Усё жыццё на перадавой

Маладосць, апаленая вайной, – гэта пра яго, Фёдара Фёдаравіча Лойку. Яшчэ толькі закончыў сямігодку, паступіў у рамеснае вучы- лішча — і пачалася вайна. Ён употай ад бацькоў “пайшоў на вайну“. Аднак, пакуль стаў салдатам, давялося прайсці доўгія вёрсты. Пабачыў, як гарэў ад варожых бомбаў Мінск, пабываў пад Масквой, у Калузе, Куйбышаве, Ульянаўску. У 1942 годзе нарэшце яго выклікалі ў ваенкамат. Манголія, Навасібірск, Чыта – там праходзіў вучэбную падрыхтоўку, а ў ліпені 1943 года ў якасці камандзіра аддзялення зенітнай артылерыі трапіў на фронт. І было яму на той час 17 гадоў.
Раненне, шпіталь, зноў на перадавую. На гэты раз ваяваў у складзе Польскай арміі краёвай. Вось ужо вызвалена Варшава, пасля Лодзь, Познань… Дні і ночы з баямі, радасць перамог і боль ад страты баявых сяброў. Вось ужо і Берлін недалёка – усяго 16 кіламетраў! Іменна тут напаткала маладога салдата Перамога.
А пасля была дэмабілізацыя: адпраўляла матуля свайго сына-падлетка на вучобу, а сустрэла зусім сталага маладога байца, грудзі якога ўпрыгожвалі ордэны і медалі…
Усяго праз тыдзень прыйшла павестка ў ваенкамат і прапанова служыць у міліцыі. Спачатку ў сваім раёне, пасля ў Стаўбцоўскім ён змагаўся з бандамі недабітых уласаў- цаў. І так усё жыццё – на перадавой. У Туле ахоўваў трасу Масква-Сімферопаль, працаваў у Арле. Адначасова яшчэ і вучыўся: спачатку асвоіў курс сярэдняй школы, пасля закончыў Ленінградскае ваенна-палітычнае вучылішча і быў адпраўлены на службу на Паўночны Урал намеснікам начальніка лагера, дзе ўтрымліваліся асабліва небяспечныя рэцыдывісты. І толькі ў 70-х гадах наш зямляк вярнуўся дамоў, дзе сумленнай працай пакінуў пасля сябе добры след. Фёдара Фёдаравіча лічаць сваім ветэранам працы ў ЛДАКу (некалі сельскагаспадарчы тэхнікум), у ПМК-13, на кансервавым заводзе. Дзе б ні працаваў былы франтавік, усюды на яго спадзяваліся як на сумленнага, надзейнага, безадказнага…
Аднак і сёння Фёдар Фёдаравіч на перадавой. Ён член прэзідыума райсавета ветэранаў, саліст вядомага не толькі ў раёне хору “ Сівізна”, выдатны бацька і легендарны дзядуля. Не старэюць душой ветэраны!
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *