Малочныя «Чашчы». Падведзены вынікі работы жывёлагадоўлі Ляхавіцкага раёна за 9 месяцаў года

Падведзены вынікі работы жывёлагадоўлі раёна
за 9 месяцаў года. Задача – мінімізаваць вытворчыя страты.

Кастрычнік можа лічыцца ці спробным адрэзкам часу на шляху да зімовага стойлавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы.
– Восенню пачынаецца зніжэнне прадукцыйнасці гуртоў сельскагаспадарчай жывёлы. Але супрацьстаяць гэтаму аб’ектыўнаму ўвогуле працэсу дазваляюць своечасова і ў поўнай меры прынятыя кампенсацыйныя меры: якаснае і збалансаванае па ўтрыманні пажыўных рэчываў кармленне, належны догляд, умовы ўтрымання жывёлы, адносіны персаналу фермаў да выканання сваіх працоўных абавязкаў. Калі ўсё з пералічанага супадае, а галоўным у гэтым спісе з’яўляецца кармленне, ніякага спаду надояў і прываг не адбываецца, – гаворыць першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык.

Каб не дапусціць ці мінімізаваць зніжэнне ўдояў-прываг сваіх гуртоў БРЖ, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы (асобныя малочнатаварныя фермы) пачынаюць рыхтавацца да зімы загадзя. І ў даным выпадку гаворка не пра кармавыя запасы і не пра жывёлагадоўчыя памяшканні. Жывёлы паступова прывучаюцца да жыцця ва ўмовах зімы. Карэкціруецца рацыён. З кожным тыднем пашы становіцца менш, а стойлавага ўтрымання – наадварот. І ўсё гэта з адзінай – антыстрэсавай – мэтай. Рэзкі пераход з адных умоў утрымання на іншыя, незалежна, лепшыя ці горшыя, – гэта заўсёды стрэс для жывёлы. І адным з вытворчых праяўленняў такой сітуацыі з’яўляецца зніжэнне яе прадукцыйнасці. Таму пытанне падрыхтоўкі да зімы важна яшчэ і з гэтага пункту гледжання, адзначае Васілій Пыжык.
Па стане па пачатак кастрычніка, у сельгасарганізацыях Ляхавіцкага раёна налічвалася некалькі больш за 28 з паловай тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. У аналогіі з той жа датай мінулага года адзначана некаторае змяншэнне «ёмістасці» раённага гурта БРЖ. У асобных выпадках у дачыненні да шэрага гаспадарак сітуацыю можна ахарактарызаваць як эканамічна абгрунтаваную. У прыватнасці,
ААТ «Шлях новы», КСУП «Ліпнянка» і вытворчы ўчастак «Ляхавічы» ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат» фактам змяншэння колькаснага складу сваіх жывёльных статкаў спрацавалі на павышэнне іх якаснага складніка. І ў даным выпадку размова пра малочных кароў. Іх у грамадскім сектары раёна ўтрымліваецца прыкладна ў тры разы менш за агучаную вышэй лічбу – 9733 галавы па стане на 1 кастрычніка.
Справа ў тым, што і ў «Шляху новым», і ў былым райаграсэрвісе ў свой час пайшлі на «непапулярную» меру – ажыццявілі выбракоўку «неэфектыўных» кароў. Што ў выніковым астатку? ВУ «Ляхавічы» ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат» за дзевяць месяцаў года прадаў малака амаль на 19 працэнтаў больш, чым за той жа перыяд летась. У «Шляху новым» прыбаўка склала 5,5 працэнта. Пра «Ліпнянку» не скажам нічога – там свая сітуацыя.
Канешне, гаварыць, што рост аднаго адбыўся дзякуючы зніжэнню другога, будзе няправільна. Акрамя таго, кармы (а іх недахоп гаспадаркі адчувалі некалькі апошніх гадоў) былі выкарыстаны больш рацыянальна, на карысць удойнай жывёлы. Засталося ўсяго нічога – аднавіць свае гурты колькасна. І гэта як мінімум.
На пытанне, якая ферма ці малочнатаварны комплекс найбольш заслугоўвае права быць адзначаным, начальнік райсельгасхарчу прыгадвае «Чашчы» ААТ «Жарабковічы» – адну з самых буйных малочнатаварных фермаў нашага АПК. На працягу ўсяго года тут паказваюць дынаміку вытворчых аб’ёмаў, высокую якасць рэалізаванага малака.
На МТК «Чашчы» зараз стаіць прыкладна 615 кароў і каля
120 цялушак. Догляд, кармленне, даенне на МТК адбываюцца ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі ў галіне малочнай жывёлагадоўлі. З пачатку года на комплексе атрымана каля 3,9 тысячы тон малака. Гэта даволі істотны плюс адносна адпаведнага паказчыка мінулага года. На ферме адзначаецца адзін з самых высокіх паказчыкаў удзельнай удойнасці. Атрыманае ў «Чашчах» малако прыкладна на 96-97 працэнтаў гандлюецца максімальна гатункам экстра. Яго таварнасць складае 94-95 працэнтаў. І ўсе з пералічаных паказчыкаў-характарыстык працягваюць развіваць дынаміку. Напрыклад, таварнасць малака ў «Чашчах» за год паднялася амаль на тры працэнты.

Іван КАВАЛЕНКА.