А ў нас у кватэры газ! Прафесійнае свята адзначаюць работнікі Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння

Начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Руслан Капанька

Знакавая падзея для любога населенага пункта – пуск газу. Знікае клопат нарыхтоўкі паліва, а ў доме цёпла без дадатковых намаганняў. Блакітнае паліва трывала ўвайшло ў наша жыццё і стала адным з крытэрыяў ацэнкі яго якасці. Гэта акалічнасць не толькі ўзмацняе значнасць работы газавікоў, але і прад’яўляе да іх павышаныя патрабаванні, сярод якіх – адказнасць і ўважлівасць.

З работнікамі Ляхавіцкага  раёна газазабеспячэння сутыкаецца практычна кожны жыхар горада ці вёскі: яны праводзяць тэхнічнае абслугоўванне і рамонт газавага абсталявання, дастаўляюць па адрасах спажыўцоў звадкаваны газ, вядуць кантроль уліку газу.
У раёне блакітныя артэрыі прасціраюцца не менш як на 250 кіламетраў. На абслугоўванні філіяла знаходзяцца
32 газарэгулятарныя пункты, 13 рэзервуарных установак звадкаванага газу. У базе газавікоў – 11200 абанентаў і 22000 кухонных пліт, катлоў, калонак, лічыльнікаў, якія знаходзяцца на абслугоўванні. У год арганізацыя рэалізуе больш за 20 мільёнаў кубаметраў газу і каля 400 тон звадкаванага. Лічбы гэтыя не статычныя – пастаянна павялічваюцца. Тры гады назад блакітнае паліва прыйшло ў аграгарадок Русінавічы. Праз год да выгод далучылася і суседняя Гаслаўшчына (а гэта больш за сотню спажыўцоў). Адчулі перавагі газавай трубы ў населеным пункце і жыхары Вялікай Лотвы.
Сёлета ў чацвёртым квартале будуць распачаты работы па будаўніцтве газаправода да аграгарадкоў Жарабковічы і Падлессе, да вёскі Улазавічы. Так, даўжыня газавай трубы ў Жарабковічах складзе больш за 12 кіламетраў.
Пачаты перадпраектныя работы па пераводзе жыллёвага фонду Зубелевічаў са звадкаванага газу на прыродны, на сённяшні момант праведзены геадэзічныя пошукі.
Вялікая газавая гаспадарка патрабуе прафесіянальнага і адказнага падыходу.Супрацоўнікі пастаянна павышаюць прафесійны ўзровень, здаюць экзамены і пацвярджаюць сертыфікат адпаведнасці, адпрацоўваюць уменні падчас вучэбна-трэніровачных вучэнняў. Сёлета будзе год, як калектывам кіруе Руслан Капанька – начальнік малады, але кампетэнтны.
Прыклад для калег – старшыя майстры Вячаслаў Шчука і Алег Кабяльчук. Вопытны і добрасумленны работнік –
слесар па абслугоўванні і рамонце газавыкарыстальнага абсталявання Віктар Галушка. Другі год у калектыве слесар па абслугоўванні насценных катлоў Андрэй Пішч, але паспеў зарэкамендаваць сябе тэхнічна граматным спецыялістам. Выдатна ведаюць сваю справу слесары аварыйна-аднаўленчых работ Раман Пятроўскі і Уладзімір Івановіч, вадзіцелі «аварыйкі» Юрый Грышчык і Аляксандр Македановіч, вадзіцель па дастаўцы балонаў Генадзій Гатоўчыц.


Кантралёр газазабяспечваючай арганізацыі Сняжана Чарняўская 

Больш за два дзесяцігоддзі ў калектыве кантралёр
газазабяспечваючай арганізацыі  Сняжана Чарняўская.
У яе абавязках – работа з абанентамі, улік газу і г. д. Гэта яна ў фірменнай амуніцыі завітвае ў дамы спажыўцоў, каб праверыць паказанні лічыльнікаў. Са сваёй работай спраў-ляецца на выдатна. Яе прафесійныя ўменні ацэнены кіраўніцтвам «Брэстаблгаза» – да свята спецыяліст узнагароджана Ганаровай граматай вытворчага ўпраўлення.
У калектыве працягваюць закладзеныя традыцыі, памятаюць пра ветэранаў галіны. Адзін з тых, чый вопыт і аўтарытэт шануюць і сёння, –  былы дырэктар гаргаза Іван Бурак, працоўны стаж якога складае без малога чатыры дзесяцігоддзі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.