529 – узрост маладосці. А ў нас сёння зноў нагода для віншаванняў! На свой чарговы – 529-ы – дзень нараджэння ўсіх запрасілі Ляхавічы

Вуліца Леніна.
Крэатыўныя лаўкі ў скверы каля фантана.

А ў нас сёння зноў нагода для віншаванняў! На свой чарговы – 529-ы – дзень нараджэння ўсіх запрасілі Ляхавічы

Слова пра тое, што было, што маем сёння, і пра спадзяванні на будучыню – нашым землякам. А ў якасці фотасуправаджэння сёлетнія гарадскія абноўкі: ад архітэктурных інсталяцый да кардынальна абноўленых будынкаў і вуліц. Безумоўна,
гэта не вычарпальны пералік, а ўсяго некалькі штрыхоў да гарадской гісторыі, якую пішам усе мы разам. Пішам з любоўю, клопатам і жаданнем зрабіць свой горад яшчэ больш прыгожым, утульным і гасцінным.

Вуліца Леніна, 62.

Валянціна ЮРЛЕВІЧ, вядучы спецыяліст прадстаўніцтва Брэсцкага абласнога ўпраўлення па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Ляхавіцкага раёна:
– Мой працяглы раман з горадам, які стаў другой радзімай, пачаўся 37 гадоў назад. Тады пасля заканчэння Гомельскага кааператыўнага інстытута прыехала па размеркаванні ў Ляхавіцкае сельпо на пасаду намесніка галоўнага бухгалтара. Цяпер нават ужо і не ўяўляю, што магла апынуцца ў Магадане, куды збіралася размяркоўвацца…
Нібы сёння, памятаю адчуванне: трапіла ў казку, што пачынаецца прыгожай «зялёнай» аркай з дрэў… Сама я родам з Давыд-Гарадка, там тады не было столькі лясоў, дрэў.
Ляхавічы ў 80-я гады мінулага стагоддзя – цікавыя і незабыўныя ўспаміны. Колькі фільмаў паглядзела ў кінатэатры «Кастрычнік», дзе амаль штодня былі аншлагі. Тады толькі адкрылася кааператыўнае кафэ «Алеся», яно было вельмі папулярнае, каб вечарам у выхадны трапіць, запісваліся загадзя.
Жыла ў сястры на вуліцы Арлоўскага – тады гэта быў перспектыўны маладзёжны мікрараён. У цэнтр ішлі па вуліцы Кастрычніцкай, там вечарам не пуставала ні адна лавачка. Паспрабуй толькі не павітайся!
Тады яшчэ і не думала, што хутка сама стану лотаўкай (Малая Лотва –  так і сёння часта называюць гарадскую вуліцу Кастрычніцкую) – пайду замуж за мясцовага хлопца. Больш за 20 гадоў працавала ў спажыўкааперацыі – галоўным бухгалтарам, намеснікам старшыні праўлення. Пачынала працоўную біяграфію пад кіраўніцтвам Уладзіміра Сабалюка, доўгі час старшынёй праўлення быў Раман Русакевіч. Яшчэ дзесяцігоддзе – на пасадзе галоўнага бухгалтара ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Ляхавічы – гэта і мая сямейная гісторыя. Са старэйшай сястрой мы так расхвальвалі горад малодшай Вользе, што і яна з Маладзечна прыехала сюды, дзе нарадзілася і яе сям’я – пайшла замуж за брата майго мужа.
У маім горадзе нарадзіліся мае сын і дачка. Сын зараз з сям’ёй у Мінску, дачка працуе ў райбальніцы, з мужам пабудавалі ў Ляхавічах кватэру. А я ваджу ўнукаў на гурткі-секцыі – для дзяцей у нашым райцэнтры створаны выдатныя ўмовы.
Ці люблю я Ляхавічы? Не проста люблю, а бязмежна. І ганаруся, што я частка горада з багатай гісторыяй і гасціннымі людзьмі.

Ганна МАЛЕВІЧ, ляхавічанка:
– Лепшы горад на зямлі! І гэта мае любімыя Ляхавічы. Я ляхавічанка. Нарадзілася, правяла дзяцінства і юнацтва ў Крывошыне, працавала ў Ліпску. І вось ужо 45 гадоў жыву ў нашым утульным райцэнтры. Заўжды ад гэтага горада вее цеплынёй, пяшчотай, тут цудоўныя, добразычлівыя людзі – так было, так і ёсць.
Для мяне, вясковай дзяўчыны, кожны прыезд у горад быў сапраўдным святам і, канешне ж, марыла тут жыць, працаваць. У 1976 годзе назаўжды прыехала ў Ляхавічы. Адразу захапіла камсамольская  работа – працавала спачатку  загадчыкам арганізацыйнага аддзела, потым сакратаром райкама камсамола. Што гэта за цудоўны быў час! Успаміны самыя шыкоўныя! Колькі моладзі вакол! Толькі ў саўгасе-тэхнікуме вучылася каля паўтары тысячы юнакоў і дзяўчат! І цяпер з задавальненнем сустракаю, нам ёсць пра што пагаварыць, успомніць тых, хто аб’яднаны камсамольскім запалам. Дзякуючы камсамолу, даведалася, што такое вытворчасць, прамысловасць – пабывала на ўсіх прадпрыемствах горада.
Адно з маіх колішніх самых любімых месцаў – кніжны магазін. Пасля камсамольскай работы да выхаду на пенсію настаўнічала. Незабыўны час. Якія таленавітыя мае калегі – высакакласныя педагогі. А дзеці! Лепшых за ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак дакладна няма!
Лічу, Ляхавічы сёння – горад камфортны для жыцця, прычым для землякоў розных узростаў. Колькі магчымасцей для падрастаючага пакалення рэалізаваць свае таленты, здольнасці: шматлікія школьныя гурткі, заняткі ў СДЮШАР, цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Прычым, усё гэта бясплатна.
Прыемна, што не забываюць і пра тых гараджан, якія цяпер на заслужаным адпачынку. Для мяне сапраўды другой сям’ёй стала аддзяленне дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН. У нас столькі агульнага! Мы збіраемся разам не толькі, каб спяваць, рэпетыраваць, ладзіць мерапрыемствы. Галоўнае і самае важнае – зносіны. Як жа гэта неабходна – знаходзіць аднадумцаў, тых, з кім табе цікава і не да суму. Мы дзелімся рэцэптамі, ураджаем, смачнымі пачастункамі, дапамагаем, адзін аднаго падтрымліваем. І сапраўды цікава таму, хто сам актыўны. У нас усе такія!
Ляхавічам 529 гадоў! З днём нараджэння, любімы горад!
Ты маладзееш год ад году і па-ранейшаму натхняеш, даеш сілы і новыя ідэі.

Яна і Мікалай Кандзярэшка, ляхавічане:
– Ляхавічанамі мы сталі ў снежні мінулага года – пабудавалі двухпакаёвую кватэру ў райцэнтры. Змене прапіскі вельмі рады. Горад ціхі, утульны, чысты і камфортны для жыцця. Створаны цудоўныя ўмовы для навучання і развіцця дзяцей. А для нас гэта вельмі важна – наша сям’я мнагадзетная. Дванаццацігадовы
Мацвей вучыцца ў СШ № 2, а пасля ўрокаў ідзе на заняткі ў дзіцячую школу мастацтваў, дзе навучаецца ігры на баяне. Дзевяцігадовы Іван займаец-
ца ў СДЮШАР у секцыях дзюдо і гандбола. Малодшая Ксюша з задавальненнем гуляе з намі, бацькамі, па вуліцах Ляхавічаў. За кароткі час у райцэнтры з’явіліся любімыя месцы правядзення часу. Мамам з каляскамі вельмі зручна гуляць з малымі дзецьмі каля фантана.
А зараз, калі тут устанавілі прыгожыя і арыгінальныя лаўкі, стала яшчэ лепш. Летам сямейны маршрут больш працяглы – адпачываем каля Ведзьмы. Асабліва палюбілі рабяты тамашні музей пад адкрытым небам. Вельмі цікава прыдумана: знаёміцца з адметнасцямі малой радзімы завочна, а пасля адпраўляцца ў падарожжа для больш дэтальнага вывучэння.
Чаму мы палюбілі Ляхавічы? Таму што горад гасцінна сустрэў нас і нашых дзяцей. За гэта ўдзячны калектывам школ, куды малыя з радасцю ходзяць. Да таго, маем бонусы як мнагадзетная сям’я ў аплаце за навучанне ў ДШМ, за падручнікі і г. д. Кватэру зноў жа будавалі з дзяржпадтрымкай. У банку адкрыты рахунак з сямейным капіталам – наша «падушка бяспекі». Муж працуе, я ў водпуску па доглядзе за дачкой, свой час цалкам прысвячаю сям’і.
Любім наш малады і такі прывабны горад! У дзень нараджэння жадаем Ляхавічам і ляхавічанам міру і згоды, шчасця і дабрабыту. Няхай горад расцвітае і развіваецца далей!