У новы сезон – на новым камбайне. Гаспадаркі Ляхавіцкага раёна распачалі ўборку цукровага караняплода

Механізатары ААТ «Жарабковічы» Руслан Гуліцкі  і Віктар Клемяня паспелі ацаніць новы буракаўборачны камбайн і сёлетні ўраджай 

Азімая сяўба, зяблевая апрацоўка глебы, уборка на сілас кукурузы, якой на Ляхавіччыне далёка не адна сотня гектараў, і якая, здавалася б, наперакор абставінам года нядрэнна ўрадзіла. І ўсе падрады вельмі ці проста тэрміновыя, усе абавязаны быць выкананы максімальна якасна і тычацца абсалютна ўсіх сельгаспрадпрыемстваў.

Механізатар Сяргей Бурак


Што да цукровых буракоў, то гэта ў нейкім сэнсе эксклюзіў, якім на ляхавіцкіх землях займаецца вузкае кола сельгасвытворцаў. На вельмі сур’ёзных плошчах ААТ «Жарабковічы», меншых, але таксама значных – ААТ «Шлях новы» і ў сваіх аб’ёмах фермерскія гаспадаркі «Даманскае» і «Вялікае Падлессе-Агра».
Па стане на пачатак тыдня, свае 70 і 60 гектараў салодкіх плошчаў фермеры ўбіраць не пачыналі. У адрозненне ад абодвух ААТ, якія стартавалі з уборкай прыкладна тыдзень назад.
Караняплод працягвае набіраць і фактуру, і цукрыстасць, як асноўную сваю якасную характарыстыку. Ды і першыя гектары далёка не заўсёды з’яўляюцца лепшымі. Тым не менш, «Шлях новы» на стартавым этапе копкі бурака паказвае менш за 300 цэнтнераў ураджайнасці, «Жарабковічы» – 500.
Пры тым, што жарабковіцкі бурак вырас ці не самым салодкім сярод усіх гаспадарак-буракаводаў вобласці – паказчык яго цукрыстасці склаў больш за 16 з паловай працэнтаў. Прадпрыемства-перапрацоўшчык з Жабінкі, такім чынам, атрымае якасную сыравіну для вырабу сваёй прадукцыі. Будзе дарэчы сказаць, што прадукцыя жарабковіцкіх палёў ужо «гандлюецца»: па стане на пачатак бягучага тыдня, у залік дзяржзаказу было адгружана амаль паўтары тысячы тон буракоў ураджаю-2021.
У свой чарговы буракаўборачны сезон ААТ «Жарабковічы» «заехала» на новай тэхніцы. Камбайн нямецкай маркі прыехаў у Жарабко-
вічы незадоўга да пачатку буракаўборачнага сезона на аўтамабільным лафеце, і за дастаткова кароткі час быў пастаўлены ў баразну, уключыўся ў работу.
Як расказаў механізатар Віктар Клемяня, для якога сёлетні «на бураках» сезон далёка не дэбютны, за адзін рабочы ход новая машына ўбірае шэсць радкоў караняплода. І па гэтым паказчыку нічым не адрозніваецца ад свайго малодшага брата – камбайна папярэдняй мадыфікацыі, які на працягу дзесяцігоддзя верай і праўдай служыў ААТ «Жарабковічы». Новая ж «рэальнасць» ад яго адрозніваецца, у прыватнасці, магутнасцю рухавіка, большай
насычанасцю сістэмамі настроек рабочых органаў, электронікі, відэаэлектронікі і іншае.
Камбайн не пакідае ўборачны палетак – працуе фактычна
ў рэжыме 24 на сем, механізатары толькі «самазмяняюцца». Гэта азначае, што, акрамя камбайна, у іх распараджэнні знаходзіцца і транспартны сродак – дзяжурны аўтамабіль, на якім буракаўборшчыкі, змяняючы адзін аднаго, дабіраюцца на поле і з поля дамоў. Зручная і, відавочна, выгадная і гаспадарцы, і механізатарам схема арганізацыі працы.
У наш дзень пагрузка «мандарынаў» ажыццяўлялася без сур’ёзнага адставання: штабелі буракоў гібрыда «мандарын» тут жа разграбаліся камбайнам-пагрузчыкам. У шматтонныя аўтапрычэпы – і на Баранавіцкі буракапрыёмны пункт. Гэта транзітная кропка на шляху паміж жарабковіцкім салодкім палеткам і жабінкаўскім вытворцам цукру.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.