Прапанова попыт падтрымала. У мінулую суботу ў Ляхавічах прайшоў першы сёлета восеньскі кірмаш

Да чаго ж папулярныя кірмашы  ў нашых землякоў! А восеньскія асабліва. А ўсё таму, што гэта выдатная магчымасць запасціся агароднінай, садавіной, зернем, саломай, мёдам, нават дровамі і шмат чаго іншага купіць у руплівых гаспадароў, фермераў ці сельгаспрадпрыемстваў. Таму мінулую суботу многія ляхавічане чакалі з нецярпеннем. На 23 кастрычніка быў прызначаны першы сёлета ў раёне восеньскі кірмаш. Забягаючы наперад, адзначу: было калі не ўсё, то амаль усё – з ураджайных восеньскіх палёў, лясоў, фермаў, прысядзібных участкаў, садоў і нават кветнікаў.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Пачынаўся кірмаш у восем гадзін раніцы, аднак, па традыцыі, многія прадаўцы і пакупнікі прыходзілі і прыязджалі раней. Таму на пачатку дзявятай гадзіны самыя зацікаўленыя ўжо вярталіся дадому з сеткамі, мяхамі, поўнымі бульбы, капусты, морквы, цыбулі і іншага.
Рыначная плошча, дзе звычайна і праходзяць кірмашы, сустрэла гулам машын і людскім гоманам. Не паспела пад’ехаць машына СВК «Ляхавіцкі», як яе акружылі людзі. Тавар тут эксклюзіўны – салома. Размялі за дзясяткі хвілін. Дарэчы, такі лёс напаткаў і пшаніцу, якую па 55 капеек за кілаграм прадавалі ААТ «Нача», «Шлях новы», «Жарабковічы». Хадавым таварам стала і зерне кукурузы, цану сельгаспрадпрыемствы выставілі аднолькавую – 80 капеек за кілаграм.
Як заўжды, фаварыт кірмашоў у нашых землякоў – бульба. Па продажы другога хлеба адназначна саліраваў «Ляхавіцкі». З машыны гэтай гаспадаркі толькі паспявалі здымаць мяхі з бульбай. Хітовы «скарб» каштаваў 88 капеек за кілаграм, а гэты ж сорт на насенне – 60 капеек за кілаграм. Не меншы попыт адзначаны і на бульбу, якая прыехала з «Начы».
– Я ўжо гадоў дзесяць купляю толькі бульбу з «Ляхавіцкага» і толькі «скарб», мая сям’я яе вельмі любіць: і смажаную, і дранікі. Вось зараз муж пад’едзе на машыне, яшчэ і цыбулі купім некалькі сетак, і капусты. Прайшлася, паглядзела – выбар агародніны добры, так што, напэўна, загрузім багажнік пад завязку, – дзеліцца ўражаннямі ляхавічанка Людміла Васільеўна.
І сапраўды, пругкія качаны капусты, салодкую моркву, адна ў адну залацістую цыбулю па рублі за кілаграм кожнай агародніны прапаноўвалі пакупнікам фермерскія гаспадаркі са Столінскага, Лунінецкага, Пінскага і іншых раёнаў. Таксама ў іх у продажы перац, буракі, квяцістая і пекінская капуста. На выгляд прадукцыя радавала вока, у асноўным усё ўпарадкавана ў сеткі.
– Зрабіў на веласіпедзе ўжо другі рэйс. Спачатку закупілі з жонкай бульбы, бралі ў «Начы», і крыху цыбулі – пакаштаваць. Аказалася не вельмі горкая, сакавітая, таму вярнуўся за дабаўкай. Яшчэ жонка дала наказ мёду купіць і толькі лясгасаўскага. Шкада, што ў мясным аддзеле бараніну не прадаюць, – гаворыць гараджанін Аляксей Іванавіч.
Слава пра мёд, што качаюць у Ляхавіцкім лясгасе, трывалая. Запатрабаваным ён стаў і ў мінулую суботу. Гаючы прадукт у пластыкавых ёмістасцях  па 1,34 кілаграма каштаваў 16,2 рубля, 0,8 кілаграма – 9,8 рубля, 0,72 кілаграма – 8,9 рубля. Акрамя салодкага тавару, кожны пакупнік чуў ад прадаўца ў свой адрас пажаданні добрага настрою і моцнага здароўя, якому мёд у дапамогу. Знайшоў сваіх прыхільнікаў і мёд, які прадаваў пчаляр-прыватнік.
Сёлета ўраджай яблыкаў не надта багаты. Акрамя райпо, на кірмашы гэту садавіну прадавалі некалькі гаспадароў. Цана «кусалася»: 2–2,5 рубля за кілаграм.
А вось саджанцаў, кветак, туй прадавалася садаводамі-амата-
рамі і кветкаводамі шмат – на розны густ і колер. Гандаль імі ішоў актыўна – хто ж не любіць прыгажосць.
На рынку ў мясным павільёне, як і звычайна, гандлявалі прыватнікі, а на рыначнай плошчы ў адным са сваіх павільёнаў – райпо. Увогуле, раённае спажывецкае таварыства каторы год запар прадастаўляе найбольш багаты і рознабаковы кірмашовы асартымент. І сёлета тут хапала ўсяго: зерне, бульба, капуста, морква, цыбуля, яблыкі, вінаград, лімоны, грушы і іншае. А таварам, што разыходзіўся на ўра, сталі журавіны. Яшчэ адзін плюс у сваю скарбонку можа занесці райпо, якое арганізавала развоз тавараў па адрасах пакупнікоў, прычым нядорага – 1,8 рубля за кіламетр. Неаднойчы шчырыя словы падзякі ў свой адрас чулі і агракаляджане: актывісты БРСМ дапамагалі грамадзянам данесці цяжкія пакупкі да транспарту.
Паклапаціцца пра сваё здароўе на кірмашы можна было, не толькі купіўшы натуральныя вітаміны ў выглядзе садавіны і агародніны, але і прышчапіўшыся ад каранавіруснай інфекцыі. Выязная брыгада медыкаў Ляхавіцкай ЦРБ вакцынавала расійскім «Спутнікам» усіх жадаючых. І іх было нямала.
Чаго шукалі на кірмашы пакупнікі і не знайшлі? Свежай рыбы, рознага печыва, кандытарскіх і кулінарных вырабаў, адсутнічалі ў продажы прамысловыя тавары. Праўда, быў арганізаваны гандаль мяккімі цацкамі, вырабамі з дрэва і воўны – прывезлі майстры з іншых раёнаў.
Які кірмаш без музыкі, песень і прыпевак? Народ весялілі ўдзель-
нікі мастацкай самадзейнасці з Русінавіцкага і Тальмінавіцкага СДК.
З кастрычніцкага кірмашу многія вярталіся дамоў з пакупкамі. Калі чагосьці не хапіла, ёсць шанц запасціся восеньскай сельгаспрадукцыяй на наступным, які запланаваны на 6 лістапада. Тым больш, што арганізатары, хочацца спадзявацца, убачылі, які тавар і ў якой колькасці патрэбен, каб задаволіць попыт.

Галина КАНЬКО.