Гандбольны прарыў. Ляхавіцкая каманда заняла ганаровае другое месца на абласным турніры па гандболе

У чарговы раз сваё важкае пераможнае слова ў спорце сказалі выхаванцы Ляхавіцкай СДЮШАР. На гэты раз алімп пакарыўся прыхільнікам ручнога мяча.
З 5 па 7 кастрычніка ў Брэсце прайшлі традыцыйныя штогадовыя алімпійскія дні моладзі па гандболе сярод юнакоў 2005-2006 гадоў нараджэння.

Наш раён на абласным форуме прадстаўляла дружына, якую трэніруе выкладчык СДЮШАР Аксана Лойка. Рабяты выступілі не проста дастойна, а супер-паспяхова. Крок за крокам, тайм за таймам, матч за матчам яны дэманстравалі камандны дух, вытрымку, мэтанакіраванасць, спрыт і ўсе навыкі, якія атрымалі падчас шматгадзінных трэніровак на працягу многіх гадоў, набліжаліся да запаветнай мары. Стараліся нездарма – дагуляліся да звання віцэ-чэмпіёнаў, занялі ганаровае другое месца на абласным турніры.
– Адназначны прарыў! Гэта перамога, бясспрэчна, важная, і не толькі для каманды, але і для ўсёй СДЮШАР, бо ляхавіцкая школа ручнога мяча мае слаўныя традыцыі. Такой вікторыі ў нас не было амаль два дзесяцігоддзі. Канешне, мы з году ў год спадзяваліся на добрыя вынікі, для чаго і прыкладалі шмат намаганняў: стваралі належныя ўмовы, трэнеры распрацоўвалі перспек-тыўныя методыкі трэніровак, падбіралі склад, але кожны раз да дастойных вынікаў нечага не хапала. Ёсць і суб’ектыўныя прычыны: кад-равы недахоп, змяншэнне колькасці дзяцей і іншыя. А сёлета ўсё атрымалася, і гэта здорава. Перамога важкая яшчэ і таму, што каманды на турніры выступалі надзвычай моцныя. Увогуле гандбол у маштабах вобласці апошнім часам паспяхова развіваецца ў Брэсце, Маларыце, Ляхавічах, Баранавічах, Пінску. На алімпійскіх днях перамогу святкавала  каманда з абласнога цэнтра, ляхавіцкія гандбалісты – на другім месцы, бронза – у Маларыты. Дарэчы, сярэбраныя медалі мы выйгралі толькі па розніцы забітых і прапушчаных мячоў і пакінулі на трэцім месцы надзвычай зладжаную маларыцкую зборную. Што яшчэ адзін аргумент на адметнасць такога феерычнага выступлення. Ганарымся нашымі выхаванцамі і іх трэнерам, спадзяёмся, што ў бліжэйшай будучыні і нашы дзяўчаты-гандбалісткі пакажуць не менш дастойныя вынікі, – адзначае дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч.
Знаёмімся з трыумфатарамі. Дарэчы, усе юнакі – навучэнцы гарадскіх школ, а таксама сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў краіны. Мікіта Сіняўскі, Мікіта Цімошак, Арцём Курловіч, Мікіта Дабрадзей, Ілья Казека, Дзяніс Кунцэвіч, Захар Шчука, Мікіта Адаська, Данііл Валчкоў і капітан каманды Максім Лойка, які стаў лепшым бамбардзірам каманды, – юныя гандбалісты, якія кавалі перамогу.
– Рабяты выраслі на нашых вачах, першыя крокі ў спорце рабілі менавіта тут. А бягучы навучальны год і ў СДЮШАР, і ў сярэдняй школе для іх апошні. Але спадзяюся, што яны не перастануць займацца спортам. Акрамя таго, рыхтуем дакументы для мэтавага накіравання на вучобу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры для Максіма Лойкі і Мікіты Сіняўскага, якія пажадалі звязаць сваю прафесію з фізкультурай і спортам, – расказвае Валянціна Русакевіч.
Не хавае радасці і эмоцый трэнер прызёраў алімпійскіх дзён Аксана Лойка, якая трэніруе гэтых рабят больш за сем гадоў.
– Рада – не тое слова! Трэба было бачыць, як рабяты змагаліся за кожны мяч, за кожны падбор. А якія ўдары адбіваў наш галкіпер. У перамозе ёсць заслуга кожнага, мы разам крок за крокам ішлі да агульнай вікторыі. Займаліся чатыры разы на тыдзень па тры гадзіны, адпрацоўвалі кожны рух, кожны кідок, прыдумвалі разнапланавыя камбінацыі, займаліся мноствам фізіч-ных практыкаванняў, – з энтузіязмам і гонарам зазначае трэнер юных чэмпіёнаў.
Яшчэ адзін прыемны факт. Нашы Максім Лойка, Данііл Валчкоў і Мікіта Сіняўскі ўключаны ў склад зборнай Брэсцкай вобласці, якая выступае на гандбольным турніры ў Мінску. А трэніруе каманду заслужаны трэнер Брэсцкай вобласці, наш зямляк Леанід Вашкевіч. У бліжэйшыя выхадныя каманда Ляхавіцкай СДЮШАР згуляе на чарговым этапе дзіцячай гандбольнай лігі Zubr Cup, спаборніцтвы пройдуць у нашым райцэнтры. Да такога шчыльнага графіка гульняў нашы юныя гандбалісты прывыклі, такі рытм не перашкаджае ім дабівацца новых перамог, а наадварот загартоўвае. Чакаем чарговых вікторый!

Галіна КАНЬКО.