«Сафія» дапамагае. Шанцуе абласной псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын» на абноўкі

Шанцуе апошнім часам абласной псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын» на абноўкі. У мінулым годзе пасля рэканструкцыі
з мадэрнізацыяй, на якія пайшлі немалыя бюджэтныя сродкі, пачаў працаваць тутэйшы харчаблок.

А нядаўна абнаўленне закранула і іншыя падраздзяленні бальніцы. Для камфорту і зручнасці тутэйшых пацыентаў устаноўлены 10 новых ложкаў з матрацамі, 10 тумбачак, набыты два бактэрыцыдныя цыркулятары паветра, супрацьпролежневыя матрацы, шэсць чатырохмесцавых набораў для сталоўкі. Мэблю і абсталяванне прадаставіла міжнароднае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «Сафія», якое сваімі добрымі справамі вядома ў многіх краінах свету. Дэвіз аб’яднання – «Дапамагаць людзям, каб яны змаглі ў далейшым дапамагчы самі сабе».
– Мы цесна супрацоўнічаем з сацыяльнымі службамі. Разам распрацоўваем і рэалізуем праекты, якія накіраваны на тое, каб агульнымі намаганнямі зрабіць умовы жыцця састарэлых грамадзян ці інвалідаў больш камфортнымі. Толькі сёлета на Брэстчыне рэалізавалі нямала розных праектаў: у Крывошынскай аблбальніцы, Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы, аблпсіхбальніцы «Магілёўцы» на суму больш за 86 тысяч рублёў, – расказвае прадстаўнік «Сафіі» Сяргей Зубовіч.
Дарэчы, гэта не першая дабрачынная дапамога гэтай арганізацыі, аказаная сацыяльным установам нашага раёна. Дабрачынная арганізацыя актыўна супрацоўнічае з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Крыху раней «Сафія» падарыла пральную машыну, ложкі, крэслы, сталы, шафы, тумбачкі, прасавальныя дошкі, прас, кухонны камбайн для жыльцоў Ганчароўскага дома сумеснага пражывання пажылых людзей і інвалідаў.
– Шчыра ўдзячны «Сафіі» і валанцёрам, якія аказалі такую істотную дапамогу. Мэбля прыйшлася дарэчы. Спа-дзяюся і на далейшае супрацоўніцтва. Прыемна, што неабыякавых людзей не становіцца менш, – адзначае галоўны ўрач АПБ «Крывошын» Вольга Монак.
Галіна КАНЬКО.