Усходні экспрэс. Як жыхары Ляхавіччыны адзначалі дзесяцігоддзе ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР, нагадвае архіў раёнкі

Выбудоўванне сваёй новай, па-сапраўднаму народнай гаспадаркі на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі, у склад якой уваходзілі землі будучага Ляхавіцкага раёна, пачалося ці не сінхронна з паспяховым завяршэннем вызваленчага паходу Чырвонай Арміі. Літаральна адразу за «кветкамі вызваліцелям» пачалося фарміраванне актыву, адміністрацыйных органаў, рыхтавалася база, якая ў хуткім часе выступіла драйверам шэрага пачынанняў культурна-асветніцкага, адукацыйнага, сельскагаспадарчага, прамысловага напрамкаў.

Пачынаючы з вясенніх месяцаў  1940-га ў Ляхавіцкі раён Баранавіцкай вобласці сталі прыбываць спецыялісты самых розных напрамкаў дзейнасці, кваліфікацый з усходніх тэрыторый краіны. Пачалося дастаткова інтэнсіўнае, наколькі дазвалялі ўмовы таго часу, камплектаванне кадраў ва ўстановах, арганізацыях і на прадпрыемствах Ляхавіччыны.
Як расказвае кніга «Памяць. Ляхавіцкі раён», вельмі важным момантам, сапраўднай падзеяй для раёна стала стварэнне машынна-трактарнай станцыі. Галоўныя ролі ў Ляхавіцкай МТС належалі, як сказалі б зараз, запрошаным спецыялістам. Прыбылі дырэктар, загадчык палітычнага аддзела, механік на пасадзе брыгадзіра, трактарыст. Паралельна таму на шасцімесячныя курсы трактарыстаў у Гомельскую вобласць была адпраўлена група мясцовых маладых людзей. У канцы лета – пачатку восені яны вярнуліся спецыялістамі – сталі першым мясцовым папаўненнем атрада механізатараў Ляхавіцкай МТС. Адразу ж уключыліся ў работу – рыхтавалі  глебу пад азімыя палеткі ўжо створаных калгасаў – пад ураджай-1941, які, як ведаем, быў сабраны вельмі і вельмі часткова.
…Між іншым, калі ўвесну 1940 года ў раёне дзейнічалі два калгасы (у Жарабковічах і Гулічах), то на пачатак чэрвеня 1941 года – ужо 11 калгасаў, Ляхавіцкая МТС налічвала восем трактароў, легкавы і тры грузавыя аўтамабілі. На кожны трактар мелася па камплекце сельскагаспадарчай тэхнікі (плуг, сеялка, жняярка, касілка).
У тым жа 40-м у раёне пачала стварацца спажывецкая кааперацыя. Адкрываюцца сельмагі, сталі актыўна папаўняцца шэрагі спажыўкааператараў, было створана райпо, некалькі сельпо.
У колішнім Сваятыцкім палацы размясціўся зааветэрынарны тэхнікум. Быў ён са сваім інтэрнатам і набіраў на вучобу пераважна юнакоў і дзяўчат з заходняй часткі краіны. Зразумела, што значную частку навучэнцаў фарміравала моладзь Ляхавіччыны.
На сярэдзіну 1940 года прамысловасць раёна (без уліку горада) фарміравалі 11 разрознена размешчаных млыноў, тры цагляныя і столькі ж лесапільных заводаў. Працавала пэўная колькасць вытворчасцяў саматужнага, як піша раённая кніга «Памяць», тыпу. Адны з іх спецыялізаваліся на вырабе бочак-кадушак, іншыя – на пляценні кошыкаў з лазы, выпрацоўцы аўчын і іншае. У горадзе
працавала і выдавала свае 40 кілават за гадзіну энергіі электрычная станцыя. Мелася гарбарная вытворчасць.
Як у плане гаспадарча-эканамічных стасункаў выглядае народжаны
15 студзеня 1940 года раён сёння? Хочацца адзначыць высокія ўдоі, надоі і прывагі буйной рагатай жывёлы  СВК «Ляхавіцкі», важкі збожжавы колас ААТ «Жарабковічы», тэмп развіцця  сельскагаспадарчага ААТ «Нача».

У прамысловасці раёна на змену былой саматужнай вытворчасці прыйшлі вытворчасці сучасныя, глыбокай перапрацоўкі, з магчымасцю працаваць у рэжыме высокай дабаўленай вартасці. ААТ ТБЗ «Ляхавіцкі» з’яўляецца, па сутнасці, заводам-пасёлкам, другім па велічыні сярод аднатыпных прадпрыемстваў краіны, мае значны ўплыў як на ўнутраным, так і экспартным рынку. Пастаянным і паспяховым іграком на харчовым рынку з’яўляецца Ляхавіцкі малочны. Ён рэгулярна прапануе спажыўцу нешта новае. Завяршаецца мантаж абсталявання, і хутка мы ўбачым сметанковае масла ляхавіцкіх малочнікаў у дзесяціграмовай пластыкавай упакоўцы. А яшчэ ёсць Ляхавіцкі льнозавод, які сам вырошчвае, першасна перапрацоўвае (у тым ліку на алей і паліўныя брыкеты) сваю парадукцыю. Ёсць завод кансервавы, асобныя з вытворчых пазіцый якога з’ўляюцца арыгінальнымі распрацоўкамі.
Ёсць нямала іншых арганізацый і прадпрыемстваў арганізацыйных структур, якія паспяхова працуюць на свае калектывы, раён, вобласць і краіну Беларусь.

Іван КАВАЛЕНКА.