Крынічнае возера, дваровы антураж і іншыя вясковыя цікавасці. Па лёсах жыхароў вёскі Завінне можна пісаць гісторыю краю

У кожнага населенага пункта раёна – свая прыцягальнасць. Пра родную старонку, дзе мілыя і кветачка, і дрэўца, з захапленнем апавядаюць мясцовыя жыхары і ўраджэнцы. У ракурс турыстаў, як правіла, трапляюць адметныя краявіды і вобразы.
У сюжэце карэспандэнтаў «ЛВ» з падарожжаў па кропках Ляхавіччыны – вяскоўцы, жыццёвыя гісторыі і сённяшні дзень.
Асобныя лёсы і падзеі землякоў складаюць агульную гісторыю краю. Ляхавічы – Завінне – напрамак не надта маршрутны.
Яго працягласць 22 кіламетры, праходзіць праз вёскі Задвор’е, Альхоўцы, Малое Гарадзішча. Нарэшце, вырульвае дарожны ўказальнік – Завінне.

Дызайн па-завінску

Завінне – вёска на дзве вуліцы: Цэнтральная і Аўчарова. У добрасуседстве тут жывуць карэнныя жыхары і дачнікі, а таксама тыя, каму населены пункт так палюбіўся, што набылі дом і зараз радуюцца ціхамірнаму жыццю-быццю. Як, напрыклад, сям’я Леаніда і Галіны Банкевічаў. Баранавічы яны змянілі на Завінне і не пашкадавалі. Калі ідзеш міма іх сядзібы, то запавольваеш крок – увагу прыцягвае і аздабленне агароджы, і  выгляд дома, і іншыя гаспадарскія прыдумкі.
Усё тут зроблена дзеля камфорту і ўтульнасці: пераплецены з галін плот, вока радуюць рознакаляровыя кветкі, пышна расце ядловец, у тэме і стол пад парасонам – летам Банкевічы тут снедаюць і абедаюць, прымаюць гасцей.
Леанід Банкевіч – на ўсе рукі майстар. Мае больш як чатыры дзесяцігоддзі вадзіцельскага стажу, з якіх палова прабегла ў воінскай часці за рулём аўтобуса. На пенсіі без справы не сядзіць: косіць, рамантуе, прыдумвае цікавыя, кажучы сучаснай мовай, лайфхакі. Напрыклад, каб абараніць участак ад кратоў, зрабіў спецпрыстасаванне. Яно спраўна нясе службу, ды яшчэ і ўпрыгожвае наваколле.
На пытанне карэспандэнта «ЛВ», як жывецца ў Завінні, адразу адказвае:
– Выдатна! Усё маем, а калі чагосьці няма, то зробім ці купім. Два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Асартымент, як у магазіне, – адзначае Леанід Банкевіч.
Галіна Уладзіміраўна да пенсіі працавала ў лакаматыўным дэпо, а зараз яна вяскоўка са стажам. Некаторы час трымала карову і парасят, птушку. Зараз разам з мужам садзяць агуркі-памідоры і іншыя «вітаміны», а пасля збіраюць багаты ўраджай. Самыя шчаслівыя моманты, калі прыязджаюць дзеці і ўнукі. Тады звычны няспешны лад разбаўляюць радасныя сямейныя пасядзелкі.

Галіна і Леанід Банкевічы.

Казачная сядзіба

Па адрасе Цэнтральная, 18 трапляем у сапраўднае казачнае царства, дзе сустракае гаспадыня Ніна Церах. Вясковы домік быццам з малюнка, на якім знайшлося месца і рознакаляровым кветкам, і адмысловым клумбам, і цудоўным арт-аб’ектам. Аўтары гэтай прыгажосці – дзеці Ніны Іванаўны. Мнагадзетная маці выгадавала дзвюх дочак і траіх сыноў, мае семярых унукаў і чацвярых праўнукаў. Жыццёвы шлях не быў простым. Пайшла замуж у Завінне ў 1960 годзе. Працавала ў саўгасе даяркай, на паляводчых работах.
З мужам і дзецьмі доўгі час не мелі свайго жылля і кватаравалі, дзе прыйдзецца. Колькі радасці прынесла купля ўласнага дома! Трымалі каня, дзве каровы і іншую жывёлу. Надзейная апора Ніны Церах – дзеці. Яны прыязджаюць да маці не гасцямі – памочнікамі. На прысядзібным участку «прапісаліся» альтанка, млынок, «плаваюць лебедзі» і г. д. – усё зроблена з густам, па-майстэрску. Нават комін на доме распісаны – справа рук сына Мікалая. Ён жа і елку пасадзіў у двары, якую перад Новым годам упрыгожваюць цацкамі.
– Дзеці ў мяне добрыя. Ганаруся вельмі імі.
З дзяцінства прывучаны да працы. Прычым нікому не трэба было паўтараць двойчы, – расказвае пра сваіх сыноў і дочак мнагадзетная маці. Яна некалі для іх зранку, перад работай, выпякала смачныя булачкі ці смажыла бліны. Белага хлеба ў магазіне не заўсёды хапала, а маці хацела, каб рабяты добра паелі перад заняткамі ў школе.
Ніне Іванаўне ідзе 86-ы год. Напрыканцы мінулага года яна захварэла на кавід. Скарысталася рэкамендацыямі медыкаў – вясной зрабіла прэшчэпку, каб засцерагчыся ад  каварнага віруса. Адчувае сябе добра і жадае здароўя іншым.

Ніна Церах

На ўсе рукі майстар

Іван Курач жыве ў Баранавічах, а бацькоўскі дом, які выкарыстоўвае пад дачу, – месца яго сілы, месца, што дорыць цудоўныя ўспаміны. З вясны да восені ў Завінні ён садзіць агарод  і чакае ў госці сына з дачкой і чацвярых унукаў. Для іх і арэлі гатовы, і садавіна-агародніна прама з градкі.
43 гады Іван Іванавіч адпрацаваў у лакаматыўным дэпо слесарам. Рукі залатыя, таму і на пенсіі без справы не можа, да ўсяго падыходзіць з крэатывам: у двары «прапісаўся» міні-музей рэчаў хатняга ўжытку, у звычайнай бочцы, пафарбаванай у колер неба, расцвілі кветкі – іх, дарэчы, тут нямала. Нават звычайную калітку зрабіў са своеасаблівым гумарам і напамінам пра мінулае.
З любоўю ў голасе расказвае ён пра сваё Завінне:
– Раней у кожным канцы вёскі мелася свая хакейная і футбольная каманды. Жыхароў было о-го-го! На месцы вучыліся да чацвёртага класа. Далей пераходзілі да восьмага класа ў школу на Калёне (так раней называлі месца пасялення палякаў. Пазней кропка стала Малым Гарадзішчам. На Калёне ў лясных абдымках мясцілася і школа), а дзесяцігодку заканчвалі ў Востраве.
Дзецьмі бегалі на возера. Праўда, раней яно было большым. Назву возера не мела, але паміж сабой мясцовыя жыхары называлі яго крынічным – б’е мноства крыніц. І вада там чыстая-чыстая. Возера даўно аблюбавалі рыбакі і аматары адпачынку на прыродзе.


Іван Курач

Дом, дзе жыве выдатнік


Суседзі Івана Курача – Ануфрый Давыдовіч і Ніна Паляшчук. Галава сям’і Ануфрый Мікалаевіч завіхаецца па гаспадарцы. Калі карэспандэнты завіталі па гэтым адрасе, тут ва ўсю наводзілі чысціню – старалася пляменніца Ніны Уладзіміраўны Алена, для якой яна другая маці: вырасціла дзяўчынку і яе брата Дзяніса, паставіла на ногі, усе атрымалі дыпломы. Зараз пляменніца прыязджае да роднай цёткі, што мае I групу інваліднасці па зроку, дапамагае і падтрымлівае. Гаспадыня працавала не пакладаючы рук, каб дзеці ні ў чым не ведалі патрэбы. Даводзілася сумяшчаць дзве-тры работы. Працавала даяркай, паляводам, тэхнічкай у школе, сацработнікам. А працоўны шлях пачала ў 15-гадовым узросце свінаркай – час быў галодны, і трэба было дапамагаць бацькам. Усяго зведала за восем дзесяцігоддзяў жыцця, але не губляе аптымізму, радуецца, калі на парозе роднага дома з’яўляюцца двое сыноў з сем’ямі. А яшчэ вельмі ўдзячна за падтрымку траюрадным сёстрам, знаёмым і суседзям, якія заўсёды з ёй на сувязі.
Заслужыла і паважаныя ўзнагароды – з’яўляецца выдатнікам сельскай гаспадаркі БССР і вэтэранам працы. У маладосці Ніна Уладзіміраўна паспявала і працаваць, і у складзе самадзейнай групы падтрымліваць людзей працоўных – спявалі і на фермах, і ў полі.

Ніна Паляшчук і Ануфрый Давыдовіч.

Дзіця вайны

Вольга Вярбіла – адна з тых, чыё жыццё непарыўна звязана з Завіннем. Дзяцінства, перакрэсленае вайной, – гэта пра яе, тады васьмігадовую дзяўчынку. Праз два дні пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны баі наблізіліся да вёскі.
– Бацька хуценька сабраў тое-сёе з рэчаў і адправіў сям’ю ў лес. Чатыры гадзіны цягнуўся бой, пасля якога засталося больш за дзве сотні забітых. Тата ў мірнае жыццё быў дэпутатам, у вайну – сувязным у партызан. А калі вёску ў  1943 годзе вызвалілі, адправіўся на фронт, –  расказвае Вольга Маркаўна. Яна дакладна называе даты, падзеі, згадвае імёны землякоў, быццам не мінулі восем дзесяцігоддзяў з таго жудаснага чэрвеня.
Фашысты спалілі дом, і сям’я жыла ў цёткі, дзе прытулак знайшлі яшчэ пяць сем’яў: у згодзе, дапамагаючы адзін аднаму, суседнічалі 20 чалавек.
Вольга Вярбіла працягвае ўспаміны:
– Кабанчык згарэў, у лесе хавалі карову. Родныя дзяліліся зернем і прадуктамі паміж сабой. Садзілі хлеб ледзьве не ў дзесяці месцах. Немцы забіралі малако, курэй і г. д. Камендатура стаяла на Калёне, там шмат было ваеннапалонных. А ў Бярэзках у кар’еры расстрэльвалі…
– Бацька быў на фронце, і каб мне было ў чым хадзіць, стрыечны брат знайшоў нейкія чаравікі, зрабіў драўляную падэшву, абабіў рамянём.
Пасля мама купіла ваенныя анучы – пашылі буркі. У школе пісалі чарнілам, што рабілі з буракоў.
У якасці ручкі – драўляная палачка з бляшаначкай. Так і жылі. Сёння забылі, што такое вайна. Трэба цаніць мір. Вельмі цяжка ён дастаўся, – з хваляваннем адзначае 88-гадовая Вольга Маркаўна. Яе расказ пра ваеннае ліхалецце сумны, дакладны і вельмі цяжкі для ўспрымання. Колькі гора і бяды зведалі людзі!
Пасля вайны бацька Вольгі Маркаўны стаў першым старшынёй калгаса «Камсамолец». Таму аповяд і пра пасляваеннае жыццё вяскоўцаў таксама насычаны фактамі і абставінамі. Як стваралі калгас, як сеялі і аралі, як дзеці працавалі нароўні з дарослымі, і многае іншае.
У 22 гады Вольга Вярбіла пайшла замуж.  З мужам пражылі разам амаль паўстагоддзя, выгадавалі дваіх сыноў. Яны з сем’ямі ў пастаяннай дапамозе любімай матулі. Здаецца, слухаў бы і слухаў гэту простую, але такую моцную жанчыну. Яна не стамляецца расказваць пра тое, што перажылі-пераадолелі яе землякі.

Вольга Вярбіла

Каб ведалі і памяталі!

Жыхары Завіння шануюць памяць загінулых на вайне землякоў, воінаў-вызваліцеляў і ўсіх, хто здабыў мір. Адна з вуліц названа імем героя, які назаўсёды застаўся ў страі вызваліцеляў, – Аўчарова. У цэнтры населенага пункта знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў, дзе пахаваны 245 салдатаў, што загінулі ў баях з фашыстамі. «Вечная памяць і слава верным сынам нашай Радзімы» – выбіта на мармуровай пліце помніка-скульптуры салдата. Пералік з  35 прозвішчаў, 210 з 245 – невядомыя. Сярод  іх – воіны 55-й гвардзейскай стралковай дывізіі імя  К. Я. Варашылава, якія вызвалялі раён напачатку ліпеня 1944 года. Побач яшчэ адзін помнік – «Вечная памяць невядомым воінам, якія палі смерцю адважных у баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 1941–1945 гг.». Побач змешчана прозвішча – «мл. сержант Педаш Н. А. 24.06.1920–1941г.».

…Завінскую цішыню парушае рознагалоссе птушыных спеваў, ярка свеціць сонейка, шамаціць лісце. Вяскоўцы і дачнікі па-рознаму праводзяць дзень: адны заселі ў агародзе, другія займаюцца закруткамі, завіхаюцца па гаспадарцы, іншыя адпачываюць у цяньку і  г. д. Тут жывуць людзі працавітыя, гасцінныя і добразычлівыя. Няхай не ў кожнай хаце вечарам гарыць святло, але вёска Завінне жыве, і звіняць дзіцячыя галасы.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.