Крэатыўнае абнаўленне. Ляхавічане падрыхтавалі падарункі райцэнтру да Дня народнага адзінства і Дня горада

Гарадскі сквер упрыгожыла імянная лаўка цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна.

У скверы каля фантана гэтымі днямі кіпіць работа: устанаўліваюцца эксклюзіўныя лаўкі. Гэта падарунак землякам і райцэнтру да Дня народнага адзінства і да Дня горада, які падрыхтавалі прадпрыемствы, установы і арганізацыі розных формаў уласнасці. Яшчэ ў лютым стартаваў ініцыяваны райвыканкамам конкурс «Крэатыўная лаўка», а зараз падводзяцца яго вынікі.
– Па ўмовах конкурсу матэрыялам для лавак павінны былі стаць дрэва ці метал. Абавязковыя патрабаванні –  зручнасць, функцыянальнасць, бяспечнасць, трываласць. Арт-аб’ект можа быць тэматычным, прысвечаным прафесіі, асобе, памятнай даце і г. д. Кожную з
15 прадстаўленых работ журы ацэніць па дзесяцібальнай сістэме, улічваючы творчую задумку, якасць вырабу, надзейнасць і трываласць канструкцыі. Пераможцы будуць названы ў некалькіх намінацыях. Многія работы ўразілі неардынарным і цікавым рашэннем, прычым, як па тэматыцы, так і па выкарыстоўваемым матэрыяле. Прыходзьце ў сквер, убачыце і ацэніце самі. Дарэчы, некаторыя лаўкі былі ўстаноўлены раней. Напрыклад, СДЮШАР і ТЦСАН паставілі іх каля сваіх будынкаў, а камунгас – на беразе Ведзьмы, – адзначыла галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука.
Пераможцы раённага конкурсу «Крэатыўная лаўка» будуць узнагароджаны падчас святкавання Дня горада 18 верасня.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

«Інтэлектуальная» лаўка ад СШ № 1.
Падарунак ад ПМК-13.
Такую лаўку падарыла гораду ПМС.