На чацвёртай хвалі. Якая сітуацыя з COVID-19 на Ляхавіччыне

У мінулую пятніцу ў нашай краіне быў устаноўлены новы сутачны максімум па захворванні COVID-19 – 1986 захварэлых. Папярэдні рэкорд трымаўся з другой хвалі каранавіруса і датуецца 12 снежня 2020 года, калі было выяўлена 1975 пацыентаў з кавідам. З пачатку восені медыкі аб’явілі чацвёртую хвалю каранавіруса.
Пра тое, якая сітуацыя з COVID-19 на Ляхавіччыне, – у размове з галоўным урачом УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгіем Хлябовічам.

Георгій Яўгеньевіч, ці можна сцвярджаць, што і наш раён накрыла чацвёртая каранавірусная хваля?

– Адназначна, так. З наступленнем асенне-зімовага сезона эпідэміёлагі прагназавалі рост выпадкаў інфіцыравання ВРВІ і каранавірусам. Так і атрымалася. І ў Ляхавіцкім раёне за апошні тыдзень колькасць пацыентаў з пацверджаным кавідам павялічылася. Зразумела, што ўзрасла нагрузка на медыкаў: тых, хто працуе ў так званай чырвонай зоне паліклінікі, уваходзіць у склад выязных брыгад, супрацоўнікаў аддзялення хуткай дапамогі, на персанал клініка-дыягнастычнай лабараторыі. Нягледзячы на ўзрастаючы паток пацыентаў, спраўляемся. Акрамя таго, з чарговым усплёскам выпадкаў каранавіруса зноў з мінулага тыдня прымаем на стацыянарнае лячэнне хворых, у якіх кавід працякае ў сярэдняцяжкай ці цяжкай формах з пацверджанай пнеўманіяй. Такіх пацыентаў размяркоўваем у інфекцыйнае аддзяленне і перапрафіляваныя іншыя аддзяленні райбальніцы.
Хачу супакоіць жыхароў раёна: у ЦРБ у дастатковай колькасці неабходных лякарстваў, кіслародных кропак, апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх, сродкаў індывідуальнай абароны і дэзын-
фіцыруючых сродкаў.

– На вашу думку, што  справакавала такі істотны, у параўнанні са жніўнем, усплёск выпадкаў COVID-19?

– Тут адразу задзейнічаны некалькі фактараў. Людзі павыходзілі на работу пасля адпускнога сезона, пачаўся новы навучальны год у школах, каледжах, універсітэтах. Такім чынам, канцэнтрацыя людзей у памяшканнях стала куды большай.
Акрамя таго, грамадзяне расслабіліся, перасталі прытрымлівацца элементарных правілаў: насіць маскі, апрацоўваць рукі, захоўваць сацыяльную дыстанцыю і г. д. Маўляў, «нічога страшнага ў вірусе няма, падумаеш кашаль, тэмпература, насмарк, хварэюць многія, і я пера-хварэю». І такая бесклапотнасць дорага каштуе і нават можа прывесці да трагедыі.
Халоднае надвор’е таксама садзейнічае росту захворвання. І, як ні банальна гучыць, пакуль адзіная магчымасць пазбегнуць цяжкіх ускладненняў каварнага віруса – вакцынавацца. Зараз у нас даступныя кітайская і расійская вакцыны. Важна прыйсці да вакцынацыі свядома: вакцынуешся сам – абараняеш не толькі сябе, але і сваіх родных, калег, і тым самым робіш свой уклад у агульную перамогу над пандэміяй. Дарэчы, як паказвае апошняя статыстыка, наша бальніца не выключэнне, усе цяжкія кавід-пацыен-
ты – невакцынаваныя.
Заклікаю ўсіх землякоў, хто яшчэ не паспеў атрымаць вакцыну, абавязкова прышчапіцца. Зрабіць гэта можна ў паліклініцы ў рабочы час, ва ўрачэбных амбулаторыях, а ў нядзелю – у прыёмным пакоі райбальніцы. З 21 верасня на базе аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН адкрыты прышчэпачны пункт, які працуе ў рабочыя дні з 9 да 13 гадзін, тут таксама   вакцынавацца можа кожны жадаючы.
Нагадаю, каб сфарміраваўся належны імунітэт, абавязкова неабходна прайсці поўны курс вакцынацыі. Таму варта паспяшацца, бо толькі праз  21 дзень пасля другога
этапу фарміруецца імунітэт.
Звярну ўвагу яшчэ на адзін істотны аргумент на карысць прышчэпкі супраць каранавіруса. Чарговая хваля COVID-19 не адмяняе і яшчэ адну небяспечную вірусную інфекцыю – грып. А адначасовае заражэнне каранавірусам і грыпам – так званая мікст-інфекцыя – зробіць цячэнне кожнай хваробы цяжэйшым, павялічыцца нагрузка на арганізм захварэлага і, адпаведна, рызыка ўскладненняў. Акрамя таго, ужо ёсць даныя даследаванняў, згодна з якімі той, хто вакцы-
нуецца супраць грыпу, пры заражэнні каранавірусам лягчэй перанясе і гэту інфекцыю.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.

Вакцынавацца ад каранавіруса можна ў паліклініцы ў рабочы час, ва ўрачэбных амбулаторыях, а ў нядзелю – у прыёмным  пакоі райбальніцы. З 21 верасня на базе  аддзялення дзённага знаходжання для  пажылых грамадзян ТЦСАН адкрыты прышчэпачны пункт, які працуе ў рабочыя   дні з 9 да 13 гадзін, тут таксама вакцынавацца можа кожны жадаючы.