Ліга будучых чэмпіёнаў? У Ляхавічах прайшоў чарговы тур гандбольных спаборніцтваў Zubr Cup

Любое самае дарослае і максімальна сусветнае чэмпіёнства – родам з дзяцінства. Крок за крокам куецца, адточваецца, шліфуецца і паліруецца да бляску. Часам, залатога – чэмпіёнскага. Але гэта, хутчэй, высокая мара, а асноўнымі мэтамі дзіцячай гандбольнай лігі Zubr Cup, якая створана і з поспехам дзейнічае пад патранатам Брэсцкага гандбольга клуба «Мяшкоў Брэст», з’яўляецца некалькі іншае. Спартыўна-сацыяльны праект накіраваны, у тым ліку, на папулярызацыю здаровага ладу жыцця. Садзейнічае развіццю гандбола ў рэгіёнах краіны, дае магчымасць «павышацца» ў майстэрстве як юнакам-гандбалістам, так і іх настаўнікам. У тым ліку – праз спаборніцтвы.

Не ўпершыню «паркет» СДЮШАР Ляхавіцкага раёна становіцца месцам правядзення рэспубліканскіх спаборніцтваў у рамках Zubr Cup. На гэты раз на тры дні ў горад завіталі самыя старэйшыя ўдзельнікі спаборніцтва –  каманды ў складзе юнакоў 2006–2007 гадоў нараджэння з правам узмацніцца за кошт лімітаванай колькасці больш старэйшых гандбалістаў. Як і пяць іншых падгруп-квартэтаў гэтай узроставай катэгорыі, чые гульні праходзілі ў розны час і розных гарадах краіны, ляхавіцкую чацвёрку фарміравалі дружыны з Віцебска, Наваполацка, гарадскога пасёлка Глуск, што на Магілёўшчыне, і, канешне ж, гаспадары «паркету» – выхаванцы аддзялення гандбола СДЮШАР раёна.


Удзельнікі гасцявых каманд з зацікаўленасцю пазнаёміліся з гісторыяй спартыўнай славы Ляхавіцкага раёна, інсталяванай у файе старой СДЮШАР.
– Не ведаў, што яна ляхавіцкая. У інтэрнэце чытаў, што яна была моцнай гандбалісткай з добрым кідком з апоры, – разважаў адзін з іх.
– Нямоцныя чэмпіёнамі свету не становяцца, – катэгарычна заяўляў яму ў адказ іншы знаўца.
Гэта яны ў адрас чэмпіёнкі свету ў складзе гандбольнай зборнай Савецкага Саюза Святланы Мінеўскай, чый партрэт упрыгожваў стэнд славы.
Кароткая праграма адкрыцця, прадстаўленне каманд пад апладысменты залы кожнага з удзельнікаў і – стартавы свісток.
У матчы адкрыцця турнірны расклад звёў гаспадароў і
каманду з Наваполацка. Абедзве каманды выказвалі старанне, дэманстравалі нядрэнную тэхніку і амаль што «дарослую» тактыку вядзення гульні. На стартавым адрэзку госці здаваліся больш актыўнымі, на працягу ўсёй першай палавіны гульні нашы часцей даганялі, чым выходзілі наперад па забітых мячах. На перапынак каманды адправіліся пры лічбах на табло 17:18. З розніцай у адзін трапны кідок вёў Наваполацк.
А з пачаткам другога тайма пайшла іншая гульня. У гэтай сітуацыі хочацца сказаць класічнае ці банальнае: падчас перапынку трэнер ляхавіцкіх гандбалістаў Аксана Лойка знайшла правільныя, матывуючыя словы. Здолела падбадзёрыць каманду, нацэліць на перамогу. І яна здарылася: фінальны свісток прагучаў
пры ліку 38:33 на карысць нашых юных землякоў.


Ляхавіцкі тур у рамках дзіцячай гандбольнай лігі Zubr Cup прадоў-жыўся і наступныя два дні. Кожная каманда магла праверыць сябе ў гульні з кожнай, прадстаўленай рознымі рэгіёнамі. А гэта, між іншым, не заўсёды падобны гульнявы стыль, розныя сапернікі. І новы вопыт, які нярэдка б’е больш высокі клас.
Пераможцамі этапу выйшлі гандбалісты з гарпасёлка Глуск. У іх абсалюты вынік – тры сустрэчы, тры перамогі. Гаспадары спаборніцтва і гандбалісты з Віцебска «здабылі» па тры з шасці магчымых ачкоў турніру. Для названай тройкі каманд Zubr Cup прадоўжыцца ўдзелам у наступным – больш высокім – этапе спаборніцтваў.


Каманду з Віцебска ў Ляхавічы прывозіў настаўнік Сяргей Вясёлкін.
– Вельмі карысныя спаборніцтвы. Служаць развіццю дзіцяча-юнац-кага гандбола. Турнір малады, і паказваць нешта на прыкладах пакуль рана, але ўпэўнены, што не за гарамі час, калі пра многіх з сённяшніх «зубранят» мы будзем
гаварыць, як пра сапраўдных «зуброў» гандбола. Спаборніцтвы важныя, адкуль ні паглядзі: вопыт, новыя знаёмствы і сапернікі, дадатковая практыка і адрэналін жывой гульні. Дамашняя трэніроўка не здольна замяніць і палавіны з пералічанага, – дзеліцца думкамі Сяргей Вясёлкін.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.