В Ляховичах впервые прошла ярмарка юмора /фото/

Прысмакі ад сваятыцкіх і вялікалотаўскіх кулінараў.

Народнымі ці эстраднымі песнямі ў выкананні самадзейных калектываў сёння наўрад ці здзівіш. А вось кірмаш гумару, які ў мінулую нядзелю ладзіўся на плошчы Леніна, прыйшоўся даспадобы. Як адзначалі многія з прысутных, мясцовыя аматары гумарыстычнага жанру не горш знакамітых артыстаў-прафесіяналаў. Ляхавіцкі кірмаш атрымаўся не менш вясёлым, чым гумарыстычныя тэлепраграмы. Амаль пасля кожнага нумара гучалі не толькі апладысменты, але і шчыры смех гледачоў — самая лепшая ацэнка паспяховага выступлення. Ну як можна было не смяяцца пасля, напрыклад, такога жарту ў выкананні ўдзельніц народнага фальклорнага калектыву «Вастраўчане» Востраўскага СДК:
— Гавару мужу: «Глянь, якія ў мяне прыгожыя ногі, нібы ў краме». А ён мне: «А галаву табе на рэшту далі?».
Ці ў тым жа выкананні:
— Кажуць, што ў мяне лішняя вага, а яна ж не лішняя, а запасная…
І такога ”смачнага” сакавітага жыццёвага гумару было нямала ў песнях, фельетонах, прыказках, анекдотах, сцэнках і нават у танцах. Дарэчы, удзел у кірмашы ўзялі амаль усе ўстановы культуры горада і раёна. Асабліва запомніліся і пакарылі гледачоў сваімі праграмамі самадзейныя артысты з Ураджайнінскага, Востраўскага, Навасёлкаўскага СДК.
Акрамя духоўнай ”ежы”, былі яшчэ самыя сапраўдныя стравы беларускай народнай кухні. Пастараліся кулінары з Куршынавіцкага, Зубелевіцкага, Сваятыцкага і Вялікалотаўскага сельскіх клубаў, Малагарадзішчанскага, Крывошынскага СДК. Такой смакаты нагатавалі — пальчыкі абліжаш.
Не засталіся незаўважанымі майстры з Адахаўшчынскага, Востраўскага СДК, Мыслабажскага Дома народнай творчасці з выставамі саламяных, вышываных і саматканых вырабаў. Усе артысты і майстры былі адзначаны падарункамі ад аддзела культуры.
Не забыліся арганізатары свята і пра дзяцей. У іх была магчымасць пакатацца на дзіцячых аўтамабілях, паскакаць на батуце, а ў бацькоў — парадаваць малых новымі цацкамі, якія прадаваліся тут жа.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Выступаюць «Вастраўчане»

Выступае "Вечарніца"

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *