Я – ляхавічанін. Ляхавіччына стала другой малой радзімай для ўраджэнца Віцебшчыны

Актыўны і ініцыятыўны, камунікабельны і добразычлівы, творчы і неабыякавы – такі ён, настаўнік гісторыі і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 2 Віталій Толкач. Віталій наш зямляк не толькі таму, што зараз жыве і працуе ў Ляхавічах. Ён з Віцебшчыны, вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым лёс распарадзіўся так, што маладая сям’я Толкачаў прыехала на радзіму жонкі Вольгі. За пяць гадоў Віталій паспеў шчыра палюбіць Ляхавіччыну, якая гасцінна прыняла маладога спецыяліста.

– Ганаруся, што цяпер і я ляхавічанін. Як можна не захапляцца краем з такой багатай спадчынай. Удзячны кіраўніцтву школы, што даверылі ўзначаліць школьны музей працоўнай і баявой славы. Разбіраючы і кампануючы экспанаты, столькі цікавага даведаўся. Асабліва захапіла мяне тэма Вялікай Айчыннай вайны, на тэрыторыі раёна столькі напамінаў пра тыя вогненныя дні.
І колькі яшчэ неразгаданых старонак неабходна перагарнуць і прачытаць.Трэба бачыць, з якім энтузіязмам хлопчыкі і дзяўчынкі ўключаюцца ў пошукавую работу. Самая лепшая ўдзячнасць, калі на адрас музея прыходзяць пісьмы падзякі ад родных герояў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай і доўгі час лічыліся прапаўшымі без вестак. Сапраўды, чалавек жыве, пакуль пра яго помняць. Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася ўнікальная спадчына – таму так важна не толькі беражліва адносіцца да гістарычна-культурнага багацця, але зберагаць яго, перадаваць будучым пакаленням. Патрыятычны  напрамак – адзін з асноўных у выхаваўчай рабоце, што праводзіцца ў нашай навучальнай установе, – гаворыць Віталій Толкач.
Свой сярод сваіх – такі Віталій Аляксандравіч і для калег-настаўнікаў, і для вучняў.
– Прыемна бачыць такое ініцыятыўнае маладое папаўненне ў нашым дружным калектыве. Віталій Аляксандравіч – граматны, інтэлектуальны педагог, выдатны прафесіянал, выкарыстоўвае разнастайныя інтэрактыўныя методыкі. Надзвычай тактоўны і дружалюбны, гатовы прыйсці на дапамогу, яго паважаюць калегі. Умее хутка наладзіць кантакт з навучэнцамі, рабятам з такім настаўнікам дужа цікава, – характарызуе педагога дырэктар СШ № 2
Людміла Паўлоўская.
Грамадзянская пазіцыя актыўная – таксама пра Віталія Толкача, непасрэднага ўдзельніка разнастайных маштабных мерапрыемстваў, што ладзяцца на Ляхавіччыне і не толькі: аўтапрабег па патрыятычным маршруце «Па святынях ляхавіцкай зямлі», выступленне на раённым педагагічным форуме, перамога ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу лідараў дзіцячых і маладзёжных арганізацый «СуперТройка». А яшчэ ён член БРСМ і Маладзёжнага парламента пры райсавеце.
– Беларусь заўжды славілася сваёй адкрытасцю і гасціннасцю. І важна, каб так было заўжды. 2021-ы аб’яўлены Годам народнага адзінства. Мы, беларусы, – адзіная нацыя, незалежна ад таго, якіх чалавек прытрымліваецца поглядаў, і гэта адзінства неабходна захаваць, – зазначае Віталій Толкач.
Як чалавек, якому неабыякава будучыня краіны, Віталій Толкач сочыць за палітычнымі і грамадскімі падзеямі, што адбываюцца ў Беларусі. Прычым з’яўляецца не проста назіральнікам, але па магчымасці імкнецца ўдзельнічаць у дыскусіях на розныя тэмы мясцовага і рэспубліканскага значэнняў, уносіць прапановы. Адна з іх тычылася змяненняў ў Канстытуцыю Беларусі: прапанаваў замацаваць у Асноўным Законе краіны функцыянаванне Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь як органа ўлады для вырашэння пытанняў у галіне маладзёжнай палітыкі з правам заканадаўчай ініцыятывы.
– Даводзіцца чуць, як маладыя людзі скардзяцца, што ім не цікава жыць у невялікіх райцэнтрах. Не згодны з такім меркаваннем. Вось Ляхавічы. Тут шмат аб’ектаў для заняткаў спортам і для аматараў здаровага ладу жыцця – СДЮШАР, стадыён, варкаўт-пляцоўка, веладарожкі. Для дзяцей і ўвогуле шмат чаго – заняткі па інтарэсах у ЦДАДіМ і навучальных установах, спартыўныя секцыі, школа мастацтваў, парк па вуліцы Дзесюкевіча. Для адпачынку –
працуюць кафэ, ёсць кінатэатр, распрацаваны экскурсійныя маршруты.
А як папрыгажэлі Ляхавічы за апошні час! – упэўнены Віталій Толкач.
У настаўніцкай прафесіі Віталій Аляксандравіч не навічок. Не толькі прадаўжае прафесійна ўдасканальвацца, але і сочыць за навацыямі ў адукацыйнай сферы.
– Раздзяляю меркаванні ўдзельнікаў сёлетняга Рэспубліканскага педсавета, якія тычыліся арганізацыі вучэбнага працэсу, павышэння якасці адукацыі, удас-каналення выхаваўчага патэнцыялу, сістэмы цэнтралізаванага тэсціравання. Выступленне на форуме Прэзідэнта краіны было прасякнута любоўю да Радзімы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што настаўнік – транслятар ідэалогіі краіны, і зазначыў важнасць ролі педагога ў выхаванні дастойных грамадзян сваёй краіны. На маю думку, важна, што Кіраўнік дзяржавы надае такую значную ўвагу адукацыйнай сферы. Вось і на нядаўняй нарадзе ў Прэзідэнта абмяркоўваліся пытанні новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі і правілаў прыёму ў ВНУ і ССНУ, –  гаворыць Віталій Толкач.
Выдатны сем’янін, цудоўны бацька і клапатлівы муж – таксама пра Віталія Толкача. Зразумела, што ў настаўніка не так шмат вольнага часу, але, як толькі з’яўляецца гадзіна-другая, ён з інтарэсам і задавальненнем праводзіць яе з самымі блізкімі – жонкай Вольгай і чатырохгадовым сынам Раманам (на здымку).
– Бясспрэчна, сям’я – у прыярытэце. У нашага Ромкі столькі інтарэсаў, толькі паспявай за ім. Канструктар, чытанне кніг, маляванне, розныя развіваючыя гульні. А яшчэ трэба схадзіць і на стадыён ці варкаўт-пляцоўку. Любім выбірацца разам на прыроду, ездзім у Гайнінец, дзе жывуць бацькі жонкі. Знаходзім час і на невялікія сямейныя педсаветы: жонка таксама настаўніца, выкладае беларускую мову і літаратуру, – гаворыць Віталій Толкач.
На пытанне, што памяняў бы ў жыцці, Віталій адказвае, што пакінуў бы ўсё на сваіх месцах: сям’я ў яго суперская, работа выдатная, калектыў адметны, вучні самыя таленавітыя. Гэта і ёсць шчасце!

Галіна КАНЬКО.
Фота з сямейнага архіва сям’і Толкач.