350 цэнтнераў «скарбу». У СВК «Ляхавіцкі» шчыруюць на бульбяных палетках

Рабочыя паляводчай брыгады «Мыслабаж».

У адрозненне ад збожжаўборачных, гэтаму тыпу камбайнаў ранішняя раса – хоць бы што. Нават лёгкі дождж не ў сілах прымусіць іх збочыць са шляху правільнага – бульбаўборачнага – гадзін з васьмі-дзевяці.

Механізатар Віктар Брэчка.

Верасень – працаўнік, пара сельскагаспадарчага года, калі пасяўныя работы сустракаюцца з уборачнымі. Прадпрыемствы раёна сеюць азімыя збожжавыя, не ўся яшчэ льнотраста пакінула палеткі, разгарнулася ўборка бульбы. Хоць колькі яе ў параўнанні з тымі, яшчэ адносна блізкімі часамі? Крыху «начаўскіх» гектараў, 57 у ААТ «Жарабковічы» і амаль столькі ж у СВК «Ляхавіцкі». Без уліку фермерскага складніка гэта і ёсць бульбяны клін раёна сезона-2021. Сказаць дакладней, не ёсць, а быў, паколькі частка плошчаў ужо выкапана. Першымі ў баразну сталі «Жарабковічы», якія, па стане на канец першай паловы верасня, паспелі ўбраць прыкладна палову сваіх пасадачных плошчаў. «Паказвае» бульба ў сярэднім 270–280 цэнтнераў ураджайнасці.
«Нача» чакае, а ў СВК «Ляхавіцкі» барацьба за другі хлеб толькі пачынае разгортвацца. Стартавалі на гэтым тыдні на адным з бліжэйшых да раённага цэнтра бульбяных палеткаў.
Колькі «скарбу» ён у сабе тоіць? Першыя гектары звычайна не бываюць лепшымі. Але сабраныя гаспадаркай ужо на старце кампаніі каля 350 цэнтнераў клубняплодаў з гектара ўспрымаюцца як нядрэнны ўраджай. Канешне ж, з папраўкай на асаблівасці сёлетняга раслінаводчага сезона.

Галіна Баўтрукевіч гэтымі днямі працуе у сартавальным пункце.


На палетку – аксамітавы сезон. Брыгада чатырох, што сочыць за чысцінёй бульбянога патока, які праз сістэму канвеераў напаўняе бункер камбайна, дэманструе спрытную работу рук. Каменню, раслінным рэшткам, страціўшым сваю структуру клубняплодам у бункеры не месца. Камбайнавы бункер напаўняецца дастаткова хутка, за нядоўгі туды-назад круг. А гэта, між іншым, у межах чатырох тон у пераважнай частцы таварных клубняў. Так што некалькі «занараджаных» на адвозку сярэднетанажных самазвалаў асабліва не прастойваюць, знаходзяцца ў пастаянным руху паміж полем і Русінавічамі.
У адной з вытворчых лакацый аграгарадка размешчаны сартавальны пункт, куды свежавыкапаны ўраджай і дастаўляецца на таварную дапрацоўку. Пакуль, на пачатковым этапе ўборкі, клубні дзеляцца на дзве фракцыі: буйную ці таварную і, калі так можна гаварыць, усю астатнюю. На гэтым факце хочацца засяродзіць увагу яшчэ раз: падалося, што «ўсёй астатняй» бульбы, якую мяркуецца выкарыстаць на корм жывёле, даволі няшмат. Прыярытэтна большую частку клубняў сартавальная машына накіроўвае для затаркі ў сеткі-мяшкі з далейшай адгрузкай. І – з рэальнай і хуткай перспектывай загрузкі ў транспарт пакупніка. Пра гэта гаварылася, на тое ж указваў размешчаны непадалёку аўтамабіль з «далёкімі» рэгістрацыйнымі нумарамі.
Памятаючы пра тое, што яшчэ параўнальна нядаўна ў арсенале бульбаводаў «Ляхавіцкага» знаходзі-лася некалькі сартоў другога хлеба, у галоўнага агранома гаспадаркі Аляксандра Шымкевіча спыталі, чаму іменна, за якія заслугі сорт «скарб» стаў сёлетнім прыярытэтам?
– Нядрэнна адчувае сябе ў канкрэтна нашых умовах, даволі ўраджайны – у адзін з мінулых гадоў даваў да 600 цэнтнераў на гектар, дастаткова лёжкі, вылучаецца сваім таварным выглядам, – быў адказ галоўнага спецыяліста.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.