Умение хорошо плавать — одна из важнейших гарантий безопасного отдыха на воде

Але нават добры плывец павінен пастаянна праяўляць асцярожнасць, захоўваць дысцыпліну і строга прытрымлівацца пэўных правілаў. Лепш за ўсё купацца ў спецыяльна абсталяваных месцах і толькі пасля абавязковага праходжання медыцынскага агляду і азнаямлення з правіламі ўнутранага распарадку месцаў для купання.
У паходах месца для купання выбіраецца там, дзе чыстая вада, роўнае пясчанае ці гравійнае дно, невялікія глыбіня (да 2 метраў) і цячэнне (да 0,5 метра ў секунду). Пачынаць купацца рэкамендуецца ў сонечнае бязветранае надвор’е пры тэмпературы вады 17-19, а паветра — 20-25 градусаў. У вадзе знаходзіцца не больш за 10-15 мінут (перад заплывам цела неабходна абцерці вадой).
Пры пераахаладжэнні ў плыўца могуць з’явіцца сутаргі, якія зводзяць руку, а найчасцей нагу ці абедзьве нагі. Пры сутаргах трэба неадкладна выйсці з вады. Калі ж такой магчымасці няма, дзейнічаць наступным чынам. Неабходна змяніць стыль плавання — плыць на спіне. Пры адчуванні сцягвання пальцаў рукі хутка, з сілаю сціснуць кісць у кулак, зрабіць рэзкі адкідваючы рух рукою ў бок, расціснуць кулак. Пры сутарзе лыткі неабходна сагнуцца, дзвюма рукамі абхапіць ступню гэтай жа нагі і з сілай падцягнуць да сябе. Пры сутаргах мышцаў сцягна абхопліваем рукою нагу каля шчыкалаткі (за пад’ём) і, сагнуўшы яе ў калене, цягнем з сілаю назад да спіны. Колем любым вострым падручным прадметам (шпількай, іголкай). Стомлены плывец павінен памятаць, што лепшым спосабам адпачынку на вадзе з’яўляецца палажэнне «лежачы на спіне».
Не заплывайце за буйкі — там можа быць рэзкі абрыў дна, халодная крыніца, зараснікі водарасцяў. Не наладжвайце ў ва-дзе гульняў, звязаных з захопамі. У азарце можа здарыцца так, што замест паветра партнёр «удыхне» вады і страціць прытомнасць.
У адпаведнасці з правіламі аказання дапамогі пры ўтапленні, у першую чаргу неабходна перавярнуць пацярпелага тварам уніз, апусціць галаву ніжэй таза. Ачысціць ротавую поласць, рэзка націснуць на корань языка, каб пры з’яўленні рвотнага і кашлевага рэфлексаў вада поўнасцю выдалілася з дыхальных шляхоў і страўніка. Калі няма рвотных рухаў і пульсу, кладзём пацярпелага на спіну і прыступаем да рэанімацыі (штучнае дыханне, непрамы масаж сэрца). Пры з’яўленні прыкмет жыцця — перавёртваем тварам уніз, выдаляем ваду з лёгкіх і страўніка. Безумоўна, як мага хутчэй неабходна выклікаць хуткую дапамогу.
Калі чалавек пагрузіўся ўжо ў ваду, не пакідайце спроб знайсці яго на глыбіні, а пасля вярнуць да жыцця. Найбольш шанцаў зрабіць гэта, калі чалавек знаходзіўся ў вадзе не больш за 6 мінут.
Нельга пакідаць пацярпелага без увагі. Самастойна перавозіць можна толькі ў выключных выпадках — калі адсутнічае хоць нейкая магчымасць выклікаць выратавальную службу.
Каб пазбавіцца ад вады, што падчас заплыву трапіла ў дыхальныя шляхі і ўскладняе дыханне, неабходна неадкладна прыпыніцца, энергічнымі рухамі рук і ног утрымлівацца на паверхні вады і, падняўшы мак-сімальна высока галаву, моцна адкашляцца.
Каб не захлынуцца, плывец павінен прытрымлівацца правільнага рытму дыхання. Не варта змагацца з хуткім цячэннем, лепш, не збіваючы дыханне, плыць па цячэнні да берага. Трапілі ў вір — не паддавайцеся страху. Набярыце ў лёгкія як мага больш паветра, пагрузіцеся ў ваду і моцным рыўком па цячэнні выплывайце на паверхню. Тым, хто заблытаўся ў водарасцях, трэба без рэзкіх рухаў легчы на спіну і без мітусні выплыць у бок, адкуль прыплылі. Калі не атрымліваецца, можна падняць ногі і пастарацца асцярожна вызваліцца ад раслін пры дапамозе рук.
Небяспечна скакаць у ваду ў невядомым месцы — можна стукнуцца галавой аб дно, корч і іншае — з магчымымі вельмі цяжкімі наступствамі.
Не менш небяспечна ныраць з лодак, плытоў, іншых плывучых збудаванняў. Пад вадой могуць знаходзіцца бярвенні, рэйкі, жалезабетон. Рабіць гэта можна толькі ў месцах, спецыяльна для таго абсталяваных. Нельга купацца каля стромкіх, абрывістых берагоў і ў зарасніках. Схіл дна ў такім месцы можа аказацца вельмі засмечаным, у каранях, расліннасці. А пясчанае дно бывае зыбучым: чытай — небяспечным для таго, хто не ўмее плаваць. Ну, і, канечне, дзеці ля вадаёмаў не павінны быць без нагляду дарослых.
Алена МІКУЛІЧ,
сацыёлаг раённага цэнтра
гігіены і эпідэміялогіі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *