты нацыянальных смачнасцяў.
Традыцыйнае шэсце, няхай і ў міні-фармаце, усё ж адбылося. Знаёмства з мастацкімі аматарскімі калектывамі прадэманстравала шырыню беларускай душы. На творчы агеньчык прыехалі сябры з Пружаншчыны, Піншчыны, Драгічыншчыны, Баранавіччыны.
Свята фальклорнага мастацтва прывітальным словам адкрыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач. Яна нагадала, што месца, якое павінна было прыняць фэст, сёння аднаўляецца-будуецца: работа вядзецца за кошт грантавага кантракта па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча – Беларусь – Украіна 2014 – 2020 гг.», а таксама за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Падзякавала кожнаму за такую бязмерную любоў да культурнай спадчыны, за жаданне не згубіць каштоўнае, тым, хто па-сапраўднаму можа назваць сябе аматарамі і захавальнікамі фальклору і народных традыцый.


Святочную праграму распачалі ўдзельнікі намінацыі «фальклорная песня». Якія словы, якія матывы – у кожным радку тое, што напаўняла будні вяскоўцаў, тое, што турбавала, што радавала, над чым працавалі і пра што марылі, што шанавалі і любілі. Такія простыя песні пра самае галоўнае – шчырыя, пяшчотныя, чуллівыя. Заваражылі сваёй творчасцю і сталі пераможцамі ў гэтай намінацыі госці з Пружаншчыны – народнае аматарскае аб’яднанне «Смаляначка» Навасёлкаўскага СДК. Другія –  мясцовыя выканаўцы –  фальклорнае аматарскае аб’яднанне «Сяброўкі» Ліпскага СДК. Трэцяе месца падзялілі калектывы з Піншчыны – народны аўтэнтычны фальклорны калектыў «Палясяначкі» Мерчыцкага цэнтра традыцыйнай культуры і быту і народны аўтэнтычны фальклорны калектыў «Чабатухі» Сташанскага сельскага Дома фальклора.


Беларускі народны каляндар –  як асаблівы твор мастацтва. Святкі і прысвяткі, абрады, прыкметы, звычаі, традыцыі, павер’і – гэта тое, што дзень за днём напаўняла жыццё вяскоўцаў, тое, што давала датыкнуцца да таямніцы навакольнага свету. Наступная намінацыя фэсту «абрад» дазволіла прысутным пабываць на абрадзе «Гуканне вясны», апынуцца на зажыначным полі, адчуць пах духмянага хлеба на чаканых «Дажынках». А які цуд і прыгажосць, любоў і надзея на лепшае жыццё ў абрадзе «Убіранне каравая». Пабывалі і на свяце «Багач». Лепшым у гэтай намінацыі атрымалася стаць у аматарскага аб’яднання «Пралеска» Брашэвіцкага СДК з Драгічынскага раёна. Аўтэнтычны фальклорны калектыў «Палясяначкі» Мерчыцкага цэнтра традыцыйнай культуры і быту з Піншчыны – на другім месцы. А вакальны гурт «Таямніца» Жарабковіцкага СДК нашага раёна – на трэцім месцы.
Палюбілася намінацыя «найгрыш з прыпеўкай». Тут і павесяліліся нашы ўдзельнікі –  спявалі і танцавалі ад душы. Самымі-самымі для журы сталі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай музыкі «Папінскія музыкі» з Драгічынскага раёна. Прыпеўкі Сафіі Яроцкай з Пружан – на другім месцы. А трэцяе месца падзялілі ляхавіцкі народны клуб ветэранаў «Сівізна» метадычнага цэнтра культурна-асветніцкай работы і ліпчанка Яўгенія Каспяровіч.
Свой спаборніцкі момант сярод прадстаўнікоў традыцыйных рамёстваў. Журы давялося няпроста, каб вызначыць лепшых. Сярод залатых майстроў –  ганчары Віталій Раманоўскі і Генадзій Міранюк з Пружанскага раёна. Другое месца прысуджана Лідзіі Чаркас з Жарабковіцкага СДК, трэцяе –  аматарскаму аб’яднанню «Творцы» Баранавіцкага раённага Цэнтра рамёстваў.
– Прыемна, што ў Год народнага адзінства, літаральна напярэдадні Дня народнага адзінства, што сёлета ўпершыню будзе адзначацца 17 верасня, Ляхавіччына збірае тых, каго аб’ядноўвае бязмерная любоў да творчасці сваіх продкаў. Нам засталася багатая спадчына, і сучасныя беларусы гэты скарб нясуць праз стагоддзі, беражліва прымнажаюць творчую скарбонку. Сённяшнія ўдзельнікі юбілейнага фэсту –  гэта ўнікальныя людзі. Дзякуй кожнаму, вы захавальнікі часу, мінулага, а без гэтага няма сёння і шчаслівага заўтра, – адзначыў дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Юрый Грынь.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.