У беларускага слова – свята. Дзень беларускага пісьменства сёлета праходзіў пад дэвізам «Слова нас аб’ядноўвае»

Ляхавіцкія бібліятэкары ў Капылі сустрэліся з вядомым земляком Алесем Бадаком.

Шматлікія падзеі, сустрэчы і адкрыцці двухдзённай праграмы нацыянальнага свята, што праходзіла ў Капылі, былі прысвечаны тэме Года народнага адзінства. Сярод гасцей XXVIІІ Дня беларускага  пісьменства – і ляхавічане. Сёння яны дзеляцца з землякамі сваімі ўражаннямі.

Вольга ПЛЯШЭВІЧ, дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы:
– Дзень беларускага пісьменства ў нейкай ступені лічу святам прафесійным, бо ён звязаны з кнігай і літаратурай. Разам з супрацоўнікамі купалаўкі і бібліятэкарамі раёна па ўжо добрай традыцыі адправіліся ў святочную сталіцу – Капыль.
Горад у нечым падобны на нашы Ляхавічы – невялікі і ўтульны, прыгожы і гасцінны. Колькі тут усяго падрыхтавалі і арганізавалі да свята, каб у галоўны дзень было што пабачыць і чаму парадавацца. Тэматычныя кампазіцыі, прэзентацыі і інтэрактыўныя пляцоўкі, шматлікія майстар-класы, канцэрты і віктарыны… Пабывалі на адкрыцці  Алеі пісьменнікаў з інтэрактыўнымі лаўкамі. Для кожнага аб’екта зроблены QR-код, з дапамогай якога можна атрымаць доступ да біяграфіі беларускага пісьменніка і пазнаёміцца з яго творамі.
Прыемна ўразілі выставы-фотазоны, аўтарамі якіх сталі ўстановы адукацыі, аховы здароўя, арганізацыі і прадпрыемствы Капыльшчыны. Фота атрымаліся адметныя і крэатыўныя. Цудоўнай падзеяй для нас, ляхавічан, стала сустрэча з земляком Алесем Бадаком, аб якой на памяць застаўся сумесны кадр.
Дзень беларускага пісьменства – унікальная магчымасць убачыць вядомых пісьменнікаў, вучоных, набыць добрую кнігу і натхніцца нашай багатай спадчынай. Асаблівая падзея – узнагароджанне пераможцаў конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія». Пераможцам у намінацыі літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства прызнана кніга Аляксандра Карлюкевіча «Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі». Прыемна, што таленавіты аўтар бываў у нашай купалаўцы.

Іна ЗУБІК, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама:
– У святкаванні Дня беларускага пісьменства прымаю ўдзел чацвёрты раз. І кожнае свята пакідае мноства яркіх уражанняў і ўспамінаў. Цікава было стаць гледачом ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Лаўскі бой», прысвечанай 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Капыль знаходзіцца на ўзвышшы, таму панарама адкрывалася відовішчная і даволі рэалістычная.
Дзень беларускага пісьменства – свята беларускай літаратуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа, магчымасць далучыць нашых школьнікаў да духоўнай культуры і спадчыны. У склад дэлегацыі Ляхавіччыны ўвайшлі навучэнцы школ раёна –выхаванцы цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Ім выпаў гонар паўдзельнічаць у квэст-гульні «Капыльскі рог». Нашы рабяты з цікавасцю выконвалі прапанаваныя заданні, паспрабавалі сілы ў майстар-класах і г. д. Самыя кемлівыя атрымалі цудоўныя сувеніры. Упэўнена, што ў Год народнага адзінства ўдзел школьнікаў у нацыянальным свяце будзе  садзейнічаць выхаванню патрыётаў сваёй Айчыны.