Дыялог на здаровыя тэмы. Чаму расце колькасць хворых COVID-19 і каму трэба абавязкова вакцынавацца?

Для кожнага чалавека адна з самых важных і хвалюючых тэм – здароўе. Як яго зберагчы, як паправіць, калі арганізм дае збоі, да якога спецыяліста і ў якую медустанову звярнуцца – пытанні, што заўжды актуальныя, бо ў здароўя дробязяў не бывае.
Пандэмія каранавіруса ставіць перад медыкамі новыя выклікі. Прышчэпкі ад кавіда, іх важнасць і неабходнасць, расклад работы ўстаноў аховы здароўя раёна ў неспрыяльны эпідэміялагічны перыяд, медыцынскія навінкі, дыспансерызацыя і іншыя тэмы, што тычацца сістэмы аховы здароўя, уздымаліся землякамі падчас прамой тэлефоннай лініі «ЛВ», на якой працаваў галоўны ўрач  УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій ХЛЯБОВІЧ.

Пытанне ад «ЛВ».
– Зараз паўсюдна толькі і размовы, што пра чацвёртую хвалю каранавіруса. Георгій Яўгеньевіч, як не захварэць і не заразіць іншых такой непрадказальнай інфекцыяй?

– Напэўна, многія чулі, што пабіты рэкорды па колькасці захварэлых у суткі. Такому развіццю падзей паспрыялі некалькі фактараў: пачаліся заняткі ў навучальных установах, людзі расслабіліся і сталі ігнараваць элементарныя меры бяспекі. А, між іншым, персанальная адказнасць у выглядзе нашэння масак і захавання сацыяльнай дыстанцыі – меры, абавязковыя для ўсіх і кожнага. На жаль, нямала сярод землякоў тых, хто вырашыў: хопіць з мяне масак, апрацоўкі рук, надакучыла баяцца – захварэю дык захварэю, вылечуся. Але не ўсё так проста і лёгка.
Адназначна: адзіны спосаб калі не пазбегнуць хваробы, то не трапіць у разрад цяжкахворых – вакцынацыя. Прышчэпленыя супраць каранавіруса пераносяць інфекцыю лягчэй – даказаны факт.
Дарэчы, зараз у Ляхавіцкай райбальніцы на лячэнні знаходзяцца 27 пацыентаў розных узростаў – ад маладых  да пажылых – з пацверджаным каранавірусам, ва ўсіх дыягнаставана пнеўманія. Усе яны не прышчапіліся ад кавіда, таму і цячэнне хваробы далёка не лёгкае, патрабуе лячэння ў стацыянары.
Каштоўнасць вакцыны, незалежна ад таго, кітайская яна ці расійская, у тым, што, нават калі чалавек падхапіў COVID-19, то ў яго куды меншая рызыка развіцця цяжкіх ускладненняў, звычайна хвароба працякае ў лёгкай форме і не патрабуе шпіталізацыі. Чым большы ахоп вакцынацыяй, тым хутчэй мы пераможам каранавірус.

У Ляхавіцкім раёне па-ранейшаму прышчэпку можна атрымаць не толькі ў паліклініцы, прыёмным пакоі райбальніцы, ФАПах, урачэбных амбулаторыях, прышчэпачным пункце па вуліцы Леніна, 54. Прадаўжаюць работу і выязныя медыцынскія брыгады.

– Патлумачце, якія штамы каранавіруса распаўсюджаны цяпер, і чым яны адрозніваюцца?
Мікалай Фёдаравіч,
Ляхавіцкі раён.

– У большасці краін свету зараз дамінуе каранавірусны штам «дэльта». Беларусь і наш раён не выключэнне. Асаблівасць – хуткае распаўсюджванне ў параўнанні з папярэднімі штамамі, ён больш заразны. Важна не прапусціць пачатак хваробы, бо нярэдкія выпадкі, калі пагаршэнне стану хворага наступае за гадзіны. Асноўныя сімптомы – павышаная тэмпература, кашаль, боль у мышцах, слабасць, могуць быць праблемы са страўнікава-кішачным трактам. Аднак, яны бываюць і пры іншых інфекцыйных захворваннях. Таму важна, каб стан хворага ацаніў урач і прызначыў лячэнне.
Ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіччыны і ў горадзе, і ў сельскай мясцовасці працуюць кваліфікаваныя спецыялісты. У дастатковай колькасці – лякарствы, кіслародныя кропкі, апараты для штучнай вентыляцыі лёгкіх. Наладжана на належным узроўні работа ўсіх падраздзяленняў – амбулаторнага прыёму, дыягностыкі, лабараторна-клінічных даследаванняў, хуткай дапамогі, працуюць выязныя брыгады і кол-цэнтр. Так што не варта самому шукаць у сябе сімптомы каранавіруса і тым больш займацца самалячэннем.

Урач прызначыў ультрагукавое даследаванне сэрца.
Ці не адменяць талончык у сувязі з тым, што ў Ляхавіцкую райбальніцу зноў шпіталізуюць каранавірусных хворых?
Таццяна Пятроўна, г. Ляхавічы.

– На даны момант правядзенне такога кшталту медыцынскіх абследаванняў не адмяняецца. Усё па раскладзе і папярэднім запісе. Прыходзьце на прызначаны час і не забывайцеся пра выкананне супрацьэпідэмічных мер.

– Перахварэў каранавірусам без пнеўманіі ў жніўні гэтага года. Быў на бальнічным дзесяць дзён. Каб не захварэць паўторна, хачу вакцынавацца. Калі мне можна зрабіць прышчэпку? Якую вакцыну параіце? Мне 42 гады, з хранічных хвароб – язва страўніка.
Аляксей, г. Ляхавічы.

– Калі каранавірусная інфекцыя працякала ў лёгкай форме, вакцынавацца можна літаральна праз два-тры тыдні пасля выздараўлення. З улікам вашага маладога ўзросту, Аляксей Іванавіч, вам параіў бы  прышчапіцца расійскай вакцынай «Спутнік V». Вакцынавацца можна ў паліклініцы як па папярэднім запісе, так і непасрэдна ў дзень прыходу ў медустанову.
Што тычыцца язвы страўніка, то гэта хвароба не з’яўляецца супрацьпаказаннем для вакцынацыі супраць COVID-19.

– Ці плануецца ў Ляхавіцкай райбальніцы ўстанаўліваць камп’ютарны тамограф ці магнітна-рэзанансны тамограф?
Іван, Ляхавіцкі раён.

– Такія планы ёсць. Больш таго, яны паступова ўвасабляюцца ў рэальнасць. Зараз праводзяцца мерапрыемствы па падборы арганізацыі, якая зоймецца праектам устаноўкі ў Ляхавіцкай ЦРБ рэнтгенаўскага камп’ютарнага тамографа. Да канца 2022 года плануецца завяршыць работы па падрыхтоўцы памяшкання і вырашыць фінансавыя пытанні. А пакуль пры неабходнасці па медыцынскіх паказаннях накіроўваем жыхароў Ляхавіцкага раёна на КТ ці МРТ у медыцынскія ўстановы Баранавічаў. Істотных праблем з такімі даследаваннямі няма.

Унучка вучыцца ў 11 класе. Збіраецца паступаць у меды-
цынскі ўніверсітэт. Ці выдаяце вы накіраванне на вучобу выпускнікам школ? Калі так, то куды і калі можна звярнуцца?
Ірына, Ляхавіцкі раён.

– Так, мэтавыя накіраванні для навучання ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах медыцынскага профілю мы выдаём. Звяртацца неабходна ў аддзел кадраў. Зрабіць гэта трэба пасля таго, як ваша ўнучка атрымае атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы. Дарэчы, накіраванне можна атрымаць у любую медыцынскую ВНУ ці ССНУ, а таксама адразу ў некалькі навучальных устаноў. Так  што запрашаем у чэрвені за накіра-
ваннямі.

Георгій Яўгеньевіч, па тэлебачанні пачуў, што ў сувязі з кара-
навірусам адмянілі прафілактычныя агляды. Ці так гэта?
Сяргей, г. Ляхавічы.

– Сапраўды, загадам Міністэрства аховы здароўя ад 21 верасня прыпынена правядзенне прафілактычных медыцынскіх аглядаў да стабілізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі з COVID-19, выключэнне – абавязковыя медагляды працуючых. Акрамя таго, гэтым жа загадам кіраўніцтва ўстаноў аховы здароўя прымае рашэнне аб спыненні ці аднаўленні планавай шпіталізацыі пацыентаў у стацыянар з улікам эпідэміялагічнай сітуацыі ў раёне і магчымасцяў медустаноў. Паліклінікі і бальніцы пераходзяць у рэжым работы ў эпідэміялагічны перыяд, абумоўлены павышэннем захворвання каранавірусам і ВРІ.
Асноўная задача – размеркаваць патокі пацыентаў так, каб «кавід-хворыя» не сутыкаліся з іншымі пацыентамі. Ва ўзмоцненым рэжыме працуе кол-цэнтр у паліклініцы, дзе можна атрымаць дадатковую інфармацыю. Калі камусьці трэба выпісаць ці падоўжыць рэцэпт, урачы могуць рабіць гэта дыстанцыйна з дапамогай сістэмы «Электронны рэцэпт».
Пакуль усе падраздзяленні Ляхавіцкай ЦРБ працуюць у штатным рэжыме, медыцынская дапамога аказваецца з улікам неспрыяльнай эпідсітуацыі, паток пацыентаў раздзелены на чыстую і чырвоную зоны. Па-ранейшаму аказваецца планавая дапамога, у тым ліку праводзяцца і разнастайныя аперацыі.
У сувязі з тым, што павялічваецца колькасць захварэлых каранавірусам, якім патрабуецца шпіталізацыя, акрамя інфекцыйнага аддзялення, размяркоўваем хворых у іншыя перапрафіляваныя падраздзяленні. Колькасць ложкаў для пацыентаў з іншымі захворваннямі не змяншаем, проста пераводзім іх у іншыя аддзяленні. Так што без кваліфікаванай меддапамогі, якая патрабуе шпіталізацыі ў стацыянар, не застанецца ніхто.

– Ці можна зараз запісацца на прыём да стаматолага? Летась з-за каранавіруса нельга было палячыць зубы…
Дар’я, г. Ляхавічы.

– Можна. Таксама прыём вядуць і іншыя вузкія спецыялісты – неўролаг, оталарынголаг, хірург, дэрматолаг…

– Ведаю чалавека, які прайшоў поўны прышчэпачны курс яшчэ
ў маі, але ўсё роўна летам захварэў. Праўда, без тэмпературы і пнеўманіі. Чаму ён прышчэплены – і захварэў?
Марыя Іванаўна, Ляхавіцкі раён.

– У нашай краіне, Ляхавіцкі раён не выключэнне, вакцынацыя пакуль не татальная, таму хварэюць як прышчэп-
леныя, так і невакцынаваныя. Аднак, сярод тых, у каго цяжкае цячэнне кавіда, амаль выключна тыя, хто яшчэ не атрымаў прышчэпку. І такая карціна паўсюдна. З пачаткам чацвёртай каранавіруснай хвалі ўзрасла колькасць шпіталізаваных пацыентаў, таму зноў пасля пэўнага перапынку шпіталізуем іх у стацыянар Ляхавіцкай ЦРБ. Павялічылася колькасць тых, каму неабходна кіслародная падтрымка, прычым у большым аб’ёме, чым пры папярэдніх хвалях. А гэта, зразумела, яшчэ і дадатковыя эканамічныя затраты для бюджэту, для медустаноў.

Перахварэла кавідам год назад. Ляжала ў бальніцы амаль два тыдні, была цяжкая пнеўманія, потым далечвалася дома, яшчэ доўга мучылі пасткавідныя наступствы. Дзякуй медыкам, выратавалі.
Ці варта мне вакцынавацца?
У мяне гіпертанія і цукровы дыябет.
Ганна, г. Ляхавічы.

– Людзям, якія перахварэлі COVID-19, таксама варта вакцынавацца, бо падхапіць каранавірус можна паўторна. Тым больш, вы маеце такія хваробы, як цукровы дыябет і гіпертанія, адпаведна трапляеце ў так званую групу рызыкі, хто і паўторна можа захварэць COVID-19 у цяжкай форме. Зрабіць прышчэпку варта як мага раней.
Праўда, трэба памятаць: і тыя, хто вакцынаваўся супраць кавіда, не павінны страчваць асцярожнасць.
Выконваць правілы дыстанцыравання, працягваць насіць маскі – абавязкова!
Заўважу, што некаторым, напрыклад, дзецям, вакцыны супрацьпаказаны, іх абарона ад кавіда – наяўнасць прышчэпак у тых, хто побач.
Па стане на 29 верасня, у Ляхавіцкім раёне першым кампанентам вакцыны прышчэплены 5249 чалавек, поўны курс прайшоў 4381 зямляк. А вы ўжо вакцынаваліся?

На прамой лініі працавала Галіна КАНЬКО.