А справаздачы былі непраўдзівыя. За ўтойванне падзяжу жывёлы асудзілі работніка аднаго з прадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна

Фота БЕЛТА

На судовым пасяджэнні абвінавачваная поўнасцю прызнала сваю віну ва ўчыненым злачынстве.
Жанчыну прызналі вінаватай па ч. 1 арт. 427 КК Рэспублікі Беларусь («унясенне службовай асобай заведама непраўдзівых звестак і запісаў у афіцыйныя дакументы, учыненае з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства»)
.
Абвінавачваная працуе на пасадзе памочніка брыгадзіра МТФ на адным з прадпрыемстваў раёна і з’яўляецца службовай асобай. З мэтай пазбегнуць дысцыплінарнай адказнасці, стварэння бачнасці дабрабыту на давераным ёй участку работы яна скрыла падзеж 27 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы за перыяд з 1 студзеня па 5 мая 2021 года. Жанчына ўнесла ў афіцыйныя дакументы – справаздачы формы 311-АПК, што з’яўляюцца падставай для абагульнення даных аб наяўнасці і руху жывёл па ферме за справаздачны перыяд, – заведама непраўдзівыя звесткі і запісы аб колькасці загінулай жывёлы, пазначыўшы рэалізацыю насельніцтву і работнікам замест адлюстравання ў графе «падзеж». Пасля чаго падпісала справаздачы і перадала ў бухгалтэрыю прадпрыемства для ўліку.
За ўказаныя дзеянні жанчыне назначана пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ па месцы працы на тэрмін адзін год з утрыманнем у даход дзяржавы
15 працэнтаў, але не менш за адну базавую велічыню штомесяц.
Аліна МАЦКЕВІЧ,
памочнік пракурора раёна.