Медык з вайсковымі ўменнямі. У вучэннях «Захад-2021» прыняў удзел і ўрач з Ляхавічаў

У сумесным стратэгічным вучэнні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Захад-2021» быў задзейнічаны асобны стралковы батальён тэрытарыяльных войскаў, сфарміраваны па распараджэнні старшыні Брэсцкага аблвыканкама з ваеннаабавязаных запасу Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў.

12 верасня на агульнавайсковым палігоне «Абуз-Лясноўскі» Прэзідэнту  Рэспублікі Беларусь – Галоўнакамандуючаму Узброенымі Сіламі  Аляксандру Лукашэнку быў прадстаўлены варыянт прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Асабовы склад батальёна прыняў непасрэдны ўдзел у эпізодзе гэтага вучэння – «Бой у горадзе», дзе, па легендзе, супрацьстаяў націску незаконных узброеных фарміраванняў і войскаў умоўнага праціўніка. Для яго паспяховага правядзення выкананы вялікі аб’ём інжынерных работ, праведзены шматгадзінныя заняткі па тактычнай і агнявой падрыхтоўцы.
У вучэннях прыняў удзел і наш зямляк – лейтэнант медыцынскай службы Андрэй Качан. Пасля заканчэння Гродзенскага медуніверсітэта разам з дыпломам ён атрымаў і воінскае званне лейтэнанта медыцынскай службы запасу. Зараз Андрэй узначальвае Ліпскую ўрачэбную амбулаторыю. А на вучэннях малады ўрач пры неабходнасці з упэўненасцю прымяняў свае прафесійныя навыкі і падчас мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі, і ў паўсядзённым жыцці падраздзялення. Аднак такіх сітуацый было няшмат, бо разам з падначаленым яму фельчарам якасна праводзілі комплекс прафілактычных мерапрыемстваў. Акрамя непасрэд-ных прафесійных абавязкаў, Андрэй Качан вызначыўся ў стральбе, а таксама ў вывучэнні прадметаў вайсковай накіраванасці. Па выніках вучэнняў «Захад-2021» наш зямляк узнагароджаны Граматай начальніка ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны – намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл.

Сяргей САЛАВЕЙ, намеснік ваеннага камісара  па тэрытарыяльнай абароне.