Плюс адзін банкамат. У Ляхавічах у будынку аўтастанцыі ўстаноўлены банкамат

Гэта абноўка дакладна прыйшлася даспадобы не толькі жыхарам нашага райцэнтра. Паспелі ацаніць яе і госці Ляхавіч. Размова пра новы банкамат, які нядаўна з’явіўся ў будынку аўтастанцыі.

Пасля таго, як у колішнім кафэ «Алеся» дэманціравалі банкамат, адчуваўся яўны недахоп такога абсталявання. Тым больш, побач рынак, дзе не заўсёды магчыма разлічыцца безнаяўнымі грашыма. А каб зняць наяўнасць, неабходна было бегчы ў іншыя банкаматы, што не зусім зручна ды і не так блізка.
– Імкнёмся быць у курсе ўсіх пажаданняў кліентаў, якія карыстаюцца паслугамі Беларусбанка, і задавальняць іх. Да нас неаднойчы звярталіся жыхары Ляхавіч з просьбамі, прапановамі ўстанавіць яшчэ адзін банкамат у райцэнтры і зрабіць гэта менавіта ў раёне рынка. Ды і па колькасці банкаўскіх плацежных картак, што выдаюцца ў ЦБП № 117, мы разумелі неабходнасць такой устаноўкі. Удзячны кіраўніцтву ААТ «Аўтобусны парк г. Баранавічы», якое пайшло  нам насустрач і прадаставіла месца для размяшчэння банкамата. Маніторынгі паказваюць, што ён запатрабаваны. Праводзіць неабходныя аперацыі тут можна з 5 гадзін раніцы да 23 гадзін штодня – менавіта такі графік работы аўтастанцыі. Гэта ўжо трэці такога кшталту аб’ект нашага банка, такой колькасці хапае для абслугоўвання насельніцтва, – расказвае  загадчык сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу ЦБП № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк» Рыта Пракуда.
Сярод зручнасцей банкаўскай абноўкі землякі адзначаюць тое, што адсутнічае дыскамфорт, знаёмы тым, хто карыстаецца банкаматам па-за памяшканнем: то сонца свеціць, то дождж замінае. А тут камфортна, ды і пасядзець на лаўках можна, калі ёсць чарга да банкамата.
Галіна КАНЬКО.