Прафесія выхоўваць будучыню. У першую нядзелю кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць настаўнікі. Са святам, нашы шаноўныя педагогі!

Дырэктар ЦДАДіМ Людміла Юнік (на здымку)  па выніках мінулага года ўдастоена звання «Чалавек года» Ляхавіччыны ў намінацыі «адукацыя, фізічная культура, спорт і турызм».

Напэўна, многія, хто ведае Людмілу Юнік, пацвердзяць яе неверагодную камунікабельнасць, надзвычайную арганізаванасць, зайздроснае ўменне знайсці падыход да любога – дарослага чалавека, падлетка ці малыша. Усяму гэтаму спрыяюць уменні чуць суразмоўцу і гаварыць з ім на адной мове. Для Людмілы Яўгеньеўны гэта яшчэ і прафесійная неабходнасць – яна дырэктар цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.


Шлях у педагагічную прафесію для выпускніцы СШ № 2 пачаўся 35 гадоў  назад, калі маладая выхавальніца прыйшла на сваё першае працоўнае месца – у Русінавіцкі дзіцячы садок. Потым былі Ганчароўскі дзіцячы сад, яслі-сад № 3.
– Захапляльная і ў той жа час адказная прафесія – выхавальнік. Ты для дзяцей сапраўды другая мама, праводзіш з імі шмат часу, вучыш не толькі літарам, лічбам, маляваць, разважаць, але і апранацца, прымаць ежу, а яшчэ выхоўваеш. І, калі бачыш шчырую любоў у вачах маленькага чалавека, разумееш, наколькі цудоўная прафесія – педагог, – зазначае Людміла Юнік.
Вызначальным у прафесійным лёсе стаў для яе 1993 год, калі яна прыйшла ў Дом творчасці. І зноў знайшла сваю нішу – гурткоўцы шчыра любілі свайго кіраўніка, у іх усё атрымлівалася. Ды і сама Людміла Яўгеньеўна адкрыла ў сабе новыя таленты. Тады і не думала, што гэта пазашкольная ўстанова стане для яе, у літаральным сэнсе, другім домам, а тутэйшы калектыў – блізкімі па духу, задумках і ідэях людзьмі, у якіх ёсць высакародная мэта – зрабіць свет больш шчырым, добрым, прыгожым, выхоўваючы і развіваючы падрастаючае пакаленне – нашу будучыню.
– У нас цудоўныя супрацоўнікі, зладжаны і дружны калектыў, правераны часам. Удзячна за тое, што падтрымалі мяне, калі рабіла першыя дырэктарскія крокі. Дзякуй, што дапамагаюць цяпер. Кожны супрацоўнік  цэнтра – скарбонка талентаў, цікавых задумак, увасабляць якія можна бясконца. Імкнёмся штогод прыдумваць новыя напрамкі, адкрываць для нашых выхаванцаў нязведаныя тайны творчасці. Так, летась, калі каранавірус не даваў ва ўсёй паўнаце праводзіць урокі, арганізавалі інтэрнэт-пляцоўкі «Дома не сумуй» – нашы рабяты займаліся творчасцю ў рэжыме
анлайн, – расказвае Людміла Юнік.
Пра поспехі тутэйшых выхаванцаў і педагогаў гавораць шматлікія перамогі на разнастайных выставах і конкурсах, фестывалях і канцэртах. На творчых справаздачах, што ладзіць ЦДАДіМ, заўсёдны аншлаг. За прэстыж установы гаворыць і той факт, што жадаючых запісацца ў тутэйшыя гурткі (а іх зараз 116) не змяншаецца.
– Мы шчыра рады кожнаму з нашых юных навучэнцаў, удзячны бацькам, за тое, што давяраюць сваіх дзяцей, за тое, што вераць у іх. Дзякуй аддзелу па адукацыі за падтрымку нашых пачынанняў і магчымасць іх рэалізаваць. А вышэйшай адзнакай работы ўсяго калектыву можна лічыць тую акалічнасць, што нашы былыя навучэнцы, стаўшы дарослымі, прыводзяць на заняткі ўжо сваіх дзяцей. Дзеля гэтага мы працуем, вучым рабят і ўдасканальваемся самі, – зазначае дырэктар ЦДАДіМ.
Зараз у калектыву адказны перыяд – ён пераехаў на часовыя кватэры, і ўсе з нецярпеннем чакаюць наваселля ў капітальна адрамантаваным будынку цэнтра на плошчы Перамогі.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.