Ляхавіччына: мір нашаму дому

Ляхавічы. 3 ліпеня. 2013 г.

У трэці дзень ліпеня каторы год запар беларусы  адзначаюць свята святаў — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і чарговую гадавіну вызвалення рэспублікі ад фашысцкіх захопнікаў. Сімвалічна, што дзве гэтыя светлыя даты адзначаюцца адначасова. Раённая ўлада паклапацілася, каб дзень 3 ліпеня на ляхавіцкай зямлі прайшоў урачыста і прыгожа.

Як заўсёды, галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці ляхавічане і госці горада сустракалі з добрым настроем, радасцю і натхненнем. Такія розныя і такія салідарныя ў памкненні жыць і працаваць у свабоднай і незалежнай краіне, прыйшлі нашы землякі на свята.
На абноўленай плошчы Перамогі адбыўся мітынг «Салдатам Вялікай Айчынай прысвячаецца…» Усё менш на ўрачыстасцях салдат-вызваліцеляў — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, дзякуючы якім мы атрымалі шчасце жыць пад мірным небам. Ім, шаноўным ветэранам, — словы віншаванняў, пашана, любоў і кветкі ад удзячных нашчадкаў. Мы не маем права забыць людзей, якія цаной свайго жыцця набліжалі пераможныя дні. Метраном у цішыні адлічваў мінуты маўчання: святлом удзячнай памяці няхай азараюцца імёны загінуўшых на той вайне.
Адкрыў мітынг старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, які пажадаў землякам святочнага настрою, шчасця, дабра, новых поспехаў у працы. Са словамі віншавання да прысутных звярнуўся і ваенны камісар раёна падпалкоўнік Ігар Гусак.
Роўным строем прайшлі перад помнікам загінуўшым героям і землякамі воіны сённяшніх Узброенных Сіл Рэспублікі Беларусь. У небе над горадам вышэйшы пілатаж дэманстравалі на самалётах СУ-27 і МІГ-29 авіятары 61-й авіяцыйнай базы з Баранавіч.
А потым свята перамясцілася на плошчу Леніна, дзе прайшло тэатралізаванае прадстаўленне «Квітней, родная Белая Русь!». Урачыста, натхнёна вітаў ляхавічан і гасцей горада старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук. Ён падзякаваў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за мужнасць, самаахвярнасць, за мір і незалежнасць, а сённяшняму пакаленню маладых — за добрасумленную працу, падтрымку і клопат пра родную Беларусь, пажадаў усім землякам дабрабыту, міру і працвітання.
Хвалюючы момант: узрушаныя падымаліся на сцэну маладыя спецыялісты — сям’я ўрачоў — Юрый і Ганна Фядзько. Кіраўнік раёна ўручыў ім ключы ад службовай кватэры. Добрая традыцыя — клопат улады пра маладыя кадры пастаянна знаходзіць свой працяг. Нагадаем, што год таму на святкавані Дня Незалежнасці ключы ад службовай кватэры атрымала сям’я Марчыкаў, таксама ўрачоў Ляхавіцкай райбальніцы. А яшчэ

Кіраўнік раёна Дзмітрый Бурдук уручае Ганаровую грамату райвыканкама Андрэю Цямчыку.

Дзмітрый Бурдук уручыў Ганаровую грамату райвыканкама салісту народнай эстраднай студыі «Экспрэс», уладальніку дыплома ІІІ ступені Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні Андрэю Цямчыку і падзячнае пісьмо райвыканкама клубу гульні, песні і гумару «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК.
Цікавым было і вяртанне ў мінулае разам са старадаўнімі персанажамі Раціборам, Чарнявай, Барыславай, ролі якіх у тэатралізаванай пастаноўцы выканалі культработнікі, і паслухаць легенду пра назву ракі Ведзьма — прыгожую гісторыю кахання. Кахання мужчыны і жанчыны, любві людзей да сваёй зямлі.
А свята працягвалася. Апладысментамі сустракалі гледачы выступленні лепшых самадзейных артыстаў раёна. Якое ж раённае свята без знакамітай «Вечарніцы», якая парадавала відовішчнай канцэртнай праграмай. Не згубіліся сярод дарослых удзельнікаў і юныя самадзейныя артысты паэтычнага тэатра «Равеснік» Тухавіцкага СДК. Сапраўдным падарункам сталі творчыя праграмы дзіцячай харэаграфічнай школы мас-тацтваў «Карусель» з горада Баранавічы і цыганскага калектыву «Жамчугі».

Сям’я маладых урачоў Фядзько з ключамі ад службовай кватэры.

Нельга было не звярнуць увагу на выставу работ мясцовых майстроў з розных куточкаў Ляхавіччыны.
Як і заўсёды на масавых святах, калі разам і дзеці, і дарослыя, папулярнасцю карысталіся разнастайныя атракцыёны. Колькі ўсяго цікавага і захапляльнага прыдумалі супрацоўнікі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы! Кожны жадаючы мог паспытаць сябе ў спрытнасці, вытрымцы, хуткасці, сіле, розуме.
І без прысмакаў не абышлося — працавалі гандлёвыя рады.
Заключным акордам свята стала вячэрняя танцавальная праграма, сярод сюрпрызаў якой — вогненнае шоу.
А потым разам з усёй краінай у адзіным патрыятычным памкненні ляхавічане спявалі Гімн сваёй незалежнай Беларусі. І мірнае неба над горадам расквеціў святочны салют.
Любім цябе, Беларусь!
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш фота з святкавання Дня Незалежнасці глядзіце  ў фотагалерэі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *