26 июня свой профессиональный праздник отмечают работники белорусской прокуратуры

Прокурор Ляховичского района Сергей Дежко

26 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі беларускай пракуратуры.
Іх прафесійны клопат — вяршэнства закона. Зона ўвагі ў літаральным сэнсе ахоплівае ўсе сферы жыцця: ад эканомікі да вытворчасці, ад аховы працы да аховы здароўя, ад дзіцячай безнагляднасці да бацькоўскай адказнасці… І пералік гэты далёка не вычарпальны.
Няпоўныя 2 месяцы, як у пракуратуры раёна новы кіраўнік. Сёння пракурор раёна саветнік юстыцыі Сяргей ДЗЯЖКО адказвае на пытанні карэспандэнта «ЛВ».

— Сяргей Мікалаевіч, як вы можаце ахарактарызаваць крымінагенную сітуацыю ў нашым раёне?
— У цэлым сітуацыя пад кантролем. Работа, якая ажыццяўляецца пракуратурай сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі, садзейнічае забеспячэнню законнасці і правапарадку. На тэрыторыі раёна адзначаецца істотнае зніжэнне зарэгістраваных злачынстваў, зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых нецвярозымі асобамі, раней судзімымі. У той жа час хацелася б адзначыць, што ўдзельная вага злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення, складае больш за 45 працэнтаў ад агульнай колькасці, больш за 60 працэнтаў — на рахунку асоб, якія нідзе не працуюць.
Нягледзячы на нязначную колькасць учыненых непаўналетнімі злачынстваў, іх удзельная вага ў агульнай статыстыцы злачыннасці высокая.
Па-ранейшаму больш за палову злачынстваў складаюць крадзяжы.
— Якія праблемы больш за ўсё непакояць пракурора раёна? І якія шляхі іх вырашэння вы бачыце?
— Мяне, як пракурора, вельмі хвалюе алкагалізацыя насельніцтва, якая не толькі з’яўляецца спрыяльнай умовай для ўчынення правапарушэнняў, але і цягне гібель людзей з-за празмернага ўжывання спіртнога. Асабліва непакоіць тое, што алкагольныя напіткі ўжываюць і непаўналетнія. З пачатку года 8 навучэнцаў устаноў адукацыі ўчынілі правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Таму надзвычай важна ўдзяляць павышаную ўвагу падлеткам, не занятым у вольны ад вучобы час, прыцягваць іх да гуртковай работы, заняткаў спортам. Найбольш востра паўстае гэтае пытанне ў час канікулаў. Наогул жа, неабходна больш актыўная прафілактычная работа з такімі рабятамі, у тымі ліку — вывучэнне ўмоў выхавання ў сям’і.
Безумоўна, гэта далёка не адзіная надзённая праблема. Яшчэ не ўсе кіраўнікі арганізацый прынялі меры па штодзённым кантролі за захаваннем работнікамі патрабаванняў тэхнікі бяспекі і аховы працы. А гэта — перадумова для няшчасных выпадкаў. Напрыклад, на адных і тых жа будаўнічых аб’ектах ПМК-17 у красавіку і маі бягучага года пракуратурай раёна выяўляліся парушэнні правілаў аховы працы: адсутнасць будаўнічых агароджаў, касак у рабочых, работа без засцерагальных паясоў. У сувязі з гэтым пракуратурай раёна ініцыявана прыцягненне службовых асоб прадпрыемства да адміністрацыйнай адказнасці.
Маюцца недахопы ў арганізацыі прафілактычнай работы з асобамі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, — недапрацоўваюць і сельвыканкамы, і райаддзел унутраных спраў. Неабходна палепшыць узаема-дзеянне паміж гэтымі органамі, забяспечыць абмен інфармацыяй пра такіх асоб, правапарушэнні. Варта павысіць ролю савета грамадскіх пунктаў, якія павінны дасканала ведаць сітуацыю на тэрыторыі свайго сельсавета, каардынаваць работу членаў савета, распрацоўваць прапановы па пытаннях аховы грамадскага парадку і прафілактыкі правапарушэнняў, а не абмяжоўвацца толькі разглядам паводзін грамадзян на сваіх пасяджэннях.
Пракуратура ажыццяўляе нагляд за захаваннем заканадаўства, адпаведнасцю закону судовых пастаноў, выкананнем закона пры правядзенні следства, разглядзе заяў і паведамленняў пра злачынствы. Улічваючы, што ў пракуратуру паступаюць звароты грамадзян і юрыдычных асоб, праблемы ці пытанні, якія ўзнікаюць па тым ці іншым накірунку нагляду, вырашаюцца, у тым ліку, і з дапамогай прымянення актаў пракурорскага нагляду.
Да слова, пракуратурай з пачатку года для ўхілення парушэнняў закона, прычын і ўмоў, што спрыяюць іх учыненню, унесена 9 прадстаўленняў, вынесена 9 прадпісанняў, апратэставана 5 незаконных актаў, 34 асобы атрымалі афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства, 5 асоб прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
— У працяг тэмы работы са зваротамі. З якімі пытаннямі звяртаюцца ў пракуратуру нашы землякі ?
— Гэта важны накірунак дзейнасці пракуратуры. Сёлета ад грамадзян і юрыдычных асоб паступіла 56 зваротаў. Пытанні, што ўзнімаліся ў іх, у асноўным датычылі нязгоды з рашэннямі органаў унутраных спраў ці следчага камітэта. Варта адзначыць, што ў шэрагу выпадкаў звароты прызнаваліся абгрунтаванымі, і працэсуальныя рашэнні органа дазнання, папярэдняга следства пракуратурай адмяняліся.
— Пра важнасць прафілактычнай работы для папярэджання злачынстваў і правапарушэнняў гаворыцца нямала. Як вы ацэньваеце яе канкрэтныя вынікі? Што трэба зрабіць, каб прафілактыка была больш дзейснай і эфектыўнай?
— Пра вынікі прафілактычнай работы можна меркаваць па стане злачыннасці. У нас, як я ўжо згадваў, яна на даны момант зніжаецца. Тым не менш, у гэтым накірунку належыць зрабіць яшчэ многае. Напрыклад, на ранняй стадыі выяўляць асоб, схільных да ўчынення правапарушэнняў, своечасова выяўляць неўладкаваныя сем’і.
У прафілактычную работу ўцягнуты не толькі пракуратура, але і іншыя дзяржаўныя органы. Пры гэтым Законам «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» вызначаны паўнамоцтвы суб’ектаў прафілактыкі і асноўныя накірункі прафілактычнай дзейнасці. Важна гэта ажыццяўляць ва ўзаемадзеянні. Канкрэтны прыклад з нашай работы: калі міліцыя прыцягвае да адміністрацыйнай адказнасці асоб, якія кіравалі транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, а пракурор аб’яўляе ім афіцыйныя папярэджанні аб недапушчальнасці ўчынення аналагічнага правапарушэння, растлумачвае наступствы супрацьпраўных паводзін. Лічу, такі падыход дасць пэўны эфект, і ў наступны раз чалавек двойчы падумае, перш чым сесці за руль «пад градусам».
— Сёння ў работнікаў пракуратуры прафесійнае свята, якое яны, між іншым, сустракаюць не за святочным сталом, а за сваімі звычайнымі справамі — у кабінетах, працуючы з дакументамі; у судзе, прадстаўляючы дзяржаўнае абвінавачванне; на прадпрыемствах і ў арганізацыях з праверкамі…
— Сапраўды. І, карыстаючыся выпадкам, хацелася б павіншаваць калег з прафесійным святам і ўсім работнікам пракуратуры пажадаць трывалага здароўя, прафесійнага росту, дабрабыту і спакою ў сем’ях.
Гутарыла Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *