У новае жыццё з песнямі

Ляхавіцкі край заўжды славіўся таленавітымі творчымі землякамі. Нягледзячы на нацыянальны прыгнёт, і пад панскай Польшчай продкі цягнуліся да мастацтва.

У 1911 годзе ў вёсцы Рачканы нарадзіўся будучы беларускі паэт і ўдзельнік камуністычнага падполля ў Заходняй Беларусі Янка Чабор. Яшчэ юнаком Янка прагна чытаў вершы Купалы і Коласа, а потым і сам стаў пісаць, акрамя таго, вёў прапагандысцкую работу сярод беларускіх студэнтаў, быў адказным рэдактарам «Літаратурнай старонкі», і разам з іншымі актывістамі-газетчыкамі яго арыштавалі ў 1933 годзе. Выступаючы з прамовай на судзе, Янка Чабор гаварыў: «Вінаватым сябе не прызнаю, вінаватыя тыя, хто прынёс у Заходнюю Беларусь галечу і няволю, –  польскія паны». Па прыгаворы ён атрымаў пяць гадоў турмы. Прысуд, як і іншыя паплечнікі, па ўспамінах сведкаў, сустрэў маўклівай пагардай, бо «ласкі ад паноў не чакалі» (з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён»).
У сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя ў барацьбе за нацыянальнае вызваленне значнае месца займаў рух за беларускую школу. З 1926 года ў нашым раёне дзейнічалі гурткі Таварыства беларускай школы. Нягле-дзячы на праследаванні ўлад панскай Польшчы, Таварыства праводзіла вялікую культурна-асветніцкую работу. Так, быў створаны мастацкі калектыў «Наперад» у вёсцы Малая Лотва (цяпер вуліца Кастрычніцкая ў Ляхавічах). На яго спектаклі прыходзілі і з навакольных вёсак. Падобныя калектывы ўзнікалі ў Жарабковічах, Канюхах, Падлессі, Шавялях, Зубелевічах, Перахрэсці, Мыслабажы. З успамінаў Аляксандры Паўлаўны Гуліцкай з вёскі Шавялі: «У Шавялях была створана мастацкая самадзейнасць, дзейнічаў драмгурток. На пастаноўку п’есы мы бралі дазвол у Баранавіцкага старасты. Для адводу вачэй спачатку ставілася невялікая польская камедыя, а затым цудоўныя беларускія ананімныя п’есы. Даволі вялікае памяшканне школы, дзе праходзілі нашы выступленні, не ўмяшчала ўсіх гледачоў. Жадаючыя прысутнічаць на спектаклях прыязджалі нават за 20–30 кіламетраў… Часта, асабліва зімовымі вечарамі, збіраліся ў чыёй-небудзь хаце, чыталі творы Я. Купалы, М. Багдановіча, зборнік «Шум баравы»  М. Васілька, часопіс «Маланка» і інш.» (з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён»).
Надзвычай цікавыя наступныя радкі з данясення Баранавіцкай павятовай камендатуры паліцыі павятоваму старасце: «…6 сакавіка 1938 г. каля 19 гадзін у доме Захара Каляды ў в. Жарабковічы Ляхавіцкай гміны Баранавіцкага павета сабралася моладзь мужчынскага і жаночага полу, якая распявала камуністычныя песні. Між іншым, яны вучыліся спяваць камуністычную песню «Молодым везде у нас дорога, старикам везде у нас почёт».
Пасля вызначальнай для далейшага лёсу Беларусі падзеі – уз’яднання Заходняй Беларусі і БССР, культурнае жыццё на Ляхавіччыне сапраўды набыло другое дыханне – куды больш аптымістычнае, узнёслае і натхнёнае. Цэнтрамі культурна-асветніцкай работы ў сельскай мясцовасці сталі хаты-чытальні. Моладзь актыўна арганізоўвала гурткі мастацкай самадзейнасці. Праз некалькі месяцаў пасля гістарычна вызначальнай даты 17 верасня 1939 года пачала стварацца раённая бібліятэка, першым яе адрасам стаў адзін з будынкаў сённяшняй дзіцячай школы мастацтваў. З дня ў дзень бібліятэка папаўнялася новымі кнігамі, і на пачатку  1940 года гасцінна расчыніла дзверы для чытачоў. Вытрымка са справаздачнага даклада ляхавіцкага РК КП (б)Б, датаваная 9 красавіка 1940 года: «…У раёне ёсць 40 хатаў-
чытальняў і чырвоных куткоў, у якіх ёсць невялікія бібліятэчкі, выпісваюцца газеты і дзе-нідзе ўстаноўлена радыё» (з кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён»).
Адпаведна раённая бібліятэка камплектавала сельскія бібліятэкі, хаты-чытальні. Сапраўдным падарункам для ляхавічан стала стацыянарная кінаўстаноўка ў будынку былой пажарнай аховы. «Кіно прывезлі!» – гэта вестка імгненна разляталася па наваколлі. І людзі з усёй акругі спяшаліся на кінапаказ.
Менавіта напрыканцы 1939 года пачаў адлік сваёй творчай біяграфіі народны хор вёскі Вялікае Падлессе, які праз год быў удастоены вялікага гонару выступаць на канцэрце ў Маскве.
Багатая культурная спадчына беражліва перадавалася з пакалення ў пакаленне. І сённяшнія культработнікі не толькі яе захоўваюць, але і папаўняюць творчую скарбонку Ляхавіччыны. Сёння культурна-мастацкая ніва – гэта 21 клубная ўстанова, 19 бібліятэк, тры дзіцячыя школы мастацтваў, 21 калектыў са званнямі «народны» і «ўзорны» і каля 300 культработнікаў.

Галіна КАНЬКО.