Беларусь ведаю! Абласны этап рэспубліканскага чэмпіянату па хуткаснай зборцы спілс-картаў аб’яднаў 30 каманд з усёй Брэстчыны

Абласны этап рэспубліканскага чэмпіянату па хуткаснай зборцы спілс-картаў аб’яднаў 30 каманд з усёй Брэстчыны

«Ведаю Беларусь» – гэта рэспубліканскі чэмпіянат па хуткаснай зборцы спілс-картаў Рэспублікі Беларусь, які прысвечаны Году народнага адзінства. Напачатку верасня Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі аб’явіў пра старт праекта, які накіраваны на падтрымку сістэмы комплекснага грамадзянска-патрыятычнага выхавання юнакоў і дзяўчат рознага ўзросту. «Ведаю Беларусь» уключае серыю аднайменных анлайн-квізаў па пытаннях гісторыі, геаграфіі, культуры.

12 кастрычніка ў Брэст на абласны этап з’ехаліся 30 маладзёжных каманд з усіх раёнаў, сярод якіх і рабяты з гімназіі г. Ляхавічы.
Гімназісты Яўгеній Прыхач, Дар’я Рашэцкая, Аліна Гемваройская аб’ядналіся ў каманду «Санрайз» і стараліся з пастаўленай задачай справіцца дастойна. Сярод 16 школьных каманд нашы рабяты занялі шостае месца. Падрыхтавала юных знаўцаў геаграфіі настаўніца гімназіі Наталля Рабцэвіч, а суправаджаў іх у Брэст кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Іван Шпак.
Капітан «Санрайза» дзесяцікласнік Ягор Прыхач дзеліцца, што паўдзельнічаць у праекце было вельмі цікава.
– Спадабаўся працэс зборкі пазлаў, на якіх пазначаны геаграфічныя аб’екты нашай краіны. Спаборнічалі з добрым настроем у атмасферы ўзаема-выручкі і сяброўства. Карысным было яшчэ раз паглыбіцца ў геаграфічныя прасторы нашай краіны. Такія інтэлектуальныя турніры даюць зразумець нам, школьнікам, што свае веды неабходна пастаянна пашыраць і не спыняцца на школьнай праграме. Нам, дарэчы, нельга было карыстацца тэлефонамі, адпаведна і ў інтэрнэт не маглі зайсці. Пазнаёміліся з равеснікамі з Баранавічаў. Колькі раз даводзілася бываць у Брэсце, і штораз горад прыемна здзіўляе сваёй прыгажосцю, адметнымі аб’ектамі і прыгожымі вуліцамі, –падкрэслівае Ягор Прыхач.
Арганізатарамі турніру стаў Брэсцкі абласны камітэт грамадскага аб’яднання БРСМ і галоўнае ўпраўленне па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва райкама БРСМ.