Дырэктар школы адказаў на пытанні вучняў

На сустрэчу са старшакласнікамі СШ № 2 г. Ляхавічы, прымеркаваную да нядаўняга 70-годдзя раёна, мы вырашылі запрасіць цікавага, кампетэнтнага, знакамітага чалавека. Прыйшлі да высновы, што ўсе гэтыя вызначэнні падыходзяць дырэктару школы Вандзе Станіславаўне Прусевіч. 22 гады яна ўзначальвае нашу школу. Дэпутат раённага Савета, член прэзідыума раённага Савета, старшыня камісіі па справах моладзі, пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны грамадзян, намеснік старшыні раённай арганізацыйнай структуры грамадскай арганізацыі “Белая Русь” – гэта ўсё пра яе, нашу Ванду Станіславаўну. А яшчэ нядаўна яна была ўзнагароджана граматай абласнога выканаўчага камітэта. Ну, і бадай, самае галоўнае, – яна любімы настаўнік, строгі, патрабавальны, справядлівы дырэктар. З Вандай Станіславаўнай заўсёды цікава, яна выпраменьвае адчуванне надзейнасці і абароненасці.

У час сустрэчы пытанні задавалі вучні, а адказвала на іх дырэктар школы. І пытанні, і адказы, на мой погляд, не былі дзяжурнымі. Мяркуйце самі.

— Ванда Станіславаўна, дзе б Вы хацелі пабываць і дзе пабывалі?

— Я люблю падарожнічаць. Пабывала ў Расіі, Прыбалтыцы, Польшчы. Спадзяюся, што нядрэнна ведаю сваю любімую Беларусь. А вось што датычыць Германіі, гэта была мая мара. Вы ведаеце, я выкладаю нямецкую мову, і мноства тэкстаў з падручнікаў нібы клікалі ўсё жыццё да Брандэрбургскіх варот у Дрэздэн, ці, напрыклад, у берлінскі заапарк. Хацелася ўбачыць усё гэта ўвачавідкі. Дасёння радуюся, што гэту мару я ажыццявіла. А цяпер маю намер пабываць у Полацку.

— Што для Вас шчасце?

— Для ўсіх яно рознае. Дзяўчына марыць выйсці замуж, жанчына – нарадзіць дзяцей. Сёння мне, напрыклад, радасна ад таго, што я вярнулася на работу, і мая праца ацэнена па вартасці.

— Ванда Станіславаўна, у Вас ёсць мара?

— Стаць настаўнікам нямецкай мовы я марыла з 10 класа. Мяне натхніла настаўніца, якая ў той час выкладала ў мяне гэты прадмет, мой любімы дасёння.

Ну, а наогул, у чалавека заўсёды ёсць мары і ёсць тая мэта, да якой ён імкнецца.

— Што ў чалавеку,  у яго характары Вы цэніце больш за ўсё?

— Вельмі цаню прыстойнасць у людзях. У гэтым паняцці закладзены вялікі сэнс. Патрыятызм – яшчэ адна  з якасцяў, якімі абавязкова павінен валодаць чалавек. Кожны грамадзянін, лічу, абавязаны быць патрыётам. Ты вырас у сваёй краіне, якая стварыла для цябе ўмовы для жыцця, быту, адукацыі. Прыходзіць час, і ты павінен аддаць доўг сваёй краіне. Гэта так натуральна і так зразумела.

А не люблю і не прымаю ў чалавеку ляноту. Не цярплю непавагі да людзей. Не разумею бяздзейнасці: чалавеку трэба  дзейнічаць, а не чакаць ля мора пагоды. Ён у стане ўсё зрабіць, усяго дасягнуць сам.

— Ванда Станіславаўна, а якія перамены чакаюць нашу школу?

— Пакрыху аднаўляецца музей, якім заўсёды славілася СШ № 2 г. Ляхавічы. Як дырэктар, як педагог, як чалавек лічу гэту справу надзвычай важнай і заяўляю: школьны музей будзе адноўлены!

Яшчэ адна навіна. Ва ўсіх класах і  кабінетах летам  заменім вокны. Ну, а пра іншае, як гавораць: пажывём-пабачым.

Закончылася сустрэча з нашым дырэктарам пытаннем пра самую яркую падзею ў жыцці. Ванда Станіславаўна на імгненне задумалася, паглядзела на прысутных так, як толькі яна адна можа паглядзець, і шчыра зазначыла:

— Заўтра я скажу, што самая яркая і запамінальная падзея, гэта тое, што адбылося сёння, іншымі словамі, наша з вамі сустрэча. Я ніколі не была ў такой ролі. Вельмі рада, што вы даведаліся пра мяне нешта большае, чым проста як пра дырэктара і педагога. І я ў вашай дапытлівасці, нераўнадушнасці пераканалася яшчэ раз.

Іна КУЧЭЙКА,  вучаніца 9 класа СШ № 2

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *