Наша сіла ў адзінстве. 4 верасня рэспубліканскі аўтапрабег «Сімвал адзінства» сустракалі ў Ляхавіцкім раёне

Мінулая субота на Брэстчыне выдалася багатай на адметныя падзеі. Пакуль у Лагішыне ўшаноўвалі лепшых хлебаробаў
на абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2021», патрыятычную эстафету ад раёна да раёна працягваў рэспубліканскі аўтапрабег «Сімвал адзінства». У пятніцу ён стартаваў у Брэсцкай крэпасці-героі, а ўжо 4 верасня яго сустракалі і ў Ляхавіцкім раёне.

Прыпыначным пунктам на маршруце аўтапрабегу стала плошча Перамогі ў райцэнтры. Хвалюючы момант сустрэчы, ускладанне кветак да помніка воінам-вызваліцелям, хвіліна маўчання ў памяць тых, хто ахвяраваў сваім жыццём, каб наступныя пакаленні жылі пад мірным небам, мелі магчымасць гадаваць дзяцей і вырошчваць хлеб.


Дарэчы, менавіта хлеб – сімвал міру і дабрабыту –  стаў сімвалам гэтай акцыі. Кожны раён, дзе рабіў прыпынак рэспубліканскі аўтапрабег, перадаваў арганізатарам імянны мяшочак са збожжам новага ўраджаю.

1

У нас гэту ганаровую місію даверылі намесніку старшыні ААТ «Жарабковічы» Леаніду Варвашэвічу (на здымку 1).
Да ўдзельнікаў аўтапрабегу з прывітальным словам звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, якая пажадала сваім сучаснікам жыць у моцнай, квітнеючай і мірнай Беларусі:
– А для гэтага мы павінны быць усе разам. Мы павінны цаніць мір, незалежнасць і быць адзіным народам, – падкрэсліла намеснік  кіраўніка раёна.

Пра тое, што сіла дзяржавы – у народзе, у яго адзінстве, гаварылі і арганізатары прабегу – прадстаўнікі РГА «Патрыёты Беларусі», якія падзякавалі ляхавічанам за цёплы прыём, падтрымку і ўручылі сувенір, які да Дня народнага адзінства з’явіцца ў кожным вялікім і малым горадзе краіны: на імправізаванай карце Беларусі – назва райцэнтра і надпіс «Нас усіх аб’ядноўвае родная зямля».
Літаральна некалькі хвілін на важныя словы – і па машынах. Эстафету аўтапрабегу нашы землякі перадалі Баранавічам. З гэтай мэтай у суседні райцэнтр разам з прадстаўнікамі грамадскага аб’яднання «Патрыёты Беларусі» адправіліся і мясцовыя патрыёты –
каля 40 аўтамабіляў, упрыгожаных нацыянальнай сімволікай.
Задума ў арганізатараў эстафеты адзінства грандыёзная: з 3 па 15 верасня аб’ехаць усе вобласці і 118 раёнаў Беларусі.
З зерня, перададзенага кожным раёнам, спякуць вялікі агульны каравай. Фінальнай кропкай аўтапрабегу 17 верасня ў Дзень народнага адзінства стане Мінск.
Святлана СТЫКУЦЬ.

Леанід Варвашэвіч, намеснік старшыні   ААТ «Жарабковічы»:
– Такія мерапрыемствы сапраўды патрэбныя.  Сёння мы яшчэ раз нагадваем усім, што толькі  разам можам зрабіць
нашу краіну больш магутнай, прыгожай, заможнай.
Як і любы аграрый, выдатна ведаю, якой нялёгкай працай здабываецца хлеб. І нездарма сімвалам адзінства на гэтым аўтапрабегу стаў менавіта ён – самы мірны, усім патрэбны, вырашчаны і ўбраны намаганнямі многіх людзей.
Ганаруся, што менавіта мне выпаў гонар прадстаўляць наш раён і сваю гаспадарку – перадаць ляхавіцкае зерне ўдзельнікам аўтапрабегу. Жарабковіцкія хлебаробы і сёлета ўнеслі важкі ўклад у раённы каравай, у вялікую агульную справу. Так – па бункеры, па кузаве, па тоне – і ствараецца харчовая бяспека краіны. Мы таксама за яе ў   адказе.