Ляхавіччына: моладзь жадае працаваць

Рабяты з лагера працы і адпачынку СШ №2 зараблялі грошы ў СВК "Жарабковічы""

У школьнікаў канікулы. Пачынаюцца яны і ў студэнтаў. Наперадзе столькі часу для адпачынку — хопіць яго на экскурсіі, паходы, сустрэчы з сябрамі і на многае іншае. А калі лішніх грошай на забавы няма і сядзець дома без справы не надта хочацца? Многія імкнуцца летам папрацаваць: і грошай падсабраць, як гаворыцца, на кішэнныя расходы ці жаданую абноўку, і бацькам даказаць, што іх дзіця ўжо дарослае.

Работу можна шукаць самастойна, а можна і праз службу занятасці. Як паказвае практыка, у асноўным падлеткі займаюцца ўборкай і добраўпарадкаваннем тэрыторый, рознымі відамі падсобных, сельскагаспадарчых работ, гандлем.
Дарэчы, уладкоўваючыся на працу ў сферу гандлю, неабходна аформіць санітарную кніжку. Яе патрабуюць і ад прэтэндэнтаў на вакансію памочніка выхавальніка ў дзіцячым садзе ці важатага ў лагеры адпачынку.
Прыкладаюць намаганні для вырашэння пытання арганізацыі летняй занятасці і ў школах. Асноўныя віды работ, што прапануюцца, — рамонт мэблі, добраўпарадкаванне школьнай тэрыторыі, паліў і праполка прышкольных участкаў-агародаў. На жаль, знайсці работу па-за школай падлетку нялёгка. Прадпрыемствы бяруць у асноўным студэнтаў ва ўзросце ад 18 гадоў: нявыгадна прымаць на работу школьнікаў, у якіх рабочы дзень кароткі.
Падлетак ад 14 да 16 гадоў падчас летніх канікулаў можа працаваць у дзень не больш за 4 з паловай гадзіны, у тыдзень — не больш за 23 гадзіны. Абмежаванні ў працягласці работы датычацца і рабят ва ўзросце ад 16 да 18 гадоў — іх працоўны дзень не можа быць даўжэйшым за 7 гадзін.
Аплата ў школьнікаў пагадзінная і павінна быць не ніжэй мінімальнай заработнай платы.
Праца падлеткаў рэгулюецца Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь (арт. 21, 114, 272, 274, 275, 279). Працоўная кніжка выдаецца наймальнікам работніку пры ўмове, што ён адпрацаваў 5 і больш працоўных дзён.
Дзе знайсці «летнюю» работу і на якія вакансіі могуць разлічваць ляхавіцкія падлеткі? Пра гэта «ЛВ» пацікавіўся ў галоўнага спецыяліста сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алены Астапенка. Па яе словах, сёлета на арганізацыю працаўладкавання школьнікаў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва выдаткаваў 60 мільёнаў рублёў. Грошы пойдуць на выплату зарплаты і закупку неабходных матэрыялаў. 30 мільёнаў рублёў адрасаваны Ляхавіцкаму дзяржаўнаму аграрнаму каледжу. Тут бліжэй да канца ліпеня на рамонце інтэрнатаў і добраўпарадкаванні тэрыторый, сада і г.д. будуць працаваць 25 навучэнцаў, якім пашчасціла трапіць у працоўны атрад (такім правам могуць скарыстацца толькі тыя рабяты, якія на працягу года паспяхова вучыліся, актыўна ўдзельнічалі ў культурным і спартыўным жыцці каледжа). Частка грошай размеркавана ў Тальмінавіцкую і Альхоўскую сярэднія школы, дзе будуць працаваць, адпаведна, 11 і 10 рабят.
— Мы напрамую супрацоўнічаем са школамі і каледжам. За апошнія гады пералік работ, які прапануем рабятам, не змяніўся. Хлопчыкаў чакае рамонт школьнай мэблі, дзяўчынак — азеляненне тэрыторый. Яны працуюць і на добраўпарадкаванні прышкольных тэрыторый. Жадаючыя папрацаваць прад’яўляюць пашпарт (калі няма 16 гадоў — пасведчанне аб нараджэнні) і пісьмовую згоду бацькоў, — тлумачыць Алена Астапенка.
Вакансіі прапаноўваюць і мясцовыя прадпрыемствы. Праўда, іх мала. Напрыклад, сёлета цэнтр занятасці разаслаў пісьмы з просьбай разгледзець варыянт працаўладкавання школьнікаў і студэнтаў у 42 прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Адказалі 16, і толькі 9 згадзіліся летам працаваць са студэнтамі (у пераважнай большасці) і школьнікамі. Для іх у СВК «Шлях новы» маецца 14 вакансій (добраўпарадкаванне тэрыторый, рамонт), «Жарабковічы» — 11 (памочнікі камбайнераў, рабочыя зернятакоў), «Дарава» — 5 (на зернеток), ДП «Нача» чакае 12 маладых, якія змогуць працаваць пастухамі, памочнікамі механізатараў, на зернетаках. Райпо запрашае 10 юнакоў і дзяўчат паспытаць сябе ў якасці прадаўцоў, «Ажуруне» патрэбны 5 швачак, камбінату бытавога абслугоўвання — 8 рабочых па ўстаноўцы жалезабетоннай агароджы, заводу «Металапластмас» — 6 упакоўшчыкаў і падсобных рабочых, ільнозаводу — 6 трактарыстаў і рабочых.
У пошуках вакансіі рабяты могуць звярнуцца таксама ў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Як расказала першы сакратар РК БРСМ Ларыса Юшкевіч, на сайце маладзёжнай арганізацыі можна запоўніць электронны варыянт анкеты, у якой, акрамя асабістых даных і кантактнага тэлефона, указваецца, дзе і кім хацеў бы працаваць. Па словах Ларысы Юшкевіч, пакуль такой магчымасцю зацікавіліся толькі двое жыхароў Ляхавіцкага раёна — юнак і дзяўчына з Конек. Ім прапанавана папрацаваць падчас летніх канікулаў па дагаворы: дзяўчыне — швачкай у «Ажуруне», юнаку — рабочым у ДРБУ-200. Дарэчы, у маі менавіта ў дарожнай арганізацыі працавалі будаўнічыя атрады: рабяты фарбавалі агароджу на мосце, дарожныя знакі.
Як і ў мінулым годзе, у аздараўленчым лагеры «Чайка» падчас 4 змены будзе працаваць маладзёжны педагагічны атрад — 7 студэнтаў. Маладзёжныя атрады сельскагаспадарчага профілю будуць дзейнічаць у СВК «Ляхавіцкі», «Жарабковічы», ДП «Нача» падчас жніва: на зернесушылках, зернескладах.
Сёлета ў працаўладкаванні школьнікаў новаўвядзенне. Дакладней, у нейкай ступені вяртанне да ўжо апрабаванага — лагераў працы і адпачынку, праўда, у сучасным варыянце. Цяпер старшакласнікі ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў, якія пажадалі зарабіць грошай, працуюць і адпачываюць разам.
Першымі ластаўкамі ў раёне сталі лагеры працы і адпачынку ў гарадскіх школах, гімназіі, Крывошынскай і Тальмінавіцкай СШ. Напрыклад, 20 юнакоў і дзяўчат з СШ № 2 у будныя дні высаджвалі працоўны дэсант у СВК «Жарабковічы», дзе выконвалі разнастайныя сельскагаспадарчыя работы. Пасля працы рабят чакаў абед (увогуле, харчаванне ў такім летніку — трохразовае), а потым адпачынак — цікавы, разнастайны і вясёлы.
Нямала сярод моладзі і такіх, хто шукае і знаходзіць магчымасць падзарабіць самастойна. Адны ўладкоўваюцца на працу ў арганізацыі ці рознічны гандаль. Іншыя збіраюць ягады, грыбы і здаюць іх нарыхтоўшчыкам ці прадаюць на базары. Хтосьці робіць сувеніры з саломы, гліны, спадручных матэрыялаў і знаходзіць пакупнікоў на такі штучны тавар.
Як паказала вывучэнне пытання, хто хоча працаваць, — абавязкова работу знойдзе. Было б жаданне.

Галіна КАНЬКО.

Фота з сайта http://sch2.lyahovichi.edu.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *