Не отступать и не бояться сложностей — это о главном архитекторе Ляховичского района

Андрэй і Наталля Краеўскія

Які далейшы прафесійны шлях: будаўнічы трэст у Брэсце, выкладчыцкая работа ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, вучоба ў магістратуры? Нялёгкая дылема стаяла перад выпускніком будаўнічага аддзялення БрДТУ, карэнным брастаўчанінам Андрэем Краеўскім крыху больш як год назад. Была яшчэ адна прапанова, якая кардынальна адрознівалася ад папярэдніх — маладога спецыяліста з вышэйшай інжынернай адукацыяй запрасілі на пасаду галоўнага архітэктара ў Ляхавіцкім раёне. І менавіта гэту прапанову на здзіўленне многім выбраў юнак.
— Калі б яшчэ ў мяне з’явілася такая магчымасць — паспрабаваць новую справу і праверыць уласныя сілы — папрацаваць архітэктарам у раённым цэнтры падчас падрыхтоўкі яго да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі»?! — задае рытарычнае пытанне Андрэй.
Не адступаць і не баяцца складанасцей, пачынаць новае, выступаць ініцыятарам цікавых спраў — гэта пра Краеўскага. Напэўна, не кожны ў 22 гады рашыўся б на такі адказны крок. Тым больш, пра Ляхавічы, прызнаецца Андрэй, ён нічога не ведаў, акрамя таго, што гэта невялікі гарадок каля Баранавічаў.
Перш чым прыняць важнае для сябе рашэнне, прыехаў сюды, сустрэўся са старшынёй райвыканкама Дзмітрыем Бурдуком. І пасля размовы вяртаўся ў абласны цэнтр з цвёрдай упэўненасцю: пасада архітэктара ў Ляхавічах — яго першае і жаданае месца працы.
Дарэчы, першае даручэнне, якое даў новаспечанаму архітэктару кіраўнік раёна, — распрацаваць праект аднаго з асноўных сімвалаў горада — сцяга — і макеты ўязных знакаў у горад. З заданнем Краеўскі справіўся: ён суаўтар (разам з супрацоўнікамі Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь) сцяга Ляхавічаў.
Несумненна, спраў перад такім важным экзаменам як абласныя ”Дажынкі” ў галоўнага архітэктара хапае. Імкнецца кожны аб’ект ад «а» да «я» вывучыць. Дапамагаюць не толькі веды: падчас вучобы ва ўніверсітэце Андрэй з першага па чацвёрты курсы летам працаваў у складзе студэнцкіх атрадаў на будаўніцтве палаца водных відаў спорту, завода па перапрацоўцы другаснай сыравіны, бізнес- цэнтра, малочнатаварных фермаў у Брэсцкім раёне. Пачынаў падсобным рабочым і дайшоў да майстра будаўнічай брыгады. У дадатак да практычнага вопыту ён аўтар дзвюх навуковых работ па тэхналогіі будаўнічай вытворчасці і будаўнічых матэрыялаў.
— Што датычыць падрыхтоўкі да дажынак, то намаганні ўсіх — кіраўніцтва раёна, будаўнікоў, праектантаў, камунгасаўцаў, дарожнікаў, кожнага ляхавічаніна — дарагога вартыя. Дастойна прыняць абласны фестываль-кірмаш важна. Але галоўнае, што ўсё гэта робіцца дзеля людзей, якія тут жывуць, вучацца і будуць працаваць далей, — разважае малады спецыяліст.
Не толькі дажыначнай тэмай напоўнены працоўны дзень галоўнага архітэктара раёна. Гэта яшчэ і паўсядзённая работа са зваротамі грамадзян, выдача дазволаў на будаўніцтва, рамонт, рэканструкцыю будынкаў і памяшканняў, дамоў і кватэр і г.д.
Што і казаць, работа сур’ёзная і на перспектыву. Але ж Андрэй не быў бы сабой, калі б зацыкліваўся толькі на прафесійнай дзейнасці. У яго надзвычай шырокае кола інтарэсаў. Як толькі на ўсё хапае часу! Яшчэ падчас вучобы ў ВНУ стварыў універсітэцкую лігу клуба вясёлых і знаходлівых, быў яе дырэктарам. А на нядаўняй сустрэчы мясцовых каманд КВЗ выступіў у ролі вядучага. Артыстычныя даныя, такт, пачуццё гумару — Андрэй Краеўскі выдатна спраўляецца з работай вядучага на раённых святах. Не застаецца ў баку і ад грамадскага жыцця — з 2004 года актыўны член БРСМ
А яшчэ, як і ў школе, і ў студэнцкія гады, з задавальненнем займаецца спортам, вядзе здаровы лад жыцця: раз ці два на тыдзень пры любым раскладзе і любым надвор’і спяшаецца ў спартыўную школу на трэніроўкі. Хапае часу на чытанне кніг і перыёдыкі. Апошнім часам яго ўсё больш захапляе не толькі сённяшні дзень Ляхавіччыны, але і гісторыя, знакамітыя людзі і звычайныя працаўнікі. Што гаварыць, ён палюбіў прыгожы і маляўнічы куточак Брэстчыны — Ляхавічы.
— Прыемна было ўбачыць на абласной Дошцы гонару каля Брэсцкага аблвыканкама сярод партрэтаў 15-ці лаўрэатаў, якія атрымалі ганаровае званне «Чалавек года», фота двух ляхавічан, — шчыра радуецца Андрэй.
І гэтак жа шчыра, надзвычай цёпла гаворыць ён пра сваю сям’ю, пра тое, што часцяком на выхадныя спяшаецца ў родны Брэст — там жыве мама. А дома ў Ляхавічах у службовай кватэры яго чакае маладая жонка Наталля. Дарэчы, таму, што ў гімназіі з’явілася новая настаўніца замежнай мовы, установа адукацыі абавязана Краеўскаму. Гэта ён прывёз у наш горад выпускніцу Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Так у Ляхавічах дабавілася не толькі маладых спецыялістаў — архітэктара і педагога, але і новая сям’я.

Галіна КАНЬКО.

Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *