Крымінал. Здарэнні Ляхавіччыны

Сакрэт  банкаўскай карткі

У ляхавічанкі 1956 г. н. пасля размовы ў мэсэнджары Viber з ілжэсупрацоўнікам аднаго з банкаў з карт-рахунка было спісана каля тысячы рублёў. На што павялася жанчына? Зламыснік быццам з мэтай абароны банкаўскай карткі ад махлярскіх дзеянняў атрымаў ад жанчыны код доступу да «пластыку».
Каб не стаць ахвярай зламыснікаў, захоўвайце ў сакрэце ПІН-код і ўсе рэквізіты плацежнай карткі.
РАСК узбудзіў крымінальную справу па артыкуле 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Беражыце лес!

Райаддзел СК узбудзіў крымінальную справу па артыкуле 276 «Знішчэнне або пашкоджанне лесу, драўнінна-хмызняковай расліннасці па неасцярожнасці». Падзеі адбываліся ў красавіку на тэрыторыі Куршынавіцкага лясніцтва, дзе ляснік выявіў падпал каля вёскі. Моцны вецер разнёс полымя на вялікую адлегласць. У выніку неасцярожнага абыходжання з агнём невядомай асобай пашкоджаны лес на агульнай плошчы каля 30 гектараў. Страта, нанесеная Ляхавіцкаму лясгасу, склала больш за 21 тысячу рублёў.
Калі хтосьці мае інфармацыю пра падпал лесу, просьба паведаміць у праваахоўныя органы.

Адкуль ногі растуць?

У Вялікай Лотве неўстаноўленая асоба залезла праз незакрытае гарышча ў дом і выкрала адтуль слоікі з кансервацыяй.
У Каранеўшчыне невядомы забраў з дома 69-гадовай вяскоўкі 180 рублёў.
У вёсцы Гарбачы два мясцовыя жыхары  ў знаёмай, пакуль тая знаходзілася ў бальніцы, у некалькі заходаў выкралі з гаспабудовы сем рулонаў сеткі-рабіцы. Акрамя гэтага, забралі дзве фрэзы для мотаблока. Сума страты склала больш за 300 рублёў. Выкрадзенае зламыснікі збывалі мясцовым і жыхарам навакольных вёсак за спіртное.
Неўстаноўленая асоба ў перыяд з 9 жніўня па 3 верасня з дома ў Заліпенні выкрала 500 долараў ЗША, якія былі схаваны ў шафе ў бляшанцы. 13 верасня райаддзел СК узбудзіў крымінальную справу па частцы 1  артыкула 205 Крымінальнага кодэкса.
46-гадовы ляхавічанін забраў на чыгуначнай станцыі веласіпед, які быў закрыты на замок каля драўлянай агароджы.
Майстар будаўнічай арганізацыі вырашыў выкрасці з працоўнага месца  33 упакоўкі мінеральнай ваты. Сума выкрадзенага склала крыху больш за тысячу рублёў.

Адказнасць  за сямейны скандал

38-гадовы вясковец сістэматычна наносіў пабоі сваёй жонцы 1975 г. н. РАСК  узбудзіў крымінальную справу па частцы 1
артыкула 154 Крымінальнага кодэкса. Матэрыялы справы накіраваны ў суд. Сямейнаму скандалісту пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Яшчэ адна крымінальная справа па гэтым жа артыкуле ўзбуджана пракурорам раёна адносна жыхара вёскі Гарбачы. Ён у нецвярозым стане з сакавіка па жнівень наносіў цялесныя пашкоджанні сваёй жонцы.

Па літары закона
РАСК узбудзіў крымінальную справу па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса (насілле або пагроза прымянення насілля ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) у адносінах жыхара раёна 1988 г. н.,
які прымяніў супрацьпраўныя дзеянні адносна супрацоўніка праваахоўных органаў. Міліцыя правярала паднаглядных і ў 23.30 прыбыла да раней судзімага вяскоўца. Той спачатку вырашыў не адчыняць дзверы, а пасля падчас разбіральніцтва нанёс міліцянеру ўдар нагой. Жыхар раёна затрыманы і знаходзіцца ў следчым ізалятары. За супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да міліцыянера яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Дзмітрый ГАТОЎЧЫЦ,
намеснік начальніка РАСК.