Абноўка не заўсёды да твару. Калі капітальнаму рамонту спатрэбілася работа над памылкамі

«Што нам значыць дом пабудаваць? Намалюем, будзем жыць…». Гэтыя вершаваныя словы многія з нас чулі яшчэ ў дзяцінстве. Але вось у рэальным жыцці ўсё інакш. Перш чым дом будзе гатовы прыняць новых жыльцоў, праходзіць нямала часу, выконваецца нямала працэдур і работ. Гэта і выбар месца для будаўніцтва, выраб праекта, пошук будаўнічай арганізацыі, непасрэдна будаўніцтва, унутраная аддзелка, добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі, здача ў эксплуатацыю і іншыя важныя нюансы. У абавязковым парадку кожны такога кшталту аб’ект атрымлівае пашпарт, у якім указваецца дата пачатку будаўніцтва і яго заканчэння, арганізацыя-заказчык і падрадчык, указваюцца і іншыя даныя. Аналагічны алгарытм і пры капітальным будаўніцтве.

Па словах начальніка аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марыны Завадскай, Ляхавіцкі раён у плане будаўніцтва і ўводу жылля працуе па графіку. За студзень – жнівень у эксплуатацыю ўведзены 4801 квадратны метр жылля – індывідуальнай і шматкватэрнай забудовы, а гэта 74 працэнты ад гадавога задання. Асноўны аб’ект, які прыняў навасель-
цаў, – 54-кватэрны дом № 62 па вуліцы Леніна.
А вось да капітальнага рамонту (яго тэмпаў, якасці і г. д.) пытанняў куды больш, як і абгрунтаваных скаргаў.
Адназначна, радаваліся жыльцы дома № 21 па вуліцы Чкалава, якія вельмі чакалі капітальнага рамонту, калі іх жаданне, у рэшце
рэшт, збылося. Як і планавалася, работы пачаліся сёлета 12 сакавіка. У пашпарце аб’екта значылася ў якасці завяршэння капітальнага рамонту дата «май 2021 года». Заказчыкам аб’екта выступіла ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Ганцавіцкага раёна, падрадчыкам – ПМК-13, субпадрадчыкам – КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Калі больш зразумела, частку дома капітальна рамантавала ПМК-13, другую – камунгас.
На будаўнічай пляцоўцы з’явіліся рыштаванні, агароджа.
То тут, то там пашкоджваліся дарожкі ці асфальтавае пакрыццё, нязручна было дабірацца да пад’ездаў, але жыльцоў гэта хоць і непакоіла, людзі разумелі:
усё часова, галоўнае – рамантуемся. На жаль, сапраўдныя нагоды для трывог не прымусілі чакаць. На раскрыты дах шматпавярховіка пайшлі дажджы… Вада трапіла ў кватэры і заліла шпалеры, столь, падлогу. А некаторыя жыльцы толькі-толькі зрабілі рамонт у сваіх кватэрах. Зразумелыя роспач і абурэнне людзей: шкада як грошай, так і зробленага.
Неаднойчы грамадзяне звярталіся са скаргамі ў розныя службы, тэлефанавалі і на прамыя лініі, якія праводзілі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка і старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз. Усе звароты трымаліся на кантролі да поўнага вырашэння праблемы.
– Скаргі тычыліся якасці выконваемых работ, у прыватнасці, замены і ўстаноўкі ўваходных груп у пад’ездах. Ды і праведзеная работа над памылкамі па рамонце кватэр, якія пацярпелі ад дажджу, аказалася ў некаторых выпадках нядобрасумленнай, чым выклікала чарговае абурэнне жыльцоў. Па кожным факце праводзілася разбіральніцтва, на месца выязджала камісія і рабіла высновы канкрэтна па кожным выпадку. Прычым негатыўных момантаў адзначалася больш па камунгасу, чым па ПМК-13, – канстатуе Марына Завадская.
Не спадабалася тутэйшым жыльцам і тая карціна, якую пакінулі пасля сябе будаўнікі: рэшткі будматэрыялаў, пашко-
джаны асфальт, ямы і г. д. Трэба выпраўляць – гэта ў абавязках і падрадчыкаў, і субпадрадчыкаў.
Акрамя якасці выконваемых работ, некаторыя жыльцы пады-
малі тэму цеплавой рэабілітацыі. Як патлумачылі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, пасля таго, як быў зацверджаны праект капітальнага будаўніцтва і пачаліся работы, немагчыма ўносіць дапаўненні. Цяпер цеплавую рэабілітацыю жыльцы  дома могуць зрабіць за ўласныя сродкі. У сувязі з вышэйпералічаным пераносіўся і тэрмін здачы аб’екта, якая, у рэшце рэшт, адбылася 30 чэрвеня 2021 года.
– Якасць выконваемых работ – бясспрэчнае патрабаванне да дзейнасці любой будаўнічай арганізацыі. Ад гэтага ў многім залежыць тэрмін службы дамоў і, галоўнае, камфорт жыльцоў. Яшчэ адзін важны момант – працоўная дысцыпліна і адказнасць кожнага за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў. Пры гэтым увага кіраўніцтва і спецыялістаў – на выкананне правілаў бяспекі і ахову працы:  чалавек павінен прыходзіць на работу і вяртацца дамоў здаровым, – сцвярджае намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк.
Дом № 21 па вуліцы Чкалава сёлета на Ляхавіччыне адзіны, дзе запланаваны капітальны рамонт. Планамі на год наступны падзялілася Марына Завадская:
– Пры дастатковым фінансаван-ні ў 2022 годзе капітальны рамонт пачнецца на наступных аб’ектах: Южакова, 6а, Чкалава, 7 у райцэнтры, Маякоўскага, 1 у Каранеўшчыне, Заводская, 7 у Тухавічах.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.