Нельзя забыть то, что не подлежит забвению

70 гадоў "ЛВ"

Памяць пра тое, якой цаной нам дасталася Вялікая Перамога, у беларусаў закладзена на генетычным узроўні. Нельга забыць тое, што не падлягае забыццю.
Але няўмольны час сцірае з памяці твары і важныя дробязі. Таму з кожным годам старыя пажаўцелыя газетныя лісты становяцца яшчэ даражэйшым гістарычным скарбам. Яны не проста маўклівыя сведчанні, яны — самыя сумленныя і непрадузятыя сведкі падзей таго часу — ваеннага, пасляваеннага. Праз гады і дзесяцігоддзі газетныя старонкі захоўваюць атмасферу таго часу, калі нарадзіліся.
Сёння мы ўспамінаем ліпеньскія дні: 1944-га — па кнізе «Памяць. Ляхавіцкі раён», пазнейшыя — па старонках раёнкі.

23 чэрвеня 1944 г. пачалася адна з буйнейшых стратэгічных наступальных аперацый Чырвонай Арміі ў Вялікай Айчыннай вайне — Беларуская аперацыя, якая атрымала кодавую назву «Баграціён». Вораг, адступаючы пад магутным націскам савецкіх войск, люта супраціўляўся. Аднак у пачатку ліпеня 1944 г. войскі 1-га Беларускага фронту, якія вялі наступленне ў напрамку Бабруйск — Слуцк — Баранавічы — Брэст, ачысцілі ад ворага поўдзень Мінскай вобласці і падышлі да Ляхавіцкага раёна. 19-я механізаваная брыгада (камандзір палкоўнік У. В. Яршоў) 1-га Краснаградскага механізаванага корпуса конна-механізаванай групы 1-га Беларускага фронту абышла групоўку ворага лясамі і выйшла на Брэсцкую шашу ў раёне Сіняўкі, перарэзаўшы шляхі адыходу праціўніку. 5 ліпеня брыгада разам з часцямі 54-й гвардзейскай стралковай дывізіі (камандзір генерал-маёр М. М. Данілаў) 3-га стралковага корпуса 28-й арміі, 193-й стралковай дывізіі 65-й арміі (камандзір генерал-маёр А. Р. Фралянкоў) і 65-га асобнага танкавага палка (камандзір-падпалкоўнік М. Дз. Амельчанка) завязала бой за Ляхавічы, якія былі ўмацаваным пунктам абароны праціўніка, таму ён аказаў тут упартае супраціўленне. Але савецкія часці абышлі ворага з флангаў, прарвалі абарону і ўварваліся ў горад. Завязаліся вулічныя баі. Пры вызваленні Ляхавіч савецкія воіны яшчэ раз прадэманстравалі мужнасць і гераізм. Асабліва вызначыліся камандзір танкавай роты старшы лейтэнант М. А. Багрыцэвіч, танкавыя экіпажы лейтэнанта Лутошкіна і малодшага лейтэнанта Ветрава. У баях за Ляхавічы смерцю храбрых загінуў камуніст І. В. Хмыроў. Вось радкі з яго пісьма пляменніку: «Вярнуся дадому. Мы выканалі свой свяшчэнны абавязак… Мы не былі героямі, проста любілі сваю Радзіму, глыбока шанавалі Савецкую уладу». У 23 гады загінуў пры вызваленні Ляхавіч ураджэнец горада Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобласці, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі Пётр Южакоў, зараз яго імя носіць адна з вуліц Ляхавіч. Пры вызваленні горада вызначыліся таксама маёр М. Б. Барысачкін, гвардыі малодшы лейтэнант Мяркур’еў, Просекаў, Пракудзінаў, Зуйкін, Едуноў, Бажэнаў, Уласенка, Сідарэнка, Маргун і інш. Раніцай 6 ліпеня савецкія войскі працягвалі наступленне, і да сярэдзіны дня горад быў амаль поўнасцю ачышчаны ад ворага.
Савецкія часці выйшлі на паўднёва-заходнюю ўскраіну горада і акапаліся на ўсходнім беразе Ведзьмы, якую сходу фарсіраваць не змаглі. Гітлераўцы аказалі моцнае супраціўленне. У 2-й палове дня 6 ліпеня ў небе з’явіліся «Ілы», якія сталі падаўляць агнявыя кропкі ворага. Адначасова ўдарыла наша артылерыя. Вораг быў выбіты з занятых пазіцый. Баі былі вельмі напружаныя, гітлераўцы не раз пераходзілі ў контратакі. Праяўляючы гераізм і стойкасць, савецкія воіны пераадолелі супраціўленне ворага і вызвалілі вёскі Малая Лотва, Вялікая Лотва, Конькі, Туркі, Сакуны, Федзюкі.
67-ы стралковы полк (камандзір С. А. Піразеў) 20-га стралковага корпуса 28-й арміі ступіў на ляхавіцкую зямлю 5 ліпеня 1944 г. у раёне вёскі Тальмінавічы і рухаўся ўздоўж Брэсцкай шашы. Менавіта тут, у раёне шашы, полк дабіўся буйнага поспеху. Яго байцы, разам з самаходным танкавым палком, у цяжкім баі разграмілі кавалерыйскі корпус ворага. У гэтым баі вызначыўся камандзір батальёна камуніст Гагарышвілі Шата Мікалаевіч, 1921 г. нараджэння. Ён умела правёў разведку і выявіў штаб кавалерыйскага корпуса і полк пяхоты, які ахоўваў штаб. Батальён Гагарышвілі нечаканай атакай разграміў варожы штаб і захапіў 56 палонных, якія далі каштоўныя звесткі. Ш. М. Гагарышвілі загінуў у раёне Брэста. Яго баявыя заслугі Радзіма адзначыла двума ордэнамі Чырвонага Сцяга і ордэнам Аляксандра Неўскага. Імем Гагарышвілі названа вуліца ў вёсцы Тальмінавічы. У вызваленні раёна прымалі ўдзел таксама 20-я стралковая (камандзір генерал-маёр І. Ф. Іаскевіч) і 48-я (камандзір генерал-маёр Г. М. Корчыкаў) дывізіі 28-й арміі.
На франтах Айчыннай вайны змагалася каля 4 тысяч воінаў землякоў, больш за паўтары тысячы чалавек загінулі і прапалі без вестак, звыш 300 вярнуліся інвалідамі. Поўнымі кавалерамі ордэна Славы трох ступеняў сталі Аляксандр Іванавіч Малевіч з в. Ліпск і Рыгор Фёдаравіч Нагорны з в. Пранчакі.
Многія жыхары раёна вызначыліся ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
З артыкула Вольгі Альшаковай,
змешчанага ў кнізе «Памяць.
Гісторыка-дакументальная хроніка
Ляхавіцкага раёна».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *