Надзейны строй аховы. 29 кастрычніка прафесійнае свята адзначылі работнікі аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы Баранавіцкага аддзела дэпартамента аховы

Начальнік аддзялення Аляксандр Хітрык з калегамі Віталіем Болтуцем, Іванам Грыцкевічам, Валерыем Зуйкевічам.

Начальнік аддзялення Аляксандр Хітрык 
Міліцыянеры Дзмітрый Машэй, Андрэй Андрэеў,
Ігар Сокал з чатырохногім сябрам па службе Дэйзі.

Спакойна пайсці на працу, паехаць на доўгі адпачынак, нават дачу пакінуць пасля завяршэння сезона можна ў тым выпадку, калі ўпэўнены, што маёмасць знаходзіцца пад надзейнай аховай, і ёй нічога не пагражае. Ёсць шмат спосабаў. Але самы надзейны –даверыць бяспеку маёмасці службе дэпартамента аховы Рэспублікі Беларусь. Як толькі спрацоўвае ахоўная або трывожная сігналізацыя на аб’екце, што знаходзіцца пад наглядам службы, яе прадстаўнікі імчаць на месца, дзе патрабуецца іх дапамога. На ўсё пра ўсё – да сямі хвілін…

У аддзяленні па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы Баранавіцкага аддзела дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь нясуць службу 16 міліцыянераў, а таксама 25 вартаўнікоў вартавой аховы, тры манцёры і вядучы спецыяліст. Калектыў узначальвае маёр міліцыі Аляксандр Хітрык – спецыяліст вопытны, нюансы і дэталі вартавой спецыфікі знаёмыя яму ад «а» да «я».
Сёння ў раёне 105 памяшканняў з асабістай маёмасцю грамадзян – у зоне адказнасці аддзялення па ахове аб’ектаў, дзевяць пастоў ахоўваюць вартаўнікі або міліцыянеры. 36 аб’ектаў юрыдычных ліц ахоўваюцца з дапамогай пульта цэнтралізаванага назірання.
Тое, што грамадзяне давяраюць службе аховы, зразумела, калі паглядзець, што лічбы з году ў год не зніжаюцца.
Асабовы склад аддзялення па ахове – на варце гарадскога правапарадку. Толькі за дзевяць месяцаў бягучага года за дробнае хуліганства супрацоўнікі аховы затрымалі 13 чалавек, за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы – 14, спынена 23 выпадкі дробнага крадзяжу, а таксама 43 – іншых правапарушэнняў. Напрыклад, з нядаўняга. Падчас рэйдавых мерапрыемстваў у спыненым транспартным сродку знойдзена 140 літраў выкрадзенага паліва.
Немагчыма ўявіць ахоўную службу без надзейных чатырохногіх памочнікаў. Кінолаг і сабака – дзейсны тандэм у супрацьстаянні злачынствам. Міліцыянер-кінолаг Дзмітрый Машэй у сваім напарніку Лордзе ўпэўнены на ўсе сто. Дарэчы, як адзначае Аляксандр Хітрык, хутка Іван Грыцкевіч таксама атрымае адпаведную спецыялізацыю і прывядзе ў каманду вартаўнікоў свайго новага чатырохногага сябра – нямецкую аўчарку Дэйзі, якая да службы поўнасцю падрыхтавана.
– Прыемна, што наш калектыў папаўняецца маладымі сіламі, якія мэтанакіравана жадаюць звязаць жыццё са службай у міліцыі. Аляксандр Лапуноў, Дзяніс Пілецкі, Павел Касцюк у нас з нядаўняга часу, але паспелі зарэкамендаваць сябе добрымі спецыялістамі. У кожным супрацоўніку аддзялення ўпэўнены. Надзейныя, моцныя, валявыя – не падвядуць. Дарэчы, мы заўжды адкрыты для тых, хто таксама жадае трапіць у аддзяленне па ахове. Галоўнае, каб патрабаванні да патэнцыяльнага супрацоўніка (да 25-ці гадоў, адпаведнае здароўе, маральна-дзелавыя якасці, пажадана пасля армейскай службы) былі выкананы. За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся па нумарах 8-033-608-05-38, 6-04-88 або 2-18-12, – адзначае Аляксандр Хітрык.
Побач з навічкамі тыя, хто не адно дзесяцігоддзе на вартавым пасту, – міліцыянер-вадзіцель Валерый Зуйкевіч, міліцыянер страявога падраздзялення Віталій Болтуць, вядучы спецыяліст групы сродкаў і сістэм аховы Алег Рушніцкі.
Трывалае супрацоўніцтва працягваецца і на «грамадзянцы», калі так можна сказаць. Ветэраны службы заўжды ў страі. На сувязі з калегамі былыя кіраўнікі падраздзялення Валянцін Якубец, Станіслаў Марчык, Іван Назараў, Міхаіл Прыгуноў.
Дзень, ноч, двое сутак дома – прыкладны графік многіх супрацоўнікаў. І ў такім рытме, часам здаецца, жыве надзейны тыл – сям’я. Дома заўжды чакаюць, хвалююцца, як прайшло чарговае дзяжурства, ці многа было спрацовак, чаму тэлефон так доўга недаступны. Тата, дзядуля, брат, муж, сын…– за кожнага баліць сэрца, бо блізкія разумеюць, наколькі аддае сябе кожны супрацоўнік такой неабходнай грамадству справе.
– Шчырыя віншаванні і словы падзякі калектыву, нашым ветэранам – за службу, абавязак Радзіме, які днём і ноччу вы аддаяце, за мужнасць і адказнасць, за тое, што пацвердзілі вернасць сваёй краіне! Дзякуй вашым сем’ям за разуменне, падтрымку, за тое, што заўжды ў адным страі са сваімі роднымі. Здароўя і моцнага адзінства! – цёплыя словы ад Аляксандра Хітрыка.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.