В Ляховичском районе прошла сессия райсовета в форме выездного заседания

Гаспадары ўзорнага падворка Аркадзій Антонавіч і Часлава Люцыянаўна Маеўскія

Практыка правядзення сесіі райсавета ў форме выязнога пасяджэння практыкуецца даўно і з’яўляецца даволі выніковай. Так і зараз: дэпутаты, кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый раёна, асобных службаў наведалі тэрыторыі Жарабковіцкага і Навасёлкаўскага сельсаветаў. Не адзіным, але асноўным на парадку дня значылася пытанне аб рабоце сярод насельніцтва, што праводзіцца органамі самакіравання сумесна з зацікаўленымі службамі выканаўчых і распарадчых органаў Ляхавіцкага раёна па прыцягненні грамадзян да непасрэднага ўдзелу ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў, навядзенні і падтрыманні належнага санітарнага парадку ў месцах пражывання і на дваровых тэрыторыях.
Старшыня райсавета Яўгеній Юрлевіч паведаміў, што літаральна напярэдадні адбылося аналагічнае абласнога маштабу мерапрыемства.

«Базай» сталі некаторыя з тэрыторый і аб’ектаў Столінскага раёна, а ўбачанае і пачутае там выклікала, па словах кіраўніка нашага дэпутацкага корпуса, «пачуццё добрай зайздрасці да палешукоў». За добраўпарадкаванасць населеных пунктаў, аб’ектаў сацкультбыту і вытворчасці. У якасці добрага прыкладу была названа і адна з малочнатаварных фермаў Століншчыны.
Калі не будуць створаны належныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу ўмовы для працы, для задавальнення на сучасным узроўні бытавых патрэбнасцяў работнікаў, людзі «пабягуць», працаваць не будзе каму, — прыкладна да такой «філасофіі», як было адзначана, імкнецца старшыня тамашняй сельгасарганізацыі. У якой ступені і якасці выконваецца яна ў нас, сесія і паглядзела на прыкладзе жарабковіцкіх і навасёлкаўскіх адміністрацыйных тэрыторый. Яшчэ — паслухала тлумачэнні адказных асоб, спецыялістаў у сваіх галінах, зрабіла высновы, прыняла рашэнні.
Прыпынак у Зубелевічах стаў першым і здарыўся не па раскладзе, а выкліканы быў убачаным з акна аўтобуса. Непадалёку і праз асфальт ад мясцовай школы- дзевяцігодкі Дзмітрый Бурдук звярнуў увагу на недастатковую шырыню абкошвання прыдарожнай паласы.
Шлях у Гулічы Жарабковіцкага сельсавета пралягае, у тым ліку, і праз палі мясцовага сельгаскааператыва. Вока чапляецца за прыкметна страціўшыя ўжо сваю зеляніну пасевы азімых, роўнымі радамі набірае моц кукуруза, ідзе ў рост і спеласць бульба …
Колішняя лазня ў вёсцы Гулічы даўно ўжо не служыць па сваім прызначэнні. Будынак разбураны — засталіся кучы будаўнічага смецця. Сіламі гаспадаркі ў большасці яно «сепарыравана» — на дробную фракцыю, на буйныя фрагменты жалезабетона, іншае. Так было на момант наведвання, а пачынаючы з мінулага аўторка (пастаўлена такая задача) яго тут быць не павінна: неабходна ўбраць, правесці рэкультывацыю ўчастка.
Комплекс будынкаў колішняй свінагадоўчай фермы ў Жарабковічах таксама даўно не выкарыстоўваецца ў сваёй першароднай якасці. У розны час выконвала розныя іншыя функцыі, у тым ліку зернесховішча. Але гэта спадарожная лірыка, сутнаць жа ў тым, што з боку дарог тэрыторыя непадкошана. Была пастаўлена задача навесці парадак у тэрмін да 1 ліпеня. «Падкосім», — паабяцаў удзельнікам сесіі старшыня гаспадаркі і дэпутат сельскага Савета дэпутатаў Віталій Бусько.
Пра мехдвор СВК, куды прадстаўнічая дэлегацыя наведваецца другі ўжо раз на працягу кароткага часу. Засведчаны падчас раённага дня аховы працы факт арганізацыі і абсталявання пры мехмайстэрні памяшканняў санітарна-бытавога прызначэння знайшоў працяг і ў ходзе сесіі. Зроблена яшчэ больш.Існаваўшая тыдзень назад у форме каркаса прыбудоўка для прыёму ежы набыла ўжо завершаны выгляд.
Гандлёвы комплекс аграгарадка быў абноўлены ў працэсе трансфармацыі вёскі ў населены пункт названага тыпу. Асартыментная разнастайнасць, напоўненасць магазінаў, «раскладка» тавараў — усё як мае быць. Яўгеній Юрлевіч пахвальна выказаўся пра магазін гаспадарчых тавараў:
— Так і павінна быць. Калі прадавец зацікаўлены, адносіцца з душою да сваёй працы, з павагай да наведвальнікаў — усё ладзіцца.
На гэтым фоне зусім, мякка кажучы, не аптымістычна выглядае і ўспрымаецца карціна «па-жывому» выдраных са знешняй абшыўкі будынка некалькіх квадратаў сайдынгу.
Аграгарадок Навасёлкі, на суб’ектыўны погляд, выклікае і пакідае настрой утульнасці заўсёды, калі б ні наведаўся ў цэнтр СВК «Шлях новы». І ў плане эстэтыкі, і што тычыцца функцыянальнай прыстасаванасці — усё для «аграгарадскога» жыцця неабходнае і дастаткова кампактна размешчанае. Удзельнікі сесіі накіраваліся найперш да дому №7 па вуліцы Цэнтральнай. Падворак Аркадзія Антонавіча і Чаславы Люцыянаўны Маеўскіх, рызыкну выказаць здагадку, верагодна і не ведаў яшчэ такой прадстаўнічай і шматлікай гасцявой дэлегацыіі. Убачылі калі не кветкавую ідылію, то нешта вельмі на тое падобнае. Ярка, разнастайна, вельмі прыгожа. Не дзіва, што куточак «упадабалі» і мірна ўжываюцца некаторыя з прадстаўнікоў фаўны. Бусел звіў тут сваё шчасце, пара лебедзяў ажывіла імправізаваны вадаём, певень заняў сваё гаспадарскае месца на плоце… Вышэй за ўсіх забралася па-майстэрску вырабленая драўляная сава. Відавочна, увасабленне такога абразка прыгажосці запатрабавала шмат старання, умення, часу, ведання справы. Несумненна і штодзённыя клопаты ў падтрымку гэтай прыгажосці. Яна, як ведаем, патрабуе ахвяр часу і сіл.
Шматфункцыянальная пляцоўка — Навасёлкаўскі аздараўленчы комплекс, дзе сесія райсавета вызначылася з вынікамі ўбачанага, напрацаванага ў ходзе падрыхтоўкі. Быў абмеркаваны шэраг пытанняў, прыняты перс- пектыўныя і на перспектыву рашэнні.
Выконваючы абавязкі галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Віталій Дзегцяроў адзначыў пэўную работу па навядзенні парадку, што ў адпаведнасці з распрацаванымі планамі праводзіцца ў раёне. За перыяд з пачатку года ўбраны тэрыторыі, што прылягаюць да прыватных домаўладанняў, у асноўным убраны і добраўпарадкаваны тэрыторыі прадпрыемстваў, сельскіх устаноў культуры, школ, дзіцячых садоў, гандлёвых і аб’ектаў сацыяльна-бытавога прызначэння і іншыя. Паралельна з тым, як адзначалася, у шэрагу месц добраўпарадкаванне выканана не на належным узроўні. Органамі мясцовага самакіравання, дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў недастаткова вядзецца тлумачальная і выхаваўчая работа з насельніцтвам па месцу жыхарства. Не ўсе суб’екты гаспадарання, сельскія выканаўчыя камітэты выконваюць мерапрыемствы па навядзенні належнага парадку на тэрыторыях. У тым ліку і ў гэтай сувязі раённы Савет дэпутатаў прыняў шэраг рашэнняў, якія абавязваюць: «працягваць работу», «звяртаць увагу», «аказваць садзеянне», «забяспечваць выкананне» і г.д.
Між іншым, прагучалі і пытанні, было выказана незадавальненне і работай самой ДУ «Ляхавіцкі райЦГіЭ». У адрас санэпідслужбы дастакова жорстка выказаўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, а райсавет дэпутатаў адным з пунктаў свайго рашэння абавязаў установу аказваць практычную дапамогу сельвыканкамам у пытаннях навядзення парадку, прыняцці дзейсных мер да парушальнікаў санітарнага і прыродаахоўнага заканадаўства. У тым ліку — да ўладальнікаў індывідуальных дамоў, жыхароў шматкватэрнікаў.
У завяршэнні хочацца выказаць салідарнасць з меркаваннем дэпутата Ванды Прусевіч. Яго кароткую сутнасць можна сфармуляваць так: нашы паводзіны абумоўлены нашым выхаваннем, узроўнем нашай культуры. Выхаваны, высокакультурны чалавек ніколі не кіне пад ногі, напрыклад, абгортку ад цукеркі. Нават, калі да бліжэйшай урны кіламетр. У кантэйнер для шкла не стане «ўціскваць» кардонную ўпакоўку. Ну і — наадварот.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *