Асяроддзе без бар’ераў. У Ляхавіцкім райвыканкаме адбылося пасяджэнне раённага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў

У магазіне, школе, на вуліцы – побач з намі – знаходзяцца землякі з абмежаванымі магчымасцямі, якім без дапамогі іншых абысціся цяжка.  Ад нас патрабуюцца спагада і разуменне, уменне падставіць плячо і стварыць умовы для таго, каб спрасціць ім пераадольванне жыццёвых перашкод.

На мінулым тыдні ў райвыканкаме адбылося пасяджэнне раённага міжведамаснага савета па праблемах інвалідаў, які ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. У цэнтры ўвагі – пытанні, актуальныя для жыццядзейнасці людзей з інваліднасцю.
Пра забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі асобных катэгорый насельніцтва расказала загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Святлана Несцяровіч. З пачатку года ў ТЦСАН за афармленнем дакументаў на выдачу крэслаў-калясак, хадункоў, супрацьпролежневых падушак, гадзіннікаў з сінтэзатарам мовы, прыстасавання для праслухоўвання агучанай літаратуры, смартфона і г. д. звярнуліся 29 чалавек, сярод якіх інваліды I і II групы і сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Пра магчымасць атрымання тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі ТЦСАН паведамляе людзям з інваліднасцю пасля вывучэння ўмоў іх пражывання. Сёлета адпраўлена 60 адпаведных паведамленняў.
Таксама ў аддзяленні для знаходжання інвалідаў вядзецца ўлік выдадзеных крэслаў-калясак, вернутых і якія патрабуюць замены пасля заканчэння тэрміну эксплуатацыі. Калі чалавеку ў экстранным выпадку патрабуецца такое прыстасаванне для перамяшчэння, яго можна атрымаць у аддзяленні.
Тактыльная плітка, шыльды з шрыфтам Брайля, гукавыя святлафоры і г. д. – сродкі забеспячэння людзей з інваліднасцю і фізічна аслабленых асоб магчымасцямі для ўдзелу ў жыцці грамадства ці прасцей – стварэнне для іх даступнага асяроддзя.
Як расказала намеснік дырэктара ТЦСАН Вольга Богдан, хутка на ўваходзе ў райпаліклініку і тэрытарыяльны цэнтр будзе ўстаноўлены маўленчы інфарматар, які падкажа людзям з праблемамі зроку, як прайсці да неабходнага аб’екта. Падчас рамонту вуліцы Першамайскай у райцэнтры на сямі пешаходных пераходах укладзена больш за 20 «квадратаў» папераджальнай тактыльнай пліткі, абноўлена дарожная разметка на парковачных месцах для інвалідаў.
Патрабуецца выраб пандусаў як мінімум па трох адрасах, дзе пражываюць людзі з інваліднасцю. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк даручыў камунальнікам вывучыць кошт пытання ад праектна-каштарыснай дакументацыі да ўстаноўкі, каб уключыць адпаведныя пункты ў праграму на наступны год: праблема гэта не церпіць адкладу і раўнадушша.
Урач-эксперт ЦРБ Наталля Гарбачова акцэнтавала ўвагу на забеспячэнні дыспансернага ўліку і назірання за дарослымі і дзецьмі, якія маюць інваліднасць з улікам спецыфікі захворванняў за бягучы год. Таксама яна паведаміла, што сёлета 23 ліпеня ўступілі ў дзеянне змяненні, згодна з якімі МРЭК устанаўлівае групу інваліднасці тэрмінам на два гады, а не на адзін, як было раней. Такім чынам медагляд людзям з інваліднасцю неабходна праходзіць праз два гады.
Забеспячэнне даступнага асяроддзя жыццядзейнасці, інтэграцыя людзей з інваліднасцю і фізічна аслабленых асоб у жыццё грамадства, садзейнічанне ў працаўладкаванні і пашырэнне іх удзелу ў мерапрыемствах рознай накіраванасці – усё дзеля таго, каб яны адчувалі сябе роўнымі сярод роўных. Працаваць ёсць над чым, рэзюмавала Святлана Юрлевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.