Так хочацца жыць. Гісторыя нашай зямлячкі, якая змагалася з кавідам…

У кожнага з амаль 558 тысяч жыхароў нашай краіны (з пачатку пандэміі менавіта столькі беларусаў маюць пацверджаны дыягназ COVID-19) свая гісторыя, звязаная з каранавірусам. У кагосьці малапрыемная і кароткая, бо хвароба працякала практычна бессімптомна.
У некаторых больш працяглая, калі абышлося ўсё лячэннем на даму. Аднак, ёсць і тыя, каго кавід не толькі паклаў на бальнічны ложак, але пэўны час пацыент са станоўчым тэстам на каранавірус у прамым сэнсе знаходзіўся паміж жыццём і смерцю. І стаць пераможцам у няроўнай схватцы з супернебяспечнай інфекцыяй, на жаль, атрымалася не ва ўсіх. Вашай увазе, шаноўныя чытачы, гісторыя нашай зямлячкі – адной з нас, чыё жыццё падзялілася на «да» і «пасля». «Да» доўжылася да мая 2020 года, «пасля» мае працяг і сёння. Знаёмцеся: Наталля Сяргееўна, 44 гады.

– Напачатку мая мінулага года паехала на Міншчыну, дапамагала бацькам з пасадкай агарода. Тады распачыналася, як аказалася пазней, першая каранавірусная хваля. Я даволі законапаслухмяная і адказна стаўлюся да ўласнага здароўя, таму і сама, і мая сям’я –
муж і дочкі – яшчэ да ўвядзення абавязковага масачнага рэжыму насілі маскі, апрацоўвалі рукі антысептыкам. Праз тыдзень,
як вярнулася дамоў, раніцай па традыцыі заварвала каву сабе і мужу і зразумела, што зусім не адчуваю любімы водар.
Пра першыя ў той час прыкметы кавіда не ведалі нават дзеці. Але, як здараецца, падумала: які можа быць у мяне кавід, і ўвогуле з рознымі прастудамі і рэспіраторнымі інфекцыямі і на бальнічным ніколі не была, толькі калі дочкі хварэлі. Яшчэ і на рабоце з калегамі пасмяяліся, маўляў, няўжо каранавірус і на мяне ўвагу звярнуў. А праз некалькі дзён кавід-званочкі пасыпаліся адзін аднаго актыўней. Суставы, косці выкручвала так, што не магла ні сядзець, ні ляжаць, слабасць ва ўсім целе, тэмпературы не было. Думала, што проста стамілася. Сіл не хапала з 12-гадовай дачкой урокамі займацца. За медыцынскай дапамогай не звярталася, думала адляжуся на выхадных, і ўсё зноў вернецца на звыклыя рэйкі.
Але жыццё распісала ўласны сцэнарый. Раптам паднялася тэмпература, слупок даходзіў да 39,5 градуса, на целе, здаецца, не было ніводнага месца, дзе б не балела. Тэмпературу збівала парацэтамолам на гадзіну-другую, і ўсё паўтаралася зноў. Пот ішоў градам, ні на якую ежу глядзець не магла, пахі адсутнічалі. Сярод ночы апанаваў кашаль, ды такі, што здавалася ўся кватэра ходырам хадзіла. Па адчуваннях, я існавала сама па сабе, а маё цела жыло іншым жыццём. Нават некалькі крокаў не магла ступіць, дыхання не хапала, ногі нібы ватныя, адчуван-
не – трапляю ў бездань. Муж, нягледзячы на мае забароны, выклікаў хуткую дапамогу. Медыкі прыехалі адпаведна назве свайго падраздзялення. Памералі тэмпературу, сатурацыю, паслухалі лёгкія і сказалі збірацца неадкладна для шпіталізацыі. Па тоне голасу фельчара зразумела, што справы мае, мякка кажучы, не вельмі. Слава богу, хапіла розуму не напісаць адмову ад шпіталізацыі.
У гэты ж дзень зрабілі рэнтген, які паказаў двухбаковую пнеўманію. Мне было ўсё абыякава, моцна балела ў грудзіне, і так хацелася глыбока ўдыхнуць напоўную, але не атрымлівалася, не хапала паветра і было нясцерпна балюча. Адчула, што задыхаюся, нібы выкінутая з вады рыба, хапала ротам паветра. Суседка па палаце спалохалася і паклікала ўрача. Ці было мне страшна? Не, не страшна – жудасна. Паверце, у думках я ўжо развітвалася з блізкімі, прасіла ў іх прабачэння, хацелася плакаць, слёз не было. Потым зноў бездань. Як аказалася, страціла прытомнасць. Прыйшла ў сябе і зразумела, што знаходжуся пад кіслароднай маскай. Стала лягчэй дыхаць, але самастойна не атрымлівалася. Ад шматлікіх кропельніц моцна балелі вены. Увогуле рукі, як і жывот (калолі туды прэпараты для разрэджвання крыві), былі ўсе ў сіняках. Але такую «прыгажосць» можна было перажыць. Куды страшней і нават невыносна было ад думкі, што здымуць кіслародны апарат, адчувала, адразу задыхнуся. Памятаю, як падчас абходу ўрач мераў сатурацыю, з-за маскі мімікі не відаць, але я запомніла позірк яго вачэй, і ў іх нямое пытанне: як вы сябе адчуваеце з такім нізкім паказчыкам узроўню кіслароду. Як потым аказалася, лічбы на прыборы паказвалі 87. Пнеўманія, нягледзячы на разнапланавую тэрапію, не збіралася пакідаць мой арганізм. А несусветнае катаванне – прапазіцыя, калі для паляпшэння дыхальнай функцыі трэба да 12 гадзін у суткі ляжаць на жываце, – мне, дарэчы, як і суседкам па палаце, і праз гэта давялося прайсці.
Як расказалі пасля, медыкі паведамілі родным: калі праз дзень сітуацыя не выправіцца, будзе стаяць пытанне аб пераводзе мяне на апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. Ворагу не пажадаю перажыць тыя амаль тры тыдні жудасных выпрабаванняў, здзекаў, якія над маім арганізмам праводзіў пракляты каранавірус. А мне так хацелася жыць, бачыць, як вырастае мая малодшая, спяшацца з мужам у лес па грыбы, дзяліцца навінамі з татам, гатаваць пірог з мамай, сакрэтнічаць з сяброўкамі. І самае галоўнае – я магла так і не ўсвядоміць, не адчуць, што стала бабуляй. Якраз у тыя дні, калі я балансавала паміж жыццём і смерцю, у мяне нарадзіўся ўнучок. Як жа тады перад родамі перажывала мая старэйшая дачка, ведаючы, што маму можа забраць хвароба. І ўсё ж, дзякуючы медыкам, малітвам мамы, клопату маёй сям’і і Богу, я выжыла. Якое ж гэта шчасце, багацце, радасць – дыхаць самастойна, рабіць крок за крокам, засынаць, не баючыся не прачнуцца, і нарэшце атрымаць асалоду ад гаючага водару кавы. Аналізы паказалі, антыцелы ўжо выпрацаваліся, і я выздараўліваю, а хвароба адступіла.
Але пасткавідны сіндром працягваўся месяцамі – выпадалі валасы, кашляла яшчэ доўга, перыядычна падымалася тэмпература, часта быў плаксівы стан, на многія раней звычайныя рэчы крыўдзілася, перажывала па дробязях, балелі спіна, галава. Пасля аплачваемага водпуску брала яшчэ водпуск за ўласны кошт – цяжка было хадзіць на працу. Выпіла горы вітамінаў, комплексаў, старалася як мага больш ужываць садавіны і агародніны, часцей бываць на свежым паветры – штодзённыя прагулкі вечарамі сталі неад’емным атрыбутам у маім рэжыме дня. Паціху прыходзіла да свайго звычайнага стану.
І зноў гавару дзякуй сваёй сям’і, блізкім, яны акружылі мяне клопатам. Але з кавідам я так і не развіталася, на памяць пра сябе ён пакінуў мне гіпертанію. Цяпер вось штодня прымаю лякарствы супраць павышанага ціску. Дарэчы, антыцелы ў мяне пратрымаліся паўгода – здавала платны аналіз. Дакладна ведала, зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб ні самой, ні маім родным (дарэчы, ні муж, ні дачка каранавірусам не заразіліся), не трапіць у моцныя кавідныя ціскі.
Я так і не прыйшла да высновы, дзе падхапіла інфекцыю: магчыма, калі ехала ад бацькоў у аўтобусе, акрамя мяне тады ў масках было некалькі чалавек, а можа на рабоце ці ў магазіне. Але не важна, дзе, важна, што кавід ёсць, і ён вельмі-вельмі небяспечны і можа пазбавіць любога чалавека, незалежна ад узросту, сацыяльнага статусу, самага галоўнага – здароўя і жыцця. Паглядзіце, ва ўсім свеце кіназоркі і мільярдэры, вядомыя грамадскія дзеячы і музыканты, палітыкі і медыкі, хварэюць усе і паўсюдна, і, як не сумна, не ўсе выжываюць. Зазірнула ў статыстыку і атрымала сапраўдны шок: у свеце ад каранавіруснай інфекцыі памерла амаль пяць мільёнаў чалавек. Не хачу, не дапушчу, зраблю ўсё магчымае, каб у гэту сумную лічбу не трапіла ні я сама, ні мае родныя.
Для сябе, як толькі даведалася, што і ў Беларусь, у рэшце рэшт, прыйшла вакцына (спачатку была толькі кітайская), вырашыла адназначна – абавязкова прышчаплюся. Таму, калі ў нашым райцэнтры пачалі прышчапляць супраць каранавіруса ўсіх жадаючых, я не проста пайшла за прышчэпкай, а ў прамым сэнсе пабегла.
Сёлета напрыканцы чэрвеня завяршыла поўны курс вакцынацыі супраць COVID-19. Прышчапіліся муж і мае бацькі. Прышчэпку перанесла лёгка, ніякіх пабочных момантаў не адчула, толькі пасля першага ўколу крыху балела месца, куды ўвялі ін’екцыю. Лічу, што я і мая сям’я сур’ёзна ўзброіліся супраць каранавіруснай інфек-
цыі. І нават калі мне зноў, а маім блізкім упершыню «пашчасціць» сустрэцца з COVID-19, усё пройдзе ў лёгкай форме. Я расказала сваю гісторыю не для таго, каб мне паспачувалі ці мяне пашкадавалі, проста хачу, каб ніхто не паўтарыў тыя выпрабаванні, якія я прайшла. Мяне падтрымаюць усе, хто такое прайшоў у сваім жыцці. Заклікаю ўсіх і кожнага. Хочаце жыць? Жадаеце здароўя сваім родным? Не рызыкуйце, не думайце, што пранясе, ці мяне гэта не закране. Не адкладвайце на потым, потым можа і не быць. Прышчапіцеся!

Запісала Галіна КАНЬКО.