У падарожжа з біяметрычным пашпартам. Выдача біяметрычных дакументаў на Ляхавіччыне, як і ў іншых рэгіёнах краіны, стартавала 1 верасня

Спецыяльны апарат з камерай робіць здымак чалавека, сканіруюцца адпячаткі пальцаў. Яркім вочкам загараецца акенца, і з дапамогай сцілуса чалавек выводзіць свой электронны подпіс. Пяць мінут –  і заяўка адпраўлена ў цэнтр персаналізацыі даных у Мінск. Гэта не сюжэт з крыміналістычнай лабараторыі.

Так у аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі РАУС адбываецца збор біяметрычных даных для афармлення біяметрычных дакументаў.
Пашпартыст аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Таццяна Цуба накіроўвае кліента з адной працэдуры на другую. Цяпер не трэба ісці ў фотамайстэрню, каб зрабіць фота, – усё робіцца на месцы з дапамогай устаноўленага ў АГіМ біяметрычнага комплексу для збору біяметрычных даных.
Выдача біяметрычных дакументаў на Ляхавіччыне, як і ў іншых рэгіёнах краіны, стартавала 1 верасня. Усяго з’явіцца восем новых дакументаў. Па стане на  12 кастрычніка, расказвае вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва Таццяна Капцэвіч, у АГіМ за новымі дакументамі звярнуліся 58 чалавек, з якіх за біяметрычным пашпартам – 12 чалавек, 22 за  ID-карткамі і 24 чалавекі за біяметрычным пасведчаннем на права жыхарства.


– Немагчыма ўявіць сённяшні дзень без лічбавых тэхналогій, якія значна спрашчаюць наша жыццё.
І біяметрыя становіцца яе часткай. Неабходна ведаць, што такое ідэнтыфікацыйная картка (ID-картка) і біяметрычны пашпарт. ID-картка дзейнічае на тэрыторыі краіны для сведчання асобы ўладальніка. Дакумент уяўляе сабой пластыкавую картку, яна знешне падобная на пасведчанне вадзіцеля ці, напрыклад, на білет члена БРСМ. На ёй змешчаны прозвішча, імя, імя па бацьку ўладальніка, дата яго нараджэння, грамадзянства, пол, а таксама ідэнтыфікацыйны нумар. З адваротнага боку – QR-код. У картку ўбудаваны чып, на якім знаходзіцца біяметрычная інфармацыя чалавека. Дзякуючы гэтаму ўладальнік карткі персаніфікуецца ва ўсіх сістэмах.
Што датычыць біяметрычных пашпартоў, то яны спатрэбяцца для выезду за мяжу. Зрабіць яго можна толькі пры наяўнасці ў заяўніка ідэнтыфікацыйнай карткі, – тлумачыць асаблівасці новаўвядзення часова выконваючы абавязкі начальніка АГіМ Юрый Дзямід і адразу заўважае, што паралельна з новымі дакументамі будзе дзейнічаць пашпарт узору 1996 года.
Для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы, з 1 верасня біяметрычныя дакументы стануць абавязковымі. Старыя дакументы (той жа від на жыхарства) можна будзе выкарыстоўваць да заканчэння тэрміну іх дзеяння.
У чым перавага новых дакументаў? Плануецца, што ID-картка будзе служыць не толькі як сведчанне асобы, але і як своеасаблівая аўтабіяграфія чалавека, дзе ў тым ліку будуць змяшчацца вадзіцельскае пасведчанне, плацежныя банкаўскія і іншыя карткі. Новы дакумент дае права электроннага подпісу. Для гэтага толькі і неабходна ўвесці асабісты ключ доступу. Прычым, пашпарт мае некалькі ступеняў абароны – ад візуальнай да персанальнай плюс выкарыстанне адпячаткаў пальцаў. Відавочна, што біяметрычныя дакументы – гэта новыя перспектывы і зручнасць у выкарыстанні.
Жыхар раёна Аляксей Бабіцкі адзін з тых, хто стаў уладальнікам сучасных дакументаў.
– Прыйшоў у АГіМ, калі мой пашпарт стаў нядзеючым. Тут супрацоўнікі расказалі пра новыя дакументы і іх магчымасці. Выбіраў, зрабіць звычайны ці новы, спыніўся на ID-картцы і біяметрычным пашпарце. Афармленне не заняло шмат часу. Падкупіла, што ўсё робіцца на месцы, нават аплаціць можна праз АРІП. Ды і тэрмін вырабу дакументаў цалкам задавальняе –
15 дзён, а ў паскораным варыянце – пяць, – адзначае Аляксей Бабіцкі.
Калі дакументы гатовыя, на тэлефон заяўніка прыходзіць адпаведнае паведамленне. У АГіМе супрацоўнікі правяраюць дакументы на цэласнасць і тлумачаць атрымальніку ўсе нюансы карыстання імі. Пашпарт новага ўзору можа атрымаць толькі яго ўладальнік.
Колькі ж трэба заплаціць за новыя дакументы? ID-картка абыдзецца ў 1,5 базавай велічыні, а біяметрычны пашпарт – 2 БВ. Для непаўналетніх, пенсіянераў, інвалідаў I і II груп прадугледжаны льготы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА