Памяць, што загартоўвае сэрцы

У беларускім календары гэтай даце
нададзены асаблівы статус. 22 чэрвеня — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.
З таго самага ранку 1941 года, які ўшчэнт разбіў мірныя мары мільёнаў людзей, мінула ўжо 72 гады — 4 ваенныя і 68 мірных.
За гэты час змянілася вельмі многае. Пакаленне за пакаленнем адбудоўвалі гарады і вёскі. Крок за крокам ішлі да светлай мары — агульнай на ўсіх. Сёння — іншыя пакаленні і іншыя мары, прыгожыя гарады і ўтульныя аграгарадкі, шматпалосныя аўтастрады і лядовыя палацы, вуліцы, якія патанаюць у кветках, і высокія тэхналогіі ва ўсіх сферах жыцця…
А яшчэ — Брэсцкая крэпасць, Буйніцкае поле, Хатынь і сотні іншых мемарыяльных комплексаў, помнікаў, абеліскаў, да якіх — хоць гэта гучыць і банальна, але вельмі дакладна — ніколе не зарасце народная сцяжына.
І няхай няма на геаграфічнай карце той вялікай краіны, якую 7 дзесяцігоддзяў назад абаранялі нашы дзяды і прадзеды, але засталася гісторыя — агульная на многія краіны і народы і асабістая — для гарадоў, вёсачак і сем’яў. І для «Ляхавіцкага весніка» таксама. Калісьці газеце, народжанай у партызанскім лесе, далі імя «Совецкі патрыёт». З першых дзён свайго з’яўлення на свет раёнка расказвала праўду, натхняла, падтрымлівала, заклікала. Яе чакалі, каб прачытаць з першага да апошняга радка, перадавалі з рук у рукі. Разам са сваімі землякамі яна ў сёлетнім кастрычніку сустрэне свой 70-гадовы юбілей.
… Маладыя салдацікі, прысягаючы на вернасць Радзіме, чаканяць кожнае слова. Маці ўпотай выціраюць слязінкі. Ад разгубленасці, што дзеці так хутка выраслі, і ад гонару, што менавіта іх сынам даверылі абараняць мірнае сёння краіны. Сёння, падоранае нам тымі, чые мірныя мары 72 гады назад разбіла вайна.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *