Хутка ў армейскі строй. «ЛВ» пацікавіўся ў прызыўнікоў, з якім настроем яны адпраўляюцца ў армію

У ваенных камісарыятах краіны зараз пара гарачая – прызыўная кампанія ў самай актыўнай фазе. 

Днямі ў адасобленай групе ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў з мэтай адбору для службы юнакоў пабывалі прадстаўнікі воінскіх часцей і фарміраванняў. Дарэчы, сёлета стартуе прызыў, у адрозненне ад мінулай восені, 25 кастрычніка і прадоўжыцца да 5 лістапада. Дата правядзення ваеннай прысягі ў армейскіх калектывах – 20 лістапада.
Але гэта не ва ўсіх прызыўнікоў. Напрыклад, ва ўнутраныя войскі МУС, часці Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і КДБ юнакоў адправяць на службу, як звычайна, з 15 да 30 лістапада.

«ЛВ» пацікавіўся ў прызыўнікоў, з якім настроем яны адпраўляюцца выконваць канстытуцыйны абавязак.

Кірыл ЮРЛЕВІЧ, ляхавічанін:
– Да службы гатовы і маральна, і фізічна! На службу ва
Узброеных Сілах быў настроены з самага пачатку навучання ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Не шукаў нейкія прычыны, каб, як кажуць, адкасіць. Упэўнены, што армейская загартоўка стане сапраўднай школай жыцця. Ці хвалююся перад службай? Пэўна, да. Там усё новае і невядомае, але я спраўлюся з усімі выпрабаваннямі дастойна.

Мікіта СВІНАБУРКА, ляхавічанін:
– У армію адпраўляюся з бадзёрым настроем. Упэўнены, служыць павінен кожны мужчына. Армейскія будні не пужаюць.
З фізкультурай сябрую, думаю, страявую і іншую падрыхтоўку засвою як трэба. Да таго, маю вадзіцельскія правы катэгорый
В і С. Служыць буду ва ўнутраных войсках – па здароўі і па іншых паказчыках адхіленняў няма. Некалі ў армію забіралі на тры гады, то сённяшнія паўтара не так і доўга. Да ведаў і ўменняў, якія атрымаў у Мінскім чыгуначным каледжы, набуду яшчэ і армейскую спецыяльнасць. А пасля буду расказваць малодшаму брату Арцёму, як падрыхтаваць сябе да службы ва Узброеных Сілах.

Дзмітрый ЗІНЕВІЧ, жыхар аграгарадка Нача:
– Мой бацька служыў у артылерыйскіх войсках яшчэ ў часы Савецкага Саюза, брат – у войсках супрацьпаветранай абароны. Таму на службу ў арміі настроены з пазітывам. Упэўнены, што мае паўтара года ў інжынерных войсках не будуць доўгімі. Пачнецца служба ў вучэбцы ў Пячах, дзе авалодаю спецыяльнасцю вадзіцеля-
кранаўшчыка. Да вадзіцельскай катэгорыі В атрымаю яшчэ і С. Родныя расказвалі, што нельга размаўляць у страі, кожнае дзеянне трэба ўзгадняць. Але да ўсяго можна прывыкнуць. Набуду новых сяброў, новыя ўражанні. Адслужу дастойна і вярнуся!

Леанід РАСЮК, жыхар вёскі Вялікая Лотва:
– Жыццё па статуце не палохае. Лічу, што «касіць» ад арміі – учынак не дастойны сапраўдных мужчын. Служыць буду ў элітных унутраных войсках, недалёка ад дому. Яшчэ не ведаю, у якое падраздзяленне мяне накіруюць, але ўпэўнены, армейскі час будзе карысным. Пазнаёміўся з сельскай гаспадаркай – трэці месяц пасля заканчэння Ляхавіцкага аграрнага каледжа працую аграномам, а зараз паслужу Айчыне. А дома мяне будзе чакаць мая вялікая сям’я!

Запісала  Наталля ПЕРАПЕЧКА.