Мой родны дом – бібліятэка. Калектыў і ветэраны цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ляхавіцкага раёна адзначаюць прафесійнае свята

У прафесію яе прывяла школьная настаўніца. Не за ручку, канешне, – матывам выступіла своечасова дадзеная парада. Калі адзінаццацікласніца сур’ёзна і, верагодна, не ўпершыню задумалася пра выбар працоўнага шляху, педагог далікатна парэкамендавала: «А чаму б табе, Вольга, не пайсці ў бібліятэкары?».
Пайшла, адвучылася, каб праз нядоўгі час стаць не проста, а галоўным бібліятэкарам раёна.

Гэта даволі вольнае абазначэнне, якое сутнасці яе пасады адпавядае не ў поўнай ступені. Вольга Пляшэвіч (на здымку) – дырэктар Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. З адпаведным колам абавязкаў, дзе творчая паэзія перакрыжоўваецца з паўсядзённай рэальнай прозай працоўнага жыцця. Кадры, фонды, сродкі, нерухомая база, арганізацыя шматлікіх выстаў, тэматычных конкурсаў, іншае падобнае. Дарэчы, пра конкурсы: сённяшні Дзень бібліятэк Вольга Анатольеўна адзначыць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Прадугледжана культурная праграма, будуць віншаванні і ўзнагароды. Дыплома другой ступені Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма ўдастоілася па выніках Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяроддзе нацыянальнай культуры». У намінацыі «за пошукавую і даследчую працу» раённыя бібліятэкары выступілі з працай «Тапанімічны слоўнік «Мова маёй зямлі».
– Прайшлі вельмі жорсткі адбор. Адно тое, што пропускам на нацыянальны ўзровень служыла перамога ў аналагічным абласным этапе конкурсу, гаворыць пра многае. У зборы матэрыялаў для нашага слоўніка прымалі ўдзел практычна ўсе бібліятэкі раёна. А групавалі, сістэматызавалі і фарміравалі сабранае ў адзіную закончаную тэму-работу супрацоўнікі сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных рэсурсаў цэнтральнай бібліятэкі, – тлумачыць дырэктар. Пра тое, што гэты поспех не першы, Вольга  Пляшэвіч сціпла не распаўсюджваецца.
Яе шлях у дырэктары пачынаўся звычайна-традыцыйна – з вучобы ў спецыялізаванай установе. Адкрываць новыя імёны і літаратурныя вобразы было заўсёды цікава, але адбывалася не заўсёды проста.
– За ноч, часам, даводзілася перачытаць салідныя тамы твораў. Беларуская літаратура, замежная і руская, а яшчэ дзіцячая, чытаць якую, а пасля і разбіраць на семінарах мне найбольш падабалася. Лічу, што многае залежыць ад выкладчыка – наколькі цікавы ён у падачы  свайго прадмета, у такой жа ступені фарміруецца і адваротная зацікаўленасць. Мы вялі чытацкія дзённікі. Дык дзённік па прадмеце «дзіцячая літаратура» захоўваю да гэтай пары, –паглыбляецца ў гады вучобы дырэктар РЦБС.
Зараз яе культурная гаспадарка распаўсюджваецца на ўсю Ляхавіччыну. У склад раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы ўваходзяць 19 бібліятэк. Цэнтральная і дзіцячая размешчаны ў райцэнтры, яшчэ 16 працуюць у аграгарадках і вёсках раёна. А тыя з населеных пунктаў, што не трапляюць у спіс  «бібліятэчных», з’яўляюцца зонай адказнасці бібліятэкі на колах. Мабільная, на базе аўтобуса, бібліятэка адпраўляецца ў дарогу кожны аўторак і чацвер. Распрацаваны восем пастаянных маршрутаў, якія ахопліваюць у агульнай колькасці 21 населены пункт раёна. У сістэме заняты 50 работнікаў,  з якіх больш за чатыры дзясяткі – бібліятэкары.
– Сёння, каб паспяхова працаваць бібліятэкарам, неабходна мець разнапрофільную падрыхтоўку. Быць псіхолагам, праграмістам, маркетолагам, дызайнерам і карэктарам у адной асобе. А каб надоўга затрымацца ў нашай прафесіі, чалавек павінен шчыра любіць яе, быць крыху апантаным, – не без гонару за сваіх работнікаў сцвярджае дырэктар.


А яшчэ Вольга Пляшэвіч з цеплынёй узгадвае ветэранаў бібліятэчнай сістэмы. За тое, што сфарміравалі і паднялі справу на варты ўзровень, які і зараз з’яўляецца дастаткова высокім, працягвае працаваць і даваць вынік па многіх з напрамкаў дзейнасці. Не без шкадавання ўспрымае той факт, што колькасць наведвальнікаў апошнім часам некалькі скарацілася.
– Зараз замест знаёмства з «жывой» кнігай многія перайшлі на чытанне яе электроннай версіі. Дарэчы, пра іх мы таксама думаем і клапоцімся. Ужо каля двух гадоў, як цэнтральная раённая бібліятэка запусціла новы праект. Запрацавала так званая электронная бібліятэка «ЛітРэс». Усё, што ад вас патрабуецца, – наведацца ў чытальную залу, зарэгістравацца і атрымаць ключ-доступ да цікавага вам твора.
Кніга прыйдзе на вашу электронную пошту.  Для наведвальніка паслуга не каштуе нічога, – гаворыць Вольга Пляшэвіч.
Яна, дарэчы, сёлета ўдастоена ганаровага звання «Чалавек года» Ляхавіччыны ў намінацыі «культура, мастацтва, духоўнае адраджэнне, СМІ, грамадская дзейнасць». Вельмі красамоўная адзнака.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.