Торфабрыкетны знак якасці. У нядзелю ў завадчан – прафесійнае свята

Дырэктар ТБЗ «Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько.

Нібы караблі па моры – звычайна такое параўнанне асацыюецца
з камбайнамі на жніўных палетках. Але не менш уражвае і караван тэхнікі, якая няспешна рушыць па тарфяным полі. Менавіта тут, на торфараспрацоўках, пачынаецца ланцужок вытворчасці паліва, на якім больш за 40 гадоў спецыялізуецца ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», і якое запатрабавана сёлета і ў Беларусі, і за яе межамі – у Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Славакіі і іншых краінах.

Прозвішча Віктара Суржыцкага занесена на раённую Галерэю славы.

Справа для сапраўдных мужчын

Здабыча торфу – справа для сапраўдных мужчын – дужых, працавітых, з выдатнай вытрымкай. Напрыклад, як вопытны машыніст штабялюючай машыны Генадзій Гутырчык, які падчас нарыхтоўчай кампаніі перавыканаў норму ў разы і ўпэўнена заняў лідзіруючыя пазіцыі сярод калег па цэху ў краіне ў рэспубліканскім прафесійным спаборніцтве. Не адстае і яшчэ адзін Гутырчык –
Сяргей. Выдатныя працаўнікі –
гэта і пра машыністаў Аляксандра Гаўрыльчыка, Анатолія Лапіча, Дзяніса Гаўрыльчыка. Працоўнае выпрабаванне дастойна вытрымаў і навічок завода – малады спецыяліст Анатолій Церах. Сёлетні палявы сезон, які хоць і пачаўся са спазненнем, торфаздабытчыкі завяршылі ў тэрміны і дастойна.
– Спрацавалі добра, асабліва, калі параўноўваць з мінулым годам. Здабылі 159 тысяч тон – 125 працэнтаў да плана. Гэтай сыравіны хопіць да наступнага нарыхтоўчага сезона, – адзначае дырэктар прадпрыемства Уладзімір Гунько. – Дастатковая колькасць сыравіны адкрывае шырокія магчымасці для завода. У прыватнасці, працаваць на поўную магутнасць і хутка адказваць на ўзрастаючы попыт на нашу прадукцыю. Ён адчувальны і ў Беларусі, і за мяжой.
Праца на палях кіпіць не толькі падчас здабычы сыравіны. Аказваецца, не толькі тэхніка чакае рамонту, неабходны ён і палям.Таму штогод перад пачаткам сезона ўчасткі, дзе пройдзе здабыча торфу, атрымліваюць комплексныя аздараўленча-загартоўваючыя працэдуры. Сярод іх – чыстка сеткі меліярацыйных каналаў, прафіляванне паверхні картаў, рамонт мастоў і пераездаў і іншае. Пачынаюцца падрыхтоўчыя работы адразу пасля завяршэння нарыхтоўчага сезона.

Машыніст цеплавоза Іван Рабцэвіч.

У кола абавязкаў работнікаў прадпрыемства ўваходзіць і распрацоўка новых плошчаў з тарфянымі залежамі: ачышчэнне іх ад кустоўя, дрэў і далейшае акультурванне, у прыватнасці – асушэнне, прафілёўкі паверхні картаў. А далей ужо сваё важкае слова скажа торфаздабываючая тэхніка. Але галоўная партыя і тут дастаецца чалавеку. І, як трапна адзначае дырэктар завода, транспартныя нервы прадпрыемства ў поўным парадку.
У чым істотная заслуга транспарт-нага цэха, якім кіруе Валерый Ходас. Ды і астатнія ў камандзе, як на падбор, – профі: Сяргей
Дыдышка, Іван Рабцэвіч, Аляксандр Алексіч…

Сандружына ТБЗ «Ляхавіцкі».

І торф брыкетам становіцца

І вось пад стук колаў па рэйках у спецыялізаваных вагонах па вузкакалейцы спяшаецца здабытая з палёў сыравіна да свайго далейшага прыпынку – перапрацоўчага.
Не менш напружаны графік і ў заводскіх цэхах. Праца тут кіпіць: торф тэхнічна апрацоўваецца, сушыцца, фармуецца, і вось ужо з канвеера спускаюцца бліскучыя, адзін у адзін, брыкеты. Начальнік цэха Васілій Іваноў сваю справу ведае добра. Як і аператар Генадзій Бабарэка, машыніст прэса Мікалай Дыдышка, машыніст катлоў Мікалай Філіповіч.
– Прыярытэты нашага завода –  якасць прадукцыі, пашырэнне асартыменту. Выпускаем і пастаўляем спецыяльны торф для грунту, які выкарыстоўваецца пры вырошчванні шампіньёнаў. З’явілася і сучасная ўпакоўка, у якой наш тавар расфасаваны па 10 кілаграмаў і мае больш прэзентабельны выгляд. Сушонка з торфу паспела заваяваць пазіцыі на расійскім рынку.
Істотная ўвага – на пашырэнне рынкаў збыту, будзем шукаць новых айчынных і замежных спажыўцоў. Ужо ёсць пэўныя напрацоўкі, напрыклад, Украіна. У краіну-суседку павялічылі пастаўкі брыкету ў некалькі разоў. Разглядаецца пытанне аб дадатковай партыі на экспарт ва Украіну, – гаворыць Уладзімір Гунько.

Гонар завода –  працаўнік

Сёння на прадпрыемстве шчыруюць 262 чалавекі. Прозвішчы лепшых з лепшых па праве гучаць сярод пераможцаў спаборніцтваў розных узроўняў, людзі атрымліваюць узнагароды. Рэдка які год абыходзіцца, каб партрэты работнікаў ТБЗ не ўпрыгожвалі раённую Галерэю славы. Вось і сёлета сярод тых, кім ганарыцца Ляхавіччына, – Віктар Суржыцкі, электраслесар дзяжурны і па рамонце абсталявання.
– Віктар Суржыцкі – прыклад адказных адносін да працы. Ён аддаў заводу не адно дзесяцігоддзе, доўгі час быў майстрам-электрыкам. Цяпер саступіў месца маладым і дзеліцца з імі вопытам. Дарэчы, яго бацькі былі аднымі з першых работнікаў завода, – расказвае дырэктар прадпрыемства.
Ёсць на заводзе службы, якія звычайна ў цяні. Але ад іх эфектыўнасці, зладжанасці, прафесіяналізму залежыць многае. Размова пра планава-эканамічны блок, які, па словах кіраўніцтва, шчыруе дакладна, як гадзіннік. Сярод тутэйшых работнікаў нямала тых, для каго прадпрыемства – не проста месца работы, рэалізацыя сябе ў прафесіі, але і па-сапраўднаму другі дом, дзе праходзіць значная частка жыцця. Працоўная біяграфія многіх на прадпрыемстве доўжыцца дзесяцігоддзямі, нямала і заводскіх дынастый.
Так, зарплаты тут высокія, але ж іх трэба зарабіць. Умовы працы дастойныя, але гэта заслуга ўсіх і кожнага. Таму і працуюць завадчане, не шкадуючы сіл, ведаюць – патрэбную справу робяць, забяспечваюць людзей цяплом.
І адпаведна – спрыяюць уласнаму дабрабыту: як спрацавалі, так і зарабілі.
Дырэктар прадпрыемства Уладзімір Гунько – мясцовы, прадаўжальнік торфабрыкетнай дынастыі, пра завод і завадчан ведае ад «а» да «я», як і землякі пра яго. І заўсёды кіраўнік разам з калектывам,бо яны каманда. На святочныя мерапрыемствы, урачыстасці ў складзе дэлегацыі ТБЗ абавязкова дырэктар прадпрыемства. Магчыма, хтосьці і здзівіўся, але толькі не самі сандружынніцы з торфабрыкетнага, калі на спаборніцтвы, што праходзілі сёлета на Кургане Славы, іх падтрымаць і падбадзёрыць прыехаў Уладзімір Гунько. Можа таму і перамагла санітарная дружына торфабрыкетчыкаў, не маглі ж дзяўчаты падвесці дырэктара!
Заўтра працаўнікі ТБЗ «Ляхавіцкі» адзначаць сваё пра-фесійнае свята. І няхай кожнаму з іх шчасціць, жыццё радуе прыемнымі сюрпрызамі і дабрабытам, а ў сем’ях пануюць лад і згода. І абавязкова ў іх дамах будзе цёпла.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.